Logo Polskiego Radia
Print

Арцыбіскуп Кандрусевіч згуляе ў футбол

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 23.11.2014 13:00
  • Арцыбіскуп Кандрусевіч.mp3
ІІІ Чэмпіянат па міні-футболе сярод каталіцкіх сьвятароў Беларусі пройдзе ў Маладзечне 24 лістапада.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч стане ўдзельнікам ІІІ Чэмпіянату па міні-футболе сярод каталіцкіх сьвятароў Беларусі.

Турнір пройдзе ў Маладзечне 24 лістапада. Удзел у ім пацьвердзілі ўсе чатыры дыяцэзіі Беларусі.

Удзельнікам чэмпіянату ў трэці раз стане й мітрапаліт менска-магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

„Удзел у чэмпіянаце пацьвердзілі прадстаўнікі ўсіх дыяцэзій Беларусі. Формула турніра: кожная каманда згуляе з кожнай наступнай”, - распавёў ксёндз Павел Салабуда, адзін з арганізатараў турніра.

Маладзечна стала трэцім па ліку горадам, які зьбірае вакол сябе футбольных заўзятараў сярод каталіцкага духавенства. Упершыню чэмпіянат па міні-футболе сярод беларускіх каталіцкіх сьвятароў прайшоў у Лідзе ў 2012 годзе, летась турнір праходзіў у Лепелі.

Пераможцамі абодвух турніраў станавілася футбольная каманда сьвятароў з Гарадзенскай дыяцэзіі.

catholic.by/аз

Генпракурор Дамініканы прыедзе ў Польшчу

У Варшаве ён абмяркуе пытаньне выпадкаў пэдафіліі сярод сьветароў.

У Польшчу прыедзе Генэральны пракурор Дамініканскай Рэспублікі Франсіска Дамінгес Брыто. У Варшаве ён сустрэнецца зь Генэральным пракурорам Польшчы Анджэем Сэрэмэтам, - паведаміў прэс-сакратар польскай генпракуратуры Матэвуш Мартынюк.

Сустрэча пракурораў абедзьвюх краінаў адбудзецца 1 сьнежня. Сэрэмэт і Брыто абмяркуюць супрацоўніцтва ў галіне крымінальных справаў. Адной з тэмаў размоваў будзе таксама справа ксяндза Войцеха Г.

Польскі сььвятар абвінавачваецца ў зьдзяйсьненьні актаў пэдафіліі як у Польшчы, так і ў Дамініканскай Рэспубліцы. Ён таксама абвінавачаны ў захоўваньні парнаграфічных матэрыялаў з удзелам непаўналетніх.

У мінулым годзе ксёндз Войцех Г. вярнуўся з Дамініканскай Рэспублікі ў Польшчу. Цяпер ён знаходзіцца пад арыштам.

Дамінгес Брыто прыбывае ў Польшчу на запрашэньне Анджэя Сэрэмэта.

аз

БПЦ ня супраць вайсковай службы выпускнікоў сэмінарый

Пра гэта заявіў мітрапаліт Павел падчас сустрэчы з прадстаўнікі Мінабароны.

Выпускнікоў сэмінарый можна адпраўляць на тэрміновую службу ў армію. Такое меркаваньне выказаў на пасяджэньні каардынацыйнага савета па распрацоўцы й рэалізацыі сумесных праграм супрацоўніцтва паміж органамі дзяржаўнага кіраваньня й Беларускай праваслаўнай царквой патрыяршы экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Менскі й Заслаўскі Павел.

„Вельмі дрэнна, што нашыя студэнты не праходзяць вайсковую службу. Яны да старасьці будуць мамчынымі сынкамі. Можа пасьля сэмінарыі, каб не парушаць працэс вучобы, трэба адпраўляць іх у армію”, - сказаў мітрапаліт Павел.

На пасяджэньні прадстаўнікі Мінабароны й Беларускай праваслаўнай царквы разгледзелі рэалізацыю сумесных мерапрыемстваў, абмеркавалі вынікі ўзаемадзеяньня Беларускай праваслаўнай царквы з навучальнымі ўстановамі ваеннага ведамства, у тым ліку зь Менскім сувораўскім ваенным вучылішчам і Ваеннай акадэміяй.

Акрамя таго, удзельнікі пасяджэньня вывучылі вопыт работы з дапрызыўной моладзьдзю й падрыхтоўкі яе да службы ў арміі, а таксама актуальныя праблемы аховы маральнасьці й духоўнасьці ў кантэксьце сучасных выклікаў і рызык.

belta.by/аз

Польскі сьвятар прысуджаны ў Ватыкане за махлярства

Апрача турмы ксёндз мусіць вярнуць прысвоеныя сродкі.

Польскі сьвятар айцец Браніслаў Маравец асуджаны ў першай інстанцыі на тры гады й два месяцы пазбаўленьня волі. Прыгавор вынес Ватыканскі крымінальны суд па справе махлярства, якое асуджаны зьдзейсьніў, будучы казначэем у рымскай базыліцы Санта Марыя Маджорэ.

Інфармацыю, якую спачатку апублікавалі ў прэсе, пацьвердзіў прэс-сакратар Ватыкана Фэдэрыка Лямбардзі.

Апрача турэмнага зьняволеньня Ватыканскі крымінальны суд таксама аштрафаваў польскага сьвятара, які павінен вярнуць базыліцы 250 тысяч эўра. Гэта прыкладна на 40 тысяч эўра больш, чым ён прысвоіў шляхам незаконных апэрацый, якія ён зьдзяйсьняў пры дапамозе фіктыўнай кансалтынгавай фірмы, якая нібыта была зарэгістраваная ў Швэйцарыі.

Інцыдэнт меў месца ў 2009 годзе й датычыў купленай сьвятаром Мараўцам нерухомасьці ў цэнтры сталіцы Італіі. У выніку гэтай апэрацыі сьвятар зарабіў згаданыя 210 тысячаў эўра.

Махлярства было выяўленае ў мінулым годзе, калі кардынал, які адказвае за базыліку Санта Марыя Маджорэ, былы апостальскі нунцый у Аргентыне, а прыватна - сябра Папы рымскага Францішка, заўважыў касавую нястачу. Ня доўга думаючы, іерарх накіраваў справу ў крымінальным суд Ватыканскай дзяржавы.

Жорсткае пакараньне польскага сьвятара, якi ўжо ўнёс апэляцыю, італьянскія СМІ ўспрымаюць у якасьці доказу новага курсу ў адносінах Папы з духавенствам.

аз


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт