Logo Polskiego Radia
Print

Дзень памінаньня памерлых продкаў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 02.11.2014 10:00
  • Задушкі.mp3
Згодна традыцыі, у гэты дзень людзі наведваюць могілкі й моляцца за памерлых.

2 лістапада, на наступны дзень пасьля Ўрачыстасьці Ўсіх Сьвятых, палякі адзначаюць Задушкі (пол. Zaduszki) – Дзень успаміну памерлых продкаў.

Для каталікоў лацінскага абраду, а таксама для многіх заходніх хрысьціян гэта дзень малітваў за ўсіх веруючых у Хрыста, якія адышлі з гэтага сьвету. Па ўсім Касьцёле гэтая традыцыя распаўсюдзілася прыкладна ад пачатку ХІІІ стагодзьдзя.

З ХІV стагодзьдзя ў гэты дзень пачалі праводзіць працэсіі па могілках да чатырох алтароў. Каля кожнага маліліся за памерлых і сьпявалі жалобныя песьні. Пяты алтар ладзіўся ў касьцёле, пасьля вяртаньня працэсіі з могілак. Гэтая традыцыя захавалася й да сёньняшняга дня.

У Задушкі хрысьціяне наведваюць магілы сваіх продкаў, чальцоў сям’і ды знаёмых, удзельнічаюць у Сьвятой імшы, моляцца. Існуе традыцыя запальваньня сьвечак на магілах і ўскладваньня кветак, вянкоў і іншых дэкарацыйных прыладаў - сымбаляў памяці аб памерлых.

У сувязі з тым, што Задушкі не зьяўляюцца свабодным ад працы днём, большасьць палякаў наведвае магілы сваіх продкаў у Дзень Ўсіх Сьвятых. Нягледзячы на гэта, Задушкі зьяўляюцца абавязковым для вернікаў сьвятам у Каталіцкім касьцёле. Колерам літургічнай вопраткі ў гэты дзень зьяўляюцца чорны або фіялетавы.

Праваслаўная царква ўшаноўвае памяць продкаў некалькі разоў у год, часьцей вясной і ўвосень. Аднак, адной з галоўных урачыстасьцяў зьяўляецца Зьмітраўская бацькоўская субота. Праваслаўныя адзначаюць яе ў першую суботу перад 8 лістапада.

Некалі ў Беларусі гэты дзень быў недзяржаўным сьвятам, але потым выходны дзень адмянілі.

Памяці памерлых продкаў прысьвечаны таксама славянскі народны абрад – Дзяды.
На Дзяды гатавалі рытуальныя стравы - 7 і больш. Абавязковымі былі куцьця, клёцкі, бліны, мяса, яечня. Паводле звычаю, ад кожнай стравы ў асобны посуд адкладвалі па кавалачку для нябожчыкаў і пакідалі на ноч, каб пачаставаць душы памерлых продкаў, якія прыходзяць на Дзяды. Пасьля вячэры са стала не прыбіралі - для таго, каб памерлыя маглі за ім пасядзець у цішыні.

У некаторых рэгіёнах гаспадары гучна прамаўлялі імёны памерлых. Людзі верылі, што трэба дбаць пра памяць памерлых, а таксама накарміць іх душы, бо ў іншым выпадку яны могуць раззлавацца, нанесьці шкоду, пужаць ноччу альбо прычыніцца да няшчасьцяў, у тым ліку й сьмерці.

Дарэчы, 1 і 2 лістапада забаранялася біць масла, квасіць капусту, прасьці ды ткаць, рэзаць сечку для жывёлы, выліваць памыі ды пляваць. Народ верыў, што выконваючы гэтыя працы, выпадкова можна пакалечыць альбо абразіць душы памерлых, якія наведваюць дом.

Апрача таго, людзі багата частавалі жабракоў ды прыкасьцельных дзядоў, бо верылі, што душа іх памерлага сваяка магла пасяліцца ў цела аднаго зь іх. Узамен жа за пачастунак жабракі й дзяды мусілі маліцца за памерлага чалавека.

Абрад пакліканьня душаў памерлых на Дзяды мастацка апісаў у сваёй знакамітай паэме Адам Міцкевіч.

Абрад Дзядоў мае багатую традыцыю таксама ў Беларусі. У розных мясьцінах на стол ставілі розную колькасьць страў - дзе цотную, дзе няцотную (сем, адзінаццаць, дванаццаць), але, нягледзячы на гэта, у некаторых вёсках дазвалялася зьесьці толькі тры стравы й выпіць тры чаркі. Сярод страў былі варанае й смажанае мяса, бліны, клёцкі, кісель, гарох з макавым малаком, крупнік з грыбамі або рыбай, верашчака з каўбасой ды інш.

На стол ставілі так званыя Дзедаўскую чарку й Дзедаўскую міску, куды кожны з прысутных адліваў напоі й адкладаў ежу. У час вячэры гаварылі толькі пра продкаў, успаміналі іх учынкі, парады.

На Дзісеншчыне выпісвалі зь сямейнай хронікі памерлых і ўпісвалі нованароджаных. А пасьля заканчэньня вячэры сьвечку тушылі хлебнай скарынкай або блінам. Людзі верылі, што калі дым пойдзе ўверх - добра, а калі нахілена, асабліва ў бок дзьвярэй, то ў сям'і нехта памрэ. Паводле павер'я, калі ня спаць ноч пасьля Дзедавай вячэры, то можна ўбачыць Дзядоў.

Пачынаючы з 30 кастрычніка 1988 году Дзяды набылі ў Беларусі грамадзкую значнасьць — штогод адбываецца шэсьце ў Курапаты ў памяць пра ахвяраў камуністычнае ўлады.

Апрача таго, у Дзень памяці продкаў арганізоўваюць канцэрты, выставы, спэктаклі й вечарыны, прысьвечаныя памерлым артыстам. Выдаюцца прынагодныя часопісы й кнігі. На польскіх могілках вядомыя прадстаўнікі асяродзьдзя культуры зьбіраюць ахвяраваньні на рамонт надмагільных помнікаў, напрыклад, на вядомай Варшаўскай нэкраполіі „Павонзкі”.

Іншыя арыгінальныя спосабы адзначэньня дадзенага дня, гэта, напрыклад, Helloween – сьвята, якое традыцыйна адзначаецца 31 кастрычніка ў англамоўных краінах, хоць афіцыйным выходным або дзяржаўным сьвятам яно не зьяўляецца. У сваю чаргу ў Мэксыцы адзначаюць Дзень памерлых (гіш. Día de los Muertos).

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт