Logo Polskiego Radia
Print

„Caritas Polska” дапамагае бежанцам з Сырыі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 16.11.2014 14:00
  • дапамага бежанцам.mp3
Арганізацыя зьвяртае ўвагу на асабліва драматычную сытуацыю ў Лібане.

Сытуацыя хрысьціянаў у Сырыі драматычная й пагаршаецца ў сувязі з узброеным канфліктам, які ўжо амаль тры гады таму пачаўся паміж сіламі ляяльнымі прэзыдэнту й баевікамі.

Паводле Папскай арганізацыі дапамогі Касьцёлу ў патрэбе, іслямісты хочуць пазбавіцца ў гэтым рэгіёне ад хрысьціянаў.

Баючыся перасьледу, жыхары масава зьбягаюць з краіны. Цяпер вялікая іх колькасьць пражывае ў прыватнасьці, у лягерах у Лібане й Ярданіі.

Бежанцам ужо два гады стараецца дапамагчы дабрачынная арганізацыя „Caritas Polska”.

Ейны прэс-сакратар Павэл Кэнска кажа пра асабліва драматычную сытуацыю ў Лібане.

Павел Кэнска: Самая складаная сытуацыя назіраецца ў Лібане, дзе на 4 мільёны грамадзянаў выпадае амаль 2 мільёны бежанцаў. У гэткай сытуацыі ўсе дзяржаўныя сыстэмы сацыяльнага забесьпячэньня спынілі дзейнасьць. У Лібане нашая арганізацыя фінанасвала адкрыцьцё дзьвюх стаматалягічных клінікаў для бежанцаў, летнікаў для сырыйскіх і лібанскіх дзяцей. Мы заснавалі таксама цэнтар дапамогі ўцекачам і плянуем рэалізацыю іншых праектаў.

Акрамя таго, у Ярданіі „Caritas Polska” сумесна зь Міністэрствам замежных спраў дапамагала дзецям уцекачоў. Гэта былі малыя мусульмане, якіх бацькі таксама вырашылі зьбегчы з Сырыі.

Павел Кэнска: Дзеці – гэта найбольш сур’ёзныя ахвяры гэтай вайны. Камэнтатары кажуць нават пра страчанае пакаленьне дзяцей без адукацыі, якія жывуць у страху за бліжэйшую будучыню. Яны бачаць, што іхныя бацькі не спраўляюцца з рэчаіснасьцю. Шмат сьведчыць пра тое, што яны таксама ў будучыні будуць змагацца з рознымі праблемамі. Менавіта таму цягам апошніх двух гадоў мы праводзілі на месцы праграмы адукацыяна й сацыялізацыйнага характару.

„Caritas Polska” таксама дапамагла ўнутраным бежанцам у самой Сырыі. У тым ліку, фінансавала працу мэдыцынскага цэнтра ў Дамаску й рыхтавала сьвяточныя падарункі для дзяцей.

Нагадаем, 9 лістапада Каталіцкі касьцёл у Польшчы адзначаў Дзень малітвы за хрысьціянаў, якіх перасьледуюць у сьвеце. Сёлета гэты дзень адмыслова прысьвячаўся хрысьціянам у Сырыі.

аз

У Пінску створана выстава пра Казіміра Сьвёнтка

Матэрыяльных сродкаў кардынал ніколі не назапашваў, кажуць арганізатары.

Пінскі касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі запрашае наведаць выставу, прысьвечаную першаму беларускаму кардыналу Казіміру Сьвёнтку.

Экспазыцыю стварылі ў гонар стагодзьдзя ерарха, які на працягу году адзначае беларускі Каталіцкі касьцёл. Кардынал ня меў матэрыяльнага багацьця, таму экспанаты маюць выключна гістарычную каштоўнасьць, адзначыла адна з арганізатарак выставы Валянціна Марціновіч.

„Экспанаты – гэта архіў, гэта фотаздымкі, Мальтыйскі ордэн, гэта розныя выданьні з публікацыямі пра кардынала. Матэрыяльных сродкаў ён ніколі не назапашваў. Гэта была асоба, якая шмат зрабіла для разьвіцьця Каталіцкага касьцёла ў Беларусі”, - кажа Валянціна Марціновіч.

Кардынал Сьвёнтак за вернасьць Богу прайшоў праз сталінскія лягеры. У 1954 годзе вярнуўся з 10-гадовай высылкі і ўжо ў сьнежні разам зь вернікамі адрадзіў дзейнасьць Касьцёла. Ерарх памёр у Пінску 21-га ліпеня 2011 году на 97-м годзе жыцьця. Пахаваны ў крыпце касьцёла Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі.

racyja.com/аз

У Полацку заканчваецца Фэстываль праваслаўнай культуры

Мерапрыемства пачало сваю гісторыю з 2008 году.

З 9 па 16 лістапада ў Полацку праходзіў Фэстываль праваслаўнай культуры „Кладезь”.

У рамках фэстывалю арганізатары падрыхтавалі разнастайную духоўна-асьветную праграму, мерапрыемствы якой праходзілі ва ўстановах адукацыі, культуры й мэдыцыны, аддзяленьні дзённага знаходжаньня інвалідаў, вайсковых часьцях, аддзеле ўнутраных спраў райвыканкама.

Палачане й госьці горада маглі наведаць канцэрты й кінапаказы, пабываць на сустрэчы зь пісьменьнікамі, псыхолягамі, пэдагогамі, сьвятарамі.

Па традыцыі фэстываль суправаджала выстава-кірмаш. У Полацку яна разьмяшчалася ў Палацы культуры ААТ „Полацк-Шкловалакно”.

У фэстывальныя дні там праходзілі малебны за здароўе перад абразамі з часьцінкамі мошчаў сьвятых апосталаў Пятра й Паўла, сьвятога пакутніка Панцеляймона, Сімяона Верхатурскага. На выставе былі арганізаваныя паказы лялечнага тэатра „Батлейка” й культурна-гістарычная экспазыцыя – „Скрыпторый” (майстэрня па перапісе рукапісаў у манастырах). Можна было таксама набыць ручныя вырабы, зробленыя ў манастырскіх майстэрнях.

Праваслаўны фэстываль „Кладезь” пачынае сваю гісторыю з 2008 году й за гэты час у яго правядзеньні ўдзельнічалі больш як 60 гарадоў Беларусі.

belta.by/аз

Папа абмеркаваў эпідэмію Эбола з прэзыдэнтам Ганы

Пантыфік сустрэўся зь біскупамі з Сэнэгалу, Маўрытаніі, Каба-Вэрдэ й Гвінэі-Бісау.

Гуманітарны крызыс у Заходняй Афрыцы, выкліканы эпідэміяй Эболы, і іншыя міжнародныя праблемы, абмеркаваў папа Францішак з прэзыдэнтам Ганы Джонам Драмані Махамой, якога прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане 10 лістапада 2014 году.

Афрыканскі палітык сустрэўся таксама з кардыналам Дзяржсакратаром Петра Парoлінам і арцыбіскупам Дамінікам Мамбэрці, які яшчэ працягвае выконваць абавязкі Сакратара па адносінах зь дзяржавамі. На днях апошні быў прызначаны прэфэктам Найвышэйшага Трыбуналу Апостальскай Сыгнатуры.

Падчас перамоваў гаворка ішла пра добрыя адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Ганай, адзначаўся ўклад Касьцёла ў сацыяльную, адукацыйную, мэдыцынскую сфэры жыцьця краіны. Падкрэсьлівалася важнасьць спрыяньня дыялёгу паміж рознымі кампанэнтамі грамадзтва й неабходнасьць клопату аб інстытуце сям’і.

Таксама 10 лістапада папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў рамках візіту „Ad limina Apostolorum” біскупаў з чатырох афрыканскіх краін: Сэнэгалу, Маўрытаніі, Каба-Вэрдэ й Гвінэі-Бісау.

Зьвяртаючыся да ерархаў, Пантыфік адзначыў, што хрысьціяне, нягледзячы на тое, што зьяўляюцца меншасьцю ў гэтых краінах, павінны даваць адважнае й шчодрае эвангельскае сьведчаньне. Асаблівую ўвагу ён зьвярнуў на важнасьць вядзеньня канструктыўнага дыялёгу з мусульманамі – які становіцца ўсё больш неабходным для мірнага суіснаваньня. У той жа час, Касьцёл павінен сьведчыць аб любові Божай да ўсіх, не зважаючы на рэлігійныя адметнасьці ў сваёй сацыяльнай дзейнасьці, падкрэсьліў Францішак.

Сьвяты Айцец нагадаў пра неабходнасьць актыўнага душпастырства сем’яў, бо менавіта ў іх адбываецца навучаньне асновам веры й базавым прынцыпам сацыяльных адносін. „Некаторыя вашы Касьцёлы – маленькія, слабыя, але адважныя й шчодрыя ў абвяшчэньні веры”, - сказаў Пантыфік на заканчэньне сустрэчы.

be.radiovaticana.va/аз





Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт