Чэскія габрэі ня хочуць Пуціна ў Празе
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
23.12.2014 15:12
Частка мерапрыемстваў 70-годзьдзя вызваленьня канцлягера „Auschwitz” адбудзецца ў Чэхіі.
Чэскія габрэі выступаюць супраць запрашэньня прэзыдэнта Расеі на мерапрыемствы з нагоды 70-й гадавіны вызваленьня гітлераўскага канцлягера „Auschwitz”. Частка прымеркаваных да гэтай гадавіны урачыстасьцяў адбудзецца ў Празе й былым канцлягеры ў Тэрэзіне, нагадвае выданьне „Gazeta Wyborcza”.
„Фэдэрацыя габрэйскіх суполак у Чэхіі лічыць прысутнасьць прэзыдэнта Пуціна на цырымоніі Дня памяці ахвяраў Халакосту 27 студзеня 2015 году ў Празе й Тэрэзіне, непрымальнай”, - заявіла 17 сьнежня Рада Фэдэрацыі габрэйскіх абшчын у Чэскай Рэспубліцы.
„Рэжым, які ўвасабляе Ўладзімір Пуцін, не прытрымліваецца міжнародных пагадненьняў, праводзіць агрэсіўную зьнешнюю палітыку й сілай акупуе тэрыторыю суседняй дзяржавы. Мы хочам, каб грамадзкая думка ведала, што з запрашэньнем яго ў Прагу Фэдэрацыя габрэйскіх абшчын Чэхіі ня мае нічога агульнага”, - паведамілі габрэйскія актывісты.
Нагадаем, Уладзіміра Пуціна на саміт кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, які пройдзе пры нагодзе 70-й гадавіны вызваленьня канцлягера „Auschwitz”, у Прагу запрасіў прэзыдэнт Мілаш Зэман. Палітычная частка мерапрыемстваў, у тым ліку сустрэча 50-ці прэзыдэнтаў і прэм’ераў, адбудзецца ў студзені не ў Польшчы, а ў Чэхіі.
Пакуль невядома, ці Ўладзімір Пуцін, якога празаходняя частка чэхаў намерваецца сустрэць у Празе антыкрамлёўскімі дэманстрацыямі, канчаткова прыме запрашэньне. Яго прыезд у Прагу да гэтай пары ня быў пацьверджаны, інфармуе выданьне „Gazeta Wyborcza”.
аз