36 гадоў таму, 16 кастрычніка 1978 году, а 18.18 над Сыкстынскай капліцай на плошчы Сьвятога Пятра ў Рыме падняўся белы дым. Гэта быў знак, што кардыналы, якія сабраліся на канклаў, абралі галаву Каталіцкага касьцёла.
Новым пераемнікам Сьвятога Пятра аказаўся польскі кардынал Караль Вайтыла. Новы, 264-ы ў гісторыі Касьцёла Папа рымскі прыняў імя Ян Павел ІІ.
Караль Вайтыла стаў першым за больш чым 450 гадоў пантыфікам, які не паходзіў зь Італіі. Ён быў таксама самым маладым Папам рымскім за паўтара стагодзьдзя. У момант выбару Вайтыле было 58 гадоў.
Польскі кардынал быў абраны ў восьмым туры галасаваньня, большасьцю галасоў. За яго кандыдатуру прагаласавалі 99 іерархаў са 111 удзельнікаў канклава.
Натоўп вернікаў, які на плошчы Сьвятога Пятра чакаў інфармацыю пра тое, хто стаў новым Папам, павялічваўся кожную гадзіну.
А 18.44 на балконе базылікі зьявіўся кардынал Пэрыкле Фэлічы, які прамовіў гістарычныя словы.
Новы Папа рымскі, які паходзіў з-за „жалезнай заслоны”, выклікаў надзвычайную цікавасьць з боку сродкаў масавай інфармацыі, палітыкаў ва ўсім сьвеце, а таксама дабразычлівасьць простых людзей.
Ужо ў першым выступе, адразу пасьля выбару, ён зьвярнуўся да вернікаў на плошчы Сьвятога Пятра не на лаціне, як гэта было раней прынятае, а на італьянскай мове. Ён зьвяртаўся да вернікаў простым і зразумелым чынам.
Дэвізам пантыфікату Яна Паўла ІІ сталі словы, якія прагучалі падчас гаміліі на інаўгурацыйнай імшы. Гэтае набажэнства адбылося 22 кастрычніка 1978 году.
Ян Павaл ІІ: Ня бойцеся! Адкрыйце перад Ім дзьверы! Адкрыйце для Яго межы краінаў, палітычных і эканамічных сыстэмаў, цывілізацыйных плыняў. Ня бойцеся!
Ян Павaл ІІ аказаў асаблівы ўплыў на будучыню Каталіцкага касьцёла і ўсяго сьвету. У тым ліку ён прычыніўся да падзеньня камунізму ва Ўсходняй Эўропе.
Ён ангажаваўся ў дзеяньні на карысьць узаемаразуменьня паміж вернікамі хрысьціянства, юдаізму й ісляму. Ён быў першым Папам, які наведаў пратэстанцкую сьвятыню й сынагогу, а таксама пачаў афіцыйны дыялёг з мусульманамі.
Ён давёў да прымірэньня з Армянскай царквой пасьля спрэчкі, якая працягвалася паўтары тысячы годоў.
Ян Павал ІІ быў таксама аўтарам першай экумэнічнай энцыклікі „Ut unum sint”.
Папа-паляк падкрэсьліваў, што экумэнізм у Касьцёле - гэта больш, чым талерантнасьць - гэтя адзінства, выкліканае ўнутраным жаданьнем кожнага чалавека.
Ян Павaл ІІ: Слухаючы голас Сьвятога Духа, канфэсіі й рэлігійныя супольнасьці адчуваюць абавязак пошуку ня толькі ўнутранага, але таксама відавочнага адзінства. Адзінства, якое стала б знакам для сьвету. Каб сьвет спазнаў і паверыў. Са шляху экумэнізму няма адступленьня.
Папа Ян Павал ІІ неаднаразова падкрэсьліваў, што чалавек створаны па Божаму вобразу, то бок ён здольны кахаць і прымаць дар любові. Пантыфік часта заахвочваў вернікаў, каб яны не саромеліся сваёй веры й падкрэсьліваў ейнае значэньне ў жыцьці сучаснага чалавека.
Ян Павaл ІІ: Браты й сёстры, Вы не павінна саромецца крыжа. Вы павінны старацца несьці свой штодзённы крыж і адказваць на любоў Хрыста. Вы павінны абараняць крыж. Хай ён нагадвае Вам пра любоў Бога да чалавека, якая адлюстравалася ў крыжы.
Яна Паўла ІІ часта называлі Папам-паломнікам, паколькі падчас свайго пантыфікату ён зьдзейсьніў 104 паездакі за мяжу, наведаўшы 130 краін.
Акрамя таго, ён пабываў таксама на 145 паломніцтвах па Італіі. Ачольваючы Каталіцкі касьцёл ён таксама дзевяць разоў наведаў сваю айчыу - Польшчу.
Апошняе Папскае паломніцтва ў Польшчу адбылося ў 2002 годзе пад дэвізам Божай Міласэрнасьці. Падчас цырымоніі разьвітаньня ў аэрапорце Баліце пад Кракавам, Папа блаславіў вернікаў. Сваю прамову ён закончыў вельмі асабістымі словамі.
Ян Павaл ІІ: Разам з усёй супольнасьцю Касьцёла ў Польшчы я паўтараю перад абліччам Міласэрнага Езуса: Езус, я табе давяраю! Хай гэтая шчырая заява дае палёгку наступным пакаленьням у новым тысяччагодзьдзі. Бог багаты міласэрнасьцю, хай ён Вас усім блаславіць. А на канец, што ж сказаць… шкада зьязджаць!
Папа Ян Павал ІІ памёр 2-га красавіку 2005 году ва ўзросьце 84 гадоў. Ён быў пахаваны ў Ватыкане.
Праз некалькі тыдняў пасьля яго сьмерці Папа Бэнэдыкт XVI заявіў, што паскорыць працэс бэатыфікацыі свайго папярэдніка. Гэта быў адказ галавы Каталіцкага касьцёла на заклік тысячаў вернікаў, якія падчас пахаваньня Яна Паўла ІІ, скандавалі: „Santo subito!” – Сьвяты неадкладна!
Пасьля некалькіх гадоў бэатыфікацыйнага працэсу, 1 траўня 2011 году, Папа Бэнэдыкт XVI абвясьціў Яна Паўла ІІ бласлаўлёным.
Бэнэдыкт XVI: Сваім сьведчаньнем веры, любоўю й апостальскай адвагай, а таксама чалавечай ўражлівасьцю, гэты выдатны сын польсксга народу дапамог хрысьціянам ва ўсім сьвеце ў тым, каб яны ня баяліся быць хрысьціянамі, належаць да Касьцёла й распаўсюджваць Эвангельле. Інакш кажучы, ён дапамог нам не баяцца праўды, якая зьяўляецца гарантыяй свабоды.
Кананізацыя Яна Паўла ІІ адбылася 27 красавіка 2014 году ў Ватыкане. У той дзень сьвятым быў таксама абвешчаны Папа Ян XXIII. Кананізацыю зьдзейсьніў Папа Францішак падчас урачыстай імшы на плошчы Сьвятога Пятрa.
Пастановай польскага Сэйму 16-га кастрычніка ў Польшчы адзначаецца Дзень Папы Яна Паўла ІІ. Сёлета палякі сьвяткавалі яго ўпершыню пасьля кананізацыі Папы-паляка.
аз