У сьвяточны пэрыяд мы як правіла шмат часу праводзім з нашымі блізкімі – за сьвяточным сталом, на розных мерапрыемствах з нагоды Новага году ды Калядаў. Варта пры гэтым задумацца, як складваюцца нашыя адносіны з роднымі, ёсьць таксама час на задуму пра ўласнае жыцьцё, ці мы сьвядома яго пражываем.
Як жыць разумна, як разумна фармаваць сваё жыцьцё, як пазьбягаць такіх фактараў, якія дрэнна ўплываюць на наша псыхічнае здароўе. У дзяцінстве мы вучымся розным рэчам – чысьціць зубы, мыць рукі, правільна харчавацца і гэтак далей. Але ніхто ня вучыць нас, як клапаціцца пра псыхічную гігіену. Ці гэтаму можна навучыцца? З гэтым пытаньнем зьвяртаемся да псыхоляга Марыі Роткель.
М. Роткель: У гэтым заключаецца сэнс псыхатэрапіі – што мы можам свае навыкі зьмяняць. Важна зьмяніць схемы мысьленьня, якія дэтэрмінуюць нашыя паводзіны. Калі ў маёй галаве ёсьць схема “людзі дрэнныя”, то лёгка здагадацца, як гэта будзе ўплываць на мае адносіны з атачэньнем. Адкуль бяруцца такія схемы? З нашага дзяцінства, з таго, што мы чулі дома. Жацьцё многіх пакаленьняў палякаў было цяжкім, у нас трагічная гісторыя, але цяпер нам жывецца намнога лепш, няма вайны, акупацыі, ужо няма падставаў захоўваць тыя старыя схемы. Мы павінны зразумець, якія правілы і клішэ намі кіруюць, інакш нам не ўдасца гэтага зьмяніць.
Падыход да жыцьця і іншых людзей фармуецца ў дзяцінстве, нават самым раньнім. Але бацькі часта не зьвяртаюць увагі на тое, як звяртаюцца да дзіцяці і што яму гавораць, - дадае псыхатэрапеўт Мая Паліткоўска.
М. Паліткоўска: Калі маці сама ўсяго баіцца, і напрыклад, не дазваляе дзіцяці ўвайсьці на гушкалу, папярэджвае – глядзі, упадзеш і будзе больна, і такія паводзіны паўтараюцца, то гэта ўплывае на далейшае жыцьцё дзіцяці, а пазьней дарослага. Ён, скажам, будзе баяцца шукаць новую, лепшую працу, бо і так не ўдасца, і будзе больна. Перадача такіх схем паводзінаў паміж пакаленьняў адбываецца па-за нашай сьвядомасьцю. І таму мы ня ведаем, як паказаць дзецям, як яны павінны жыць, каб было добра.
У сучаснай псыхалёгіі часта зьвяртаецца ўвага на тое, каб старацца як мага часьцей гаварыць іншым прыемныя рэчы, хваліць дзяцей, зьвяртаць увагу на іх моцныя бакі. Але таксама вельмі важна ўмець гаварыць пра нэгатыўныя эмоцыі. Калі мы хаваем агрэсію, злосьць, гэта адбіваецца на нашым здароўі.
М. Паліткоўска: У тваім жыцьці адбываецца нешта, што выклікае твой гнеў. Падумай, што цябе злуе, чаму гэтая сытуацыя так на цябе ўплывае, падумай, што ты мог бы зрабіць з гэтымі эмоцымі. Трэба пачаць ад названьня эмоцый – што я адчуваю. Пазьней знайдзі крыніцу, генэзіс, падумай, чаму як-раз гэты чалавек, гэтая сытуацыя так на цябе ўзьдзейнічае, і спрабуй вырашыць праблему. Сама па сабе злосьць не такая дрэнная, як часта гавораць малым дзецям. Але мы не ўмеем справіцца са злосьцю, яна зьбіраецца, а праз пару гадоў аказваецца, што ў мяне павышаны ціск, язва або іншая псыхасаматычная хвароба.
А што найбольш дэструктыўна ўплывае на нашу псыхіку? Адсутнасьць сэнсу і мэты нашай дзейнасьці – мяркуе Мая Паліткоўска.
М. Паліткоўска: Калі наша жыцьцё круціцца вакол спажывецтва, яно не нясе нам сэнсу. Мэты павінны быць разумныя, каб палова жыцьця не прайшла ў пагоні за чымсьці абсалютна непатрэбным. Акрамя гэтай сфэры, важныя таксама адносіны з іншымі людзьмі. Чалавек – стадная істота, для яго вельмі важна быць сярод іншых. Калі мы не клапацімся пра добрыя кантакты з іншымі, гэта становіцца прычынай вялікага дыскамфорту і суму ў нашым жыцьці.
Многія людзі жывуць у пастаянным стрэсе, паколькі яны выдаткоўваюць больш, чым зарабляюць, выплочваюць раты крэдыту за кватэру, машыну і г.д. Перад тым, як браць пазыку, варта падумаць, ці гэтая рэч на пэўна мне патрэбная. Хранічны стрэс уплывае як на здароўе, так і адносіны з іншымі.
М. Роткель: Я адчуваю пастаяннае занепакаеньне, мне ўвесь час баліць галава, няма сілы раніцай устаць з ложка, няма ідэй, як пражыць сваё жыцьцё. Па нітачцы трэба дайсьці да прычыны. А прычына часта знаходзіцца ў нас саміх. Мы зашмат бярэм на свае плечы, зашмат ад сябе патрабуем, на некаторыя сфэры жыцьця надта моцна націскаем. Не заўсёды гэтая новая машына зробіць нас шчасьлівымі, лепш падумаць, ці раты крэдыту ня зробяць нас нешчасьлівымі. І з такімі праблемамі людзі зьвяртаюцца да псыхіатраў – у іх пачуцьцё віны, што зашмат працуюць, не маюць часу для дзіцяці, псуюцца адносіны зь блізкімі.
Калі падсумаваць парады псыхоляга і псыхатэрапеўта Марыі Роткель і Маі Паліткоўскай, то скажам так: для нашага псыхічнага здароўя важныя раўнавага паміж працай і кантактамі з блізкімі, адсутнасьць бяздумнай пагоні за матэрыяльнымі рэчамі, давер і пазытыўны падыход да іншых людзей.
нг