Залатая восень
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
17.10.2014 17:35
-
2014.10.17 Złota jesień.mp3
У Польшчы настала залатая восень. Паводле кліматолягаў, гэтая анамалія не павінна нас зьдзіўляць.
fot. stock
У Польшчы настала залатая восень. Як прагназуюць сыноптыкі, яна яшчэ працягнецца. Жоўта-чырвоныя адценьні будуць надалей натхняць паэтаў і захапляць аматараў прыроды. Сапраўднага восеньскага пахаладаньня можна чакаць ад наступнай пятніцы. Да таго часу ў большасьці польскіх рэгіёнаў сонечна. Паводле кліматолягаў, гэтая анамалія не павінна нас зьдзіўляць.
Залатая восень у польскіх гарах. Сёлета ўмовы надзвычай спрыяльныя для турызму. Гэтак сьмела можна сказаць, сярод іншага, пра Бэскід Сандэцкі ды Бэскід Нізкі (нагадаем, Бэскіды — гэта разьяднаныя хрыбты ў паўночнай частцы Карпат у Польшчы).
Бачнасьць у гарах вельмі добрая, кажа горны ратавальнік Гжэгаж Сус.
Г. Сус: Бачнасьць нават да некалькіx дзясяткаў кілямэтраў. З хрыбта Бэскіда Сандэцкага выдатна бачныя Татры. Можна ўбачыць Бэскід Нізкі і нават Бяшчады пры добрай бачнасьці. Усе сьцежкі адкрытыя для турыстаў, няма ніякіх перашкодаў.
Горны ратавальнік нагадвае, што восеньскае надвор'е можа, аднак, быць непрадказальным.
Г. Сус: Надвор’е прыгадвае лета, але пасьля захаду сонца тэмпэратуры рэзка падаюць. Такім чынам існуе рызыка пераахаладжэньня, а нават гіпатэрміі, калі выйдзем у горы без належнай падрыхтоўкі. Трэба падыходзіць да гэтага адказна і плянаваць экскурсіі з галавою.
Як прагназуюць сыноптыкі, залатая восень у Польшчы працягнецца яшчэ каля тыдня. Сапраўднага восеньскага пахаладаньня можна чакаць ад наступнай пятніцы. Да таго часу ў большасьці рэгіёнаў сонечна, хоць пэрыядычна могуць праходзіць дажджы, кажа сіноптык Мар’я Валінёўска.
М. Валінёўска: У суботу падобнае надвор’е — па поўначы і захадзе краіны будзе пахмурна і там чакаюцца слабыя ападкі. Толькі ў ваколіцах Шчэціна можа быць больш дажджоў. На астатнім абршары — надалей сонечна і цёпла. Найхаладней там, дзе пахмурна. Плюс 16-20 градусаў на поўначы, 22 у цэнтры. Самае цёплае надвор’е — 24 градусы — на Замойшчыне.
Кліматоляг Міхал Кавалеўскі падкрэсьлівае, што такое надвор'е характэрнае для гэтай пары году, таму яе і называюць залатой восеньню. У Польшчы яна певажна назіраецца ў верасьні, але клімат мяняецца, заўважае Кавалеўскі.
М. Кавалеўскі: Надвор'е тыповае для пары году, якую называюць залатой польскай восеньню. Чым далей на захад, тым гэтая пара году надыходзіць пазьней. На брытанскіх выспах, у Шатляндыі такое надвор’е тыповае для кастрычніка. Апошнімі гадамі мы ў Польшчы назіраем зьмены ў надвор’і, яно пачынае ўсё больш прыгадваць надвор’е, характэрнае для зон акеанічнага клімату.
Такім чынам, як кажуць сыноптыкі, залатая восень у Польшчы яшчэ пратрымаецца пару дзянькоў. Пераменлівасьць адценьняў будзе далей натхняць паэтаў і захапляць аматараў шпацыраў. Калісьці зялёныя кроны дрэваў становяцца жоўтымі, чырвонымі, карычневымі…
Зьмены колераў — частка жыцьця прыроды і прыкмета таго, што яно працягваецца. Каляровае лісьце акрамя таго, што выглядае прыгожа, грае важную ролю ў прыродзе, кажа прафэсар біяфізыкі Веслаў Грушэцкі з Унівэрсытэту Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне.
В. Грушэцкі: Гэтыя фарбавальнікі выконваюць функцыю бар’еру ад актыўных форм кіслароду, ад аксідацыйнай дэградацыі. Яны зьнікаюць апошнімі. Каб забясьпечыць вяртаньне пажыўных рэчываў — фасфатаў, нітратаў, цукраў у камель, гэты камель павінен вытрымаць найбольш складаныя ўмовы і ўвесну зноўку выпусьціць новыя лісточкі.
Гэта, аднак, не адзіная прычына, чаму лісьце мяняе колер.
В. Грушэцкі: Яшчэ адна тэорыя зьвязаная з тым, што афарбоўка лісьця — чырвоная, жоўтая, атрымліваецца дзякуючы антацыянам — гэта той самы фарбавальнік, які ўзьнікае ў келіху чырвонага віна. Колеры адпалохваюць шкоднікаў.
І сапраўды, чым больш чырвонае лісьце кроны, тым менш дрэва пакутуе ад нападаў шкоднікаў узімку.
эб