Logo Polskiego Radia
Print

У красавіку браты з Тэзэ прыедуць у Беларусь

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 04.01.2015 13:30
  • браты з Тэзэ.mp3
Прадстаўнікі супольнасьці хочуць правесьці Вялікдзень з праваслаўнымі ва Ўсходняй Эўропе.
Хрест з ТезеХрест з ТезеWikipedia/CC BY-SA 3.0/Surfnico

Браты зь міжнароднай экуманічнай хрысьціянскай Супольнасьці з Тэзэ правядуць праваслаўны Вялікдзень у 2015 годзе разам з маладымі людзьмі з Расеі, Беларусі і Ўкраіны. Пра гэта 30 сьнежня ў Празе заявіў прыёр Супольнасьці Тэзэ брат Алёіс. Гэта павінна быць выразам духоўнай салідарнасьці моладзі з Заходняй і Цэнтральнай Эўропы з аднагодкамі на Ўсходзе Эўропы.

,,Сярод нас ёсьць маладыя людзі з Расеі, Беларусі і Ўкраіны, якія належаць да розных Касьцёлаў. Мы ўсе ведаем, што Хрыстос – гэта нашая надзея й наш мір”,- сказаў брат Алёіс падчас 37-й Эўрапейскай сустрэчы маладых, якая надоечы прайшла ў сталіцы Чэхіі.

Законьнік дадаў, што разам зь некалькімі братамі з Супольнасьці Тэзэ й моладзьдзю з розных краін эўрапейскага кантынэнта ён накіруецца з паломніцтвам ва Ўсходнюю Эўропу, каб там сьвяткаваць уваскрасеньне Хрыста, якое сёлета ў Праваслаўнай царкве выпадае праз тыдзень пасьля каталіцкага Вялікадня.

Паводле папярэдняй праграмы, паломнікі правядуць Вялікодную нядзелю - 12 красавіка - у Маскве, а затым на 13-14 красавіка пабываюць у Менску, а ад 15 да 19 - у Кіеве й Львове.

„Для ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве запрашаюцца маладыя людзі з усёй Эўропы”, - падкрэсьліў брат Алёіс.

У сустрэчы ў Празе, якая завяршылася 1 студзеня 2015 году, удзельнічала каля 30 тысяч маладых людзей з больш чым 60 краін кантынэнта, а нават з-за яго межаў.

З Украіны ў чэскую сталіцу прыехалі больш амаль 2,5 тысячы чалавек. Гэта была другая пасьля палякаў найбуйнейшая нацыянальная група, якая ўдзельнічала ў гэтым мерапрыемстве.

Зь Беларусі ў Празе пабывалі каля 1 100 чалавек, а з Расеі - амаль 200 маладых людзей.

Сёлетняя Эўрапейская сустрэча маладых прайшла пад лёзунгам: „Вы соль зямлі”. Кожны дзень мерапрыемства гэта была тэма малітваў і аналізаў яго ўдзельнікаў.

Словы прывітаньня да ўдзельнікаў сустрэчы накіраваў традыцыйна Папа Францішак, а таксама прадстаўнікі розных канфэсіяў й Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун.

аз

Сыльвэстар у айцоў паўлінаў

У санктуарыі ў Лясьнёве штогод вернікі сустракаюць Новы год на набажэнстве.

Ня толькі на балях ці бяседах зь сябрамі Новы год сёлета сустракалі жыхары й турысты раёну Кракаўска-чэнстахоўскай юры, на поўдні Польшчы.

Як ужо многія гады манахі - паўліны зь Лясьнёва каля Жарак запрашалі правесьці навагоднюю ноч у Санктуарыі Благаславёнай сям’і.

Апоўначы ў Сыльвэстра (так палякі называюць дзень перад Новым годам) у мясцовай сьвятыні традыцыйна служыцца навагодняе набажэнства з блаславеньнем на ўвесь новы год.

Айцец Ежы Келех – прыёр закона паўлінаў у Лясьнёве падкрэсьлівае, што такая форма разьвітаньня са старым годам адпавядае многім людзям.

айцец Ежы Келех: Прыходзіць шмат людзей, перш за ўсё, гэта адзінокія або старэйшыя асобы, але таксама тыя, хто па-розных прычынах ня ўдзельнічае ў навагодніх імпрэзах. Прычынай можа быць жалоба або складаная сямейная сытуацыя.

Айцец Келех падкрэсьлівае, што на мінулы год нельга глядзець выключна праз прызму дрэнных падзеяў, як вайна ва Ўкраіне, злачынствы джыхадыстаў Іслямскай дзяржавы, высокі ўзровень беспрацоўя ці праблем з мэдыцынскімі паслугамі.

айцец Ежы Келех: Нельга забываць пра тое, што былі таксама станоўчыя падзеі. Калі б мы толькі памяталі пра складаныя сытуацыі, забываючы пра тое, што добрае, то мы маглі б страціць сэнс жыцьця – яго каштоўнасьць. А ўжо найгорш было б тады, калі б мы страцілі надзею.

Айцец Ежы Келех перадаў палякам навагоднія пажаданьні.

айцец Ежы Келех: Я б хацеў перадаць шчырыя й сардэчныя пажаданьні з санктуарыя ў Лясьнёве. Перш за ўсё, жадаю апекі Божай Маці – заступніцы сем’яў, а таксама ўсіх божых ласкаў. Усяго гэтага жадаю на Новы год, у якім напэўна будзе шмат цяжкой працы, але таксама радасьці й дабра, якія напэўна за гэты час зьявяцца.

Традыцыя радаснай навагодняй забавы сягае 999 году, у якім, паводле легенды, з-за дракона Левіятана павінен быў наступіць канец сьвету.

Людзі з трывогай чакалі апошніх хвілінаў мінаючага году й таго, што адбудзецца. А паколькі нічога не адбылося, яны шчасьлівыя сьвяткавалі aжно да сьвітаньня. Гэта адбылося ў часы пантыфікату Папы Сыльвэстра.

аз

Кім быў заступнік Навагодняй гульні?

Падчас пантыфікату Папы Сыльвэстра І у Ніцы адбыўся Першы сабор.

Сьвяты Папа Сыльвэстар зьяўляецца патронам апошняга дня каляндарнага году. Па паходжаньні ён быў рымлянінам, які нарадзіўся, верагодна, у час пантыфіката Папы рымскага сьв. Марсэля.

Сьвяты Сыльвэстар замяніў на Апостальскім пасадзе Папу Мэльхіяда - біскупа Рыма ў гады 311- 314. Папа Сыльвэстар засядаў на Сьвятым пасадзе 21 год.

Пасьля Мілянскага эдыкта, які закончыў эпоху ганеньня хрысьціянаў у Рымскай імпэрыі, ён распачаў арганізацыю Божага культу.

Паводле яго пастановы, хрысьціянскае духавенства было звольненае з выконваньня дзяржаўных функцый, рашэньні біскупскіх судоў абавязвалі хрысьціянаў у паасобных раёнах, а нядзеля стала афіцыйным дзяржаўным сьвятам, нагадае, айцец дамініканец Станіслаў Тасемскі.

айцец Станіслаў Тасемскі: Падчас яго пантыфікату адбыўся Першы Нікейскі сабор. Аднак у сувязі з пажылым узростам Папа Сыльвэстар І не удзельнічаў у гэтай падзеі асабіста. Тым ня менш ён накіраваў у Ніцу 256 сваіх прадстаўнікоў. Пазьней, на сынодзе ў Рыме, ён зацьвердзіў ухвалы, прынятыя саборам. Між іншым, падчас сабору быў прыняты Нікейскі сымбаль веры, які па сёньняшні дзень вернікі гавораць падчас Сьвятой імшы. Апрача таго, быў абвешчаны дагмат аб боскасьці Сына й яго роўнасьці Айцу. Былі таксама ўведзеныя аднолькавыя нормы па сьвяткаваньні Вялікдня ва ўсіх касьцёлах.

Папа Сыльвэстар памёр 31 сьнежаня 335 году. Яго сьвята адзначаецца ў касьцёле з V стагодзьдзя. Астанкі Папы былі пахаваныя ў катакомбах сьв. Прысцылі, дзе ў VII стагодзьдзі была пабудаваная базыліка ў яго гонар.

У цяперашні час мошчы сьвятога знаходзяцца паблізу горада Мадэна. Сьвяты Сыльвэстар зьяўляецца заступнікам гэтага горада й мясцовай дыяцэзіі.

Яму пакланяюцца вернікі, якія моляцца за добры ўраджай і шчасьлівы Новы год.

Іканаграфія ўяўляе сьвятога Сыльвэстра I у папскай вопратцы, або папскай тыяры й чырвоным паліто. Яго атрыбутамі зьяўляюцца: касьцёл, кніга, крыж, тыяра, зьмяя з кнігай і цмок ля яго ног.

аз



Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт