Logo Polskiego Radia
Print

Зьмены ў законапраект па ўтылізацыі аўтамабіляў адкладваюцца

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 07.11.2014 17:29
  • utylizacja.mp3
Сярод асноўных закідаў найгучней падкрэсьлівалася небясьпека росту шэрай зоны.


Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя прапанавала зьмяненьні ў закон па ўтылізацыі аўтамабіляў у Польшчы. Аднак праект не прыйшоўся даспадобы нікому: ні прадстаўнікам прамысловасьці, якая займаецца дэмантажом старых аўтамабіляў, ні ўраду, ні нават эколягам. Сярод асноўных закідаў найгучней падкрэсьлівалася небясьпека росту шэрай зоны. Парадаксальна, такі эфэкт магла б выклікаць адмена ўтылізацыйнага збору за аўтамабілі, які сёньня ў Польшчы складае 500 зл.


Не вядома, калі Кабінэт Міністраў вернецца да разгляду ўрэгуляваньняў, прапанаваных Міністэрствам аховы навакольнага асяродзьдзя. Сярод унесеных у праект паправак, якія павінны былі абмяркоўвацца напрыканцы кастрычніка, прапанавалася адмяніць плату за ўтылізацыю ў памеры 500 злотых, супраць якой яшчэ ў 2009 годзе выступіла Эўрапейская камісія.

Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя не выказваецца аб прычынах адтэрміноўкі прац над законапраектам, хоць не сакрэт, што самыя гарачыя эмоцыі выклікае менавіта адмена збору за здачу аўтамабіляў на мэталалом. Прадстаўнік Асацыяцыі Форум утылізацыі аўтамабіляў Ежы Іздэбскі сьцьвярджае, што закон у прапанаваным Міністэрствам аховы навакольнага асяродзьдзя выглядзе прывядзе да росту шэрай зоны дэмантажу машын. Ён лічыць, што найбольш эфэктыўным спосабам зьніжэньня ўдзелу ценявой эканомікі будзе ўвядзеньне дэпазытнага збору, які будзе плаціць пакупнік, а назад зможа яго атрымаць той, хто здае аўтамабіль на лом.

Ежы Іздэбскі:
Варта было б гэта ў нас увесьці, і такая прапанова гучала раней. Я ня ведаю, чаму яна зьнікла. Гэтым можна было б ахапіць усе аўтамабілі, а тады большы іх струмень трапляў бы на дэмантаж.


Фінансавы стымул схіляў бы апошняга гаспадара машыны да таго, каб здаць аўто ў легальную скупку. З гэтым меркаваньнем згодны старшыня Польскага зьвязу аўтамабільнай прамысловасьці Якуб Фарысь.

Якуб Фарысь:
Неабходнае ўвядзеньне мэханізму, у выніку якога больш уладальнікаў аўто, аддаючы машыну на лом, выбірала б легальныя пляцоўкі. Гэта не падатковы мэханізм, таму што дэпазыт не трапляў бы ў бюджэт, бо ён трапляў бы да таго, хто здае аўтамабіль.


Як заўважае Якуб Фарысь, уся аўтамабільная прамысловасьць зацікаўленая ў тым, каб легальныя звалкі лому аўтамабіляў не банкрутавалі.

Якуб Фарысь: Нашыя засьцярогі выклікае адсутнасьць мэханізму, які зьмяншаў бы або ліквідаваў шэрую зону. У нашым — вытворцаў, імпартэраў інтарэсе, каб нашыя партнэры – перапрацоўнікі, якія займаюцца дэмантажом, былі як мага мацнейшымі ў эканамічным сэньсе. І каб дзякуючы гэтаму шэрая зона была як мага меншай.

Паводле ацэнак асацыяцыі, у Польшчы па-за сыстэмай легальнага дэмантажу транспартных сродкаў праходзіць каля 65 адсоткаў адслужыўшых аўтамабіляў. Арганізацыя таксама сьцьвярджае, што каля 10 мільёнаў аўтамабіляў, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў Цэнтральным рэгістры транспартных сродкаў, на самай справе прайшлі дэмантаж у шэрай зоне.

Неабходнасьць унясеньня зьменаў у закон аб утылізацыі аўтамабіляў прадыктаваная перш за ўсё імкненьнем польскіх уладаў скіраваць паток аслужыўшых аўто ў легальныя станцыі дэмантажу.

Польшча таксама павінна ўвесьці ў жыцьцё дырэктыву Эўразьвязу 2000 г. Над законам, які забясьпечыць адаптацыю нормаў ЭЗ у польскім заканадаўстве, урад працуе вось ужо некалькі гадоў. У кастрычніку Эўрапейская камісія падала на Польшчу ў суд. Камісію не задавальняе дзеючая сыстэма вываду аўтамабіляў з карыстаньня і іх ўтылізацыі.

Законапраект Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя Польшчы ўводзіў таксама новыя правілы для майстэрняў. Прапанавалася, каб майстэрні, якія выконваюць рамонт аўтамабіляў, перадавалі зношаныя дэталі, зьнятыя падчас рамонту аўтамабіляў.

Папраўкамі таксама прадугледжвалася, што арганізацыі, якія пастаўляюць у вялікай колькасьці аўтамабілі на ўнутраны рынак, былі б абавязаныя арганізаваць сетку збору і дэмантажу лому аўтамабіляў.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт