Logo Polskiego Radia
Print

Ці ксёндз Ежы Папялушка стане сьвятым?

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 28.09.2014 14:00
  • Ежы Папялушка.mp3
Калі Ватыкан вырашыць такім чынам, культ польскага ксяндза пашырыцца ва ўсім Касьцёле.

/

У дыяцэзіі Крэтэй у Францыі ў мінулую суботу (20 верасьня) пачаўся першы этап працэсу кананізацыі вядомага ў Польшчы ксяндза Ежы Папялушкі.

Гаворка ідзе пра цуд, зьдзейсьнены дзякуючы заступніцтву бласлаўлёнага польскага сьвятара, то бок нявысьветленае з пункту гледжаньня мэдыцыны вылячэньне 56-гадовага француза.

Франсуа Адэлян 11 гадоў хварэў лейкозам. Нягледзячы на хіміятэрапію й перасадку касьцявога мозгу ў лістападзе 2011 году, стан яго здароўя моцна пагоршыўся.

У жніўні 2012 году, на апошняй стадыі хваробы, ён страціў прытомнасьць. Лекары паведамілі яго жонцы, што ракавыя клеткі распаўсюдзіліся па ўсім арганізьме й што вылечыць мужчыну ня ўдасца.

14 верасьня да хворага ў шпіталь прыйшоў каталіцкі сьвятар, які зьяўляўся гарачым прыхільнікам культу Ежы Папулушкі.

Над ложкам хворага ксёндз Бэрнар маліўся праз заступніцтва апекуна польскага руху „Салідарнасьць”. Калі сьвятар выйшаў з пакойчыка, хворы адкрыў вочы й спытаўся ў жонкі, што сталася. Празь некалькі дзён ён адчуў паляпшэньне, а лекары пасьля праверкі прыйшлі да высновы, што ён цалкам здаровы.

Зараз Каталіцкі касьцёл вырашыў канчаткова разабрацца з гэтай справай.

Кожны кананізацыйны працэс, як правіла, мае два этапы. Першы праходзіць у дыяцэзіі, дзе адбыўся цуд. Другі – у Ватыкане. Менавіта на мінулым тыдні ў Францыі пачалася першая, дыяцэзіяльная частка разьбіральніцтва, у якой удзельнічалі таксама два сьвятары з Польшчы.

Нагадаем, ксёндз Ежы Папялушка быў далучаны да ліку бласлаўлёных 6 чэрвеня 2010 году ў Варшаве. Паколькі ён зьяўляецца пакутнікам – на этапе бэатыфікацыі ня трэба было даказваць ніякага цуду, зьдзейсьненага пры яго пасярэдніцтве. Усё ж працэдура бэатыфікацыі польскага ксяндза доўжылася ажно трынаццаць гадоў.

У жніўні 2014 году Кангрэгацыя Божага Культу й дысцыпліны сакрамэнтаў Апостальскай Сталіцы абвясьціла ксяндза Ежы заступнікам прафсаюзнага руху „Салідарнасьць”.

Ксёндз Ежы Папялушка нарадзіўся ў 1947 годзе на Падляшшы. У 1980 годзе ён зьвязаўся з „Салідарнасьцю” – апазыцыйным рухам часоў ПНР.

/

Перасьлед з боку камуністычных уладаў Польшчы выклікалі ягоныя пропаведзі, у якіх адкрыта выступаў у падтрымку ідэалаў „Салідарнасьці” ды супраць гвалту. Ксёндз Ежы публічна крытыкаваў злоўжываньне камуністычнага рэжыму, пазьбягаючы пры гэтым прасоўваньня нянавісьці ў дачыненьні да апанэнтаў.

У імшах за Радзіму, якія служыў ксёндз Ежы, удзельнічалі тысячы вернікаў.

Гэта выклікала перасьлед з боку ўладаў ПНР. У выніку ксёндз Ежы быў забіты 19 кастрычніка 1984 году супрацоўнікамі польскай СБ.

За некалькі гадзінаў да сваёй сьмерці ён маліўся за чыстае сэрца, у якім няма помсты за крыўды й нянавісьці.

кс. Ежы Папялушка: Памолімся за тое, каб мы былі свабодныя ад страху, запалоху, але, перш за ўсё, свабодныя ад прагі помсты й гвалту.

Падчас свайго апошняга „Ружанца” сьвятар абмяркоўваў гэткія тэмы, як свабода, справядлівасьць, праўда й мужнасьць.

кс. Ежы Папялушка: Свабода дадзена чалавеку як доказ яго велічы. Сапраўдная свабода – гэта асноўная рыса чалавецтва. Яна была ахваяраваная Богам ня толькі нам, але таксама нашым братам. Адтуль абавязак зьвяртаць увагу на ўсе выпадкі, калі яна несправядліва абмяжоўваецца. Свабода – гэта ня толькі дар ад Бога, але й задача для нас на ўсё жыцьцё.

Неўзабаве пасьля сьмерці ксёндз Ежы Папялушка стаў шырокавядомым як пакутнік камуністычнага рэжыму ў Польшчы.

Яго бэатыфікацыйны працэс пачаўся ў 1997 годзе, то бок падчас пантыфікату Яна Паўла ІІ.

Дарэчы, Папа-паляк неаднаразова згадваў ксяндза Папялушку як падчас агульных аўдыенцый у Ватыкане, так і сваіх паломніцтваў на радзіму.

Напрыклад, у 1991 годзе ва Ўлацлаўку ён патрабаваў месца для ксяндза Папялушкі ў эўрапейскай культуры.

сьв. Ян Павел ІІ: Ксёндз Ежы ствараў гэтую культуру. Ён зьяўляецца апекуном нашай прысутнасьці ў Эўропе. Гэта адбылося за цану ягонага жыцьця. Таму, так як Хрыстос, ён мае права быць грамадзянінам сьвету ды Эўропы. Ён ахвяраваў сваё жыцьцё за нас усіх, усе народы гэтага кантынэнта, за ўвесь сьвет.

Ксёндз Ежы Папялушка быў бэатыфікаваны 6 чэрвеня 2010 году Папам рымскім Бэнэдыктам XVI.

Урачыстую Імшу на плошчы Пілсудскага ў Варшаве служыў арцыбіскуп Анджэла Амата, прэфэкт Кангрэгацыі па справах кананізацыі, які ад імя Папы Рымскага Бэнэдыкта XVI зачытаў акт бэатыфікацыі.

Ксёндз Ян Сохань, які зьбіраў матэрыялы, неабходныя падчас працэсу бэатыфікацыі Папялушкі, кажа пра яго –„звычайны сьвяты”.

кс. Ян Сохань: Рэлігійна-патрыятычнае выхаваньне й актыўнасьць Сьвятога Духа прычыніліся да таго, што ксёндз Ежы – тады яшчэ Алег – вырашыў пакінуць усё й выехаць у невядомае, то бок у Варшаву. Гэта быў хлопец, які пават добра па-польску ня ўмеў выказацца. Факт, што ён стаў пазьней апекуном пакрыўджаных людзей, грамадзтва й тагачаснага руху „Салідарнасьць” – гэта была важная функцыя, якую ён выконваў з адвагай.

Ежы Папялушка не нарадзіўся сьвятым. Ён любіў цыгарэты й электронныя гаджэты. Аднак, гэтыя апошнія аддаваў іншым.

кс. Ян Сохань: Яму здаралася праспаць на ранішнюю літургію. Ён пакутаваў ад хваробаў – як кожны чалавек. Быць сьвятым не азначае, што цягам жыцьця чалавек ня меў розных слабасьцяў. З другога боку, ём меў такія рысы характару, дзякуючы якім мог сваё жыцьцё ахвяраваць іншым.

Папскім рашэньнем, літургічны ўспамін бласлаўлёнага Ежы Папялушкі сьвяткуецца 19 кастрычніка. Паводле хрысьціянскай традыцыі – гэта „дзень яго нараджэньня для Неба”.

Магіла ксяндза Ежы Папялушкі знаходзіцца ў ягонай апошняй парафіі пры касьцёле св. Станіслава Косткі ў Варшаве ды зьяўляецца месцам шматлікіх пілігрымак вернікаў.

У 1987 годзе ў гэтым месцы маліўся тагачасны Папа Рымскі Ян Павел ІІ і кардынал Ёзаф Ратцынгер, які пазьней стаў Папам Бэнэдыктам XVІ.

Пакуль цяжка сказаць, колькі будзе працягвацца ўвесь кананізацыйны працэс. Гэта залежыць, у прыватнасьці, ад таго, колькі гэткіх справаў павінна зараз разгледзець Кангрэгацыя па справах кананізацыі, дзе апынуцца ўсе дакумэнты працэсу па справе ксяндза Папялушкі.

Калі польскі сьвятар будзе абвешчаны сьвятым, яго культ распаўсюдзіцца на ўвесь Каталіцкі касьцёл.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт