Logo Polskiego Radia
Print

75 гадоў таму нацысты правялі акцыю “Sonderaktion Krakau”

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 06.11.2014 16:10
  • sonderaktion krakau.mp3
Гэта была адна з найбольш трагічных кампаній супраць польскай інтэлігенцыі.
Ягелёнскі ўнівэрсытэт у КракавеЯгелёнскі ўнівэрсытэт у КракавеИсточник: krakow.pl

6 лістапада 1939 году немцы вераломна арыштавалі і вывезьлі ў канцэнтрацыйныя лягеры 183 асобы, у тым ліку 142 прафэсараў і выкладчыкаў ягелёньскага ўнівэрсытэту. Гэтая акцыя была часткай пляну Гітлера па зьнішчэньнм польскай інтэлігенцыі.

Тагачасны рэктар Ягелёнскага ўнівэрсытэту Тадэвуш Легр-Сплавіньскі, па загаду штурмбанфюрэра СС Бруно Мілера запрасіў прафэсараў на 12 гадзіну ў залю нумар 66 імя Мікалая Капэрніка у Калегіюм Новум. Вучоныя мелі ўдзельнічаць у лекцыі камандзіра СС пра адносіны Трэцяга Рэйху і нацыянальнага сацыялізму да навукі і вышэйшай адукацыі.

Рэктар паверыў, што лекцыя Мілера канчаткова дасьць дазвол акупацыйных уладаў працаваць унівэрсытэту і таму заклікаў усіх супрацоўнікаў удзельнічаць у гэтай сустрэчы.

Але ўдзельнікі, замест лекцыі пачулі: „Шаноўнае спадарства, я вас склікаў, каб вам сказаць, што кракаўскі ўнівэрсытэт заўсёды быў крыніцай антынямецкіх настрояў і у гэтым духу выхоўваў моладзь. Таму мы вас арыштуем і адправім у лягер”. І сапраўды, усіх арыштавалі, пасадзілі ў ізалятары, а потым вывезьлі ў нямецкія канцлягеры ў Заксэнхаўзэне і Дахаў.

Сярод арыштаваных быў гісторык і слявіст Ягелёнскага ўнівэрсытэту Генрык Батоўскі. Больш за год яго трымалі ў канцлягерах. Быў вызвалены дзякуючы намаганьням амбасадара Югаславіі ў Бэрліне і вядомага пісьменьніка, будучага ляўрэата літаратурнай Нобэлеўскай прэміі, Іво Андрыча. Генрык Батоўскі вярнуўся ў Кракаў. Удзельнічаў у падпольным навучаньні, а потым кіраваў канспірацыйнай Школай палітычных навук.

У 1979 годзе, у саракавую гадавіну „Sonderaktion Krakau, прафэсар Батоўскі ўзгадваў момант арыштаваньня. Казаў, што ніводзін вучоны не чакаў падману з боку нямецкіх уладаў.

Г. Батоўскі: Нас акружылі, піхалі і пачалі выводзіць на калідор. Там рабілі нам асабісты кантроль. Мы былі моцна зьдзіўленыя. Тады яшчэ мы не разумелі, што значыць апынуцца ў лапах гестапа.

Дзякуючы пратэсту міжнароднай грамадзкасьці, частка вязьняў Заксэнхаўзэна была звольнена і гэта быў адзіны такі выпадак у гісторыі нямецкіх канцлягераў. Перад звальненьнем прафэсары падпісалі, што ніколі ня будуць займацца сваёй прафэсіяй.

Сярод іх быў гісторык Юзэф Вольскі. У 1979 годзе на хвалях Польскага радыё ён узгадваў, якім шокам для ўсіх прафэсараў было спачатку арыштаваньне, а потым сутыкненьне з рэчаіснасьцю лягера у Закэнхаўзэне.

Ю.Вольскі: Сустрэча з эсэсманамі, якія нас абзывалі, паганялі: лёс, шнэль, штурхалі прыкладамі, „частавалі” капнякамі. Загналі нас на лінейную плошчу ў Заксэнхаўзэне, палічылі і загадалі пераапранацца ў выбракаваныя ваенныя формы. Нам далі толькі рубашкі і пінжакі.

Прафэсар Юзэф Вольскі прайшоў канцлягеры ў Заксэнхаўзэне і Дахаў, і ў 1941 годзе вярнуўся ў Польшчу. Працаваў у падпольным унівэрсытэце. Ён ведаў, што калі яго ізноў арыштуюць, яму прыдзецца расплаціцца за гэта жыцьцём.

Ю.Вольскі: Працавалі ўсе факультэты. Студэнтаў было многа. Яны не зважалі на небясьпеку, але ўсе мы разумелі, што падпольны ўнівэрсытэт як для выкладчыкаў, так і для моладзі, нёс вялікую небясьпеку, асабліва для былых вязьняў канцлягераў. Тым больш, што навучаньне жорстка забаранялася нацыстамі.

Штогод у залі Колегіюм Новум праходзяць урачыстасьці ў памяць падзей 1939 году. Пры памятнай дошцы чытаюць сьпіс усіх арыштаваных у той час асоб. Яшчэ некалькі гадоў таму прозьвішчы чытаў прафэсар Юзэф Вольскі, які быў найстарэйшым жывым сьведкам акцыі. Прафэсар Вольскі памёр у кастрычніку 2008 году. Яму было 98 гадоў.

А сёлета больш сотні студэнтаў ушанавалі памяць кракаўскіх прафэсараў, арыштаваных на пачатку Другой Сусьветнай вайны. У 75-ыя ўгодкі студэнты Ягелёнскага ўнівэрсытэту на Раковіцкіх могілках аддалі гонар арыштаваным нацыстамі навукоўцам.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт