Logo Polskiego Radia
Print

6 студзеня – прэм’ера гімна Сусьветных дзён моладзі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 28.12.2014 14:00
  • 6 студзеня.mp3
Прэм’ера гімна адбудзецца на Рынкавай плошчы ў Кракаве падчас Шэсьця трох каралёў.
Krakow - photo CCKrakow - photo CC

У сьвята Трох Каралёў адбудзецца прэм’ера гімна Сусьветных дзён моладзі, якія ў 2016 годзе пройдуць у Кракаве. Гаворка ідзе пра песьню „Блаславёныя міласэрныя”, якая была выбраная з амаль ста прапаноў.

Прэм’ера гімна адбудзецца на Рынкавай плошчы ў Кракаве падчас Шэсьця трох каралёў.

Прэзэнтацыя песьні зацягвалася, таму што Папская Рада па справах сьвецкіх запатрабавала ўнясеньня некаторых зьменаў у ейны тэкст. Зьмены былі нязначныя, кажа ксёндз Томаш Кіёўскі - кіраўнік прэс-службы Сусьветных дзён моладзі.

кс. Томаш Кіёўскі: Агулам кажучы, гаворка ідзе пра дзьве страфы. Зьмены першапачаткова мелі сапраўды мінімальны характар. Гаворка ішла пра словы ці выражэньні. Але паколькі аўтар прытрымліваўся ідэі, што тэкст павінен быць цытатай са Сьвятога Пісаньня, то ў некаторых выпадках прыйшлося памяняць амаль усю страфу.

Ксёндз Томаш Кіёўскі перакананы, што песьню аўтарства Якуба Блыхажа вернікі будуць сьпяваць ахвотна.

кс. Томаш Кіёўскі: Слова „гімн” можа крыху ўводзіць у зман – на гэта зьвяртаў увагу таксама Ватыкан. Гаворка ідзе пра твор, які хутка запамінаецца. Тым ня менш, я лічу, што нашая песьня спалучае ідэю гімна (яна ўзьнёслая) з моладзевай свабодай ды мэлядычнасьцю.

6 студзеня на рынку ў Кракаве гімн выканае хор у суправаджэньні аркестра.

аз

Праваслаўная моладзь дапамагае малазабясьпечаным сем’ям

Валянтэры зьбіралі грошы на пакупку асноўных прадуктаў харчаваньня.

Брацтва праваслаўнай моладзі ў Польшчы арганізавала сьвяточны збор ахвяраваньняў. Ля беластоцкіх храмаў вернікаў чакалі валаянтэры, якія зьбіралі грошы на пакупку прадуктаў харчаваньня для малазабясьпечаных сем’яў.

„За сабраныя грошы мы купілі прадукты харчаваньня. У мінулым годзе мы зрабілі каля 400 перадачаў, але для ўсіх не хапіла,”- кажа каардынатар збору Хрыстафор Шарамэта.

У пакетах для малазабясьпечаных сем’яў знайшліся асноўныя харчовыя прадукты: мука, алей, макароны, цукар, кансэрвы ды цукеркі.

Валянтэры Брацтва праваслаўнай моладзі ў Польшчы раздавалі пакеты з 22-га па 24-га сьнежня ў сваім цэнтры ў Беластоку.

racyja.com/аз

Закон францысканцаў - банкрут

Ватыкан праводзіць па гэтай справе дэталёвае расьсьледаваньне.

Ватыкан заняўся банкруцтвам закона францысканцаў, да якога дайшло ў часе, калі законам кіраваў цяперашні сакратар Кангрэгацыі законаў брат Хасэ Родрыгес Карбалё.

Дэталёвае расьсьледаваньне, якое загадаў пераемнік Карбалё Майкл Пэры, датычыць усяго тэрміну паўнамоцтваў гішпанца ў законе.

Тым часам італьянскія СМІ адзначаюць, што пасьля таго, як брат Хасэ Родрыгес Карбалё апынуўся на пасадзе сакратара Кангрэгацыі законаў у Ватыкане выдаў указ з мэтай прадухіленьня неасьцярожнага выдаткоўваньня грошай.

Цяперашнія ўлады закона францысканцаў не паведамляюць пра дакладную суму выяўленага ў касе дэфіцыту.

Тым ня менш, неафіцыйна гаворка ідзе пра „дзясяткі мільёнаў эўра”. Камэнтатары зьвяртаюць увагу, што адмоўная фінансававая сытуацыя закона - гэта, між іншым, вынік адкрыцьця эксклюзыўнага гатэля ля плошчы сьвятога Пятра ў Ватыкане.

Апрача таго, швэйцарская пракуратура канфіскавала некалькі рахункаў францысканцаў, таму што яны інвэставалі ў кампаніі, якія падазраюцца ў незаконных фінансавых апэрацыях.

Паводле аглядальнікаў, менавіта ў гэтых фірмах патанулі дзясяткі мільёнаў эўра.

аз

Створана Лідзкая епархія БПЦ

Рашэньне прыняў сынод Рускай Праваслаўнай Царквы на паседжаньні 25 сьнежня.

Сынодам Рускай Праваслаўнай Царквы, паседжаньне якога адбылося 25 сьнежня пад кіраўніцтвам Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, было прынята рашэньне стварыць у межах Гарадзенскай вобласьці новую епархію Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Лідзкая епархія ўтвараецца ў межах Іўеўскага, Лідзкага, Астравецкага, Ашмянскага й Смаргонскага раёнаў Гарадзенскай вобласьці.

Епархіяльны архірэй Лідзкай епархіі будзе мець тытул „Лідзкі й Смаргонскі”, ім абраны іераманах Парфірый (Праднюк).

church.by/catholic.by/аз

Канфэсіянал перад гандлёвым цэнтрам

Такім чынам сьвятар прапанаваў людзям адумацца перад Калядамі.

Ксёндз Яцэк Стрычэк наладзіў перад адным з гандлёвых цэнтраў у Кракаве канфэсіянал і штучны пляж ды заахвочваў мінакоў скарыстацца сакрамэнтам пакаяньня перад Калядамі.

Такім чынам сьвятар хацеў зьвярнуць увагу на перадкалядную мітусьню й сьпешку. Ён таксама хацеў нагадаць кліентам, што існуе іншы сьвет, дзе яны могуць дазволіць сабе на адпачынак.

„Гаворка ідзе пра тое, што шчасьце – гэта даваць, а не атрымліваць. Калісьці падрыхтоўка да сьвятаў выглядала зусім інакш. На час адвэнту людзі прымалі нейкія пастановы й працавалі над сабой. Была таксама традыцыя прадумаць сямейныя адносіны: людзі паясьнялі канфлікты й даравалі адзін аднаму віны. Сёньня, перад Калядамі людзі засяроджваюцца выключна на пакупках”, - кажа сьвятар, дадаючы, што набыткі не зьяўляюцца сэнсам сьвятаў.

Ксёндз Яцэк Стрычэк зьяўляецца пастырам дзелавых людзей і заснавальнікам Асацыяцыі „Вясна”, якая арганізоўвае перадкалядную кампанію падтрымкі бедных „Высакародны падарунак”.

Апрача таго, кракаўскі сьвятар вядомы шматлікімі іншымі акцыямі.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт