Logo Polskiego Radia
Print

Сьляпы вучыць дзяцей

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.01.2015 16:29
Настаўнік гісторыі некалькі гадоў скрываў сваю сьлепату, вёў урокі, вучыў у школе.

/

Сьляпы, які бачыць. Гэта роля жыцьця Мацея Бялка (Maciej Białek), настаўніка – чытаем у выданьні Polska – The Times. Газэта апісвае настаўніка гісторыі, які некалькі гадоў скрываў сваю сьлепату, вёў урокі, вучыў у школе. На падставе яго біяграфіі ў Польшчы зьняты фільм пад назваю „Carte blanche”. Прэм’ера карціны – праз тыдзень.

Цяжка паверыць, што настаўнік, які страціў зрок у выніку хваробы, мог чатыры гады рабіць выгляд, што ён бачыць. Бялэк “бачыў” рукамі, вывучаў, дзе і як стаяць прадметы, хадзіў па сьценцы або пад руку з настаўніцамі, якія ведалі пра яго хваробу. Сябры памагалі правяраць сшыткі, чыталі яму ў слых працы вучняў. Але раней ці пазьней трэба было прызнацца. Дырэктарка школы, у якой працаваў Бялэк, прызнае, што яна ня спала некалькі начэй, калі даведалася пра яго хваробу і неабходна было прыняць рашэньне, ці звальняць. Вучні вельмі палюбілі свайго настаўніка за яго пачуцьцё гумару, стыль вядзеньня ўрокаў, веды. І дырэктар вырашыла пакінуць яго на працы. Ён вучыць да гэтае пары.

Сам настаўнік гаворыць, што ён не хацеў прызнацца ў хваробе, каб не атрымаць бірку інваліда. “Такі чалавек мае пэнсію – завысокую, каб памерці, але замалую, каб жыць. Адмаўляецца ня толькі ад працы, але таксама ад часткі сябе. Калецтва паніжае пачуцьцё ўласнай каштоўнасьці”, - адзначае Бялэк. Ён доўга не хацеў згадзіцца, каб пра яго зьнялі фільм, баяўся, што перастане быць звычайным чалавекам, яго пачнуць пазнаваць на вуліцах. Але згадзіўся. “Гэта фільм не пра мяне, а пра праблему, - адзначае Бялэк. – З цяжкасьцю можна справіцца, агромнай працай, але можна. Калі зачыняюцца дзьверы, адчыняюцца іншыя. Пытаньне ў тым, ці мы захочам у іх увайсьці”, - гаворыць невідучы настаўнік.

Polska – The Times/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт