Logo Polskiego Radia
Print

Вера й нявер’е ў Бога паводле статыстыкі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 27.07.2014 14:00
  • Вера й нявер’е.mp3
Польшча застаецца лідарам у Эўропе па рэлігійнасьці сваіх грамадзянаў.
 fot. GeographBot /Wikimedia Commons/CC

Нядаўна апублікаваныя дадзеныя Інстытута статыстыкі Каталіцкага касьцёла (ISKK) на тэму рэлігійнасьці польскіх каталікоў прымушаюць задумацца пра месца Польшчы на рэлігійнай карце Эўропы.

Сярод краін-сябраў Эўразьвязу вера ў Бога найбольш распаўсюджаная на Мальце, у Румыніі й на Кіпры. А найменш у Эстоніі, Швэцыі й Чэхіі. Паводле дадзеных эўразьвязаўскага статыстычнага ўпраўленьня „Эўрабаромэтр” за 2010 год, Польшча, 79% жыхароў якой пацьвярджаюць веру ў Бога, знаходзіцца на чацьвёртым месцы (разам з Грэцыяй).

Жыхары Эўропы ў пераважнай большасьці лічаць сябе хрысьціянамі (76, 2% у 2011 годзе). У Эўразьвязе яны складаюць 72% (паводле „Эўрабаромэтра” з 2012 году), у тым ліку 48% - гэта каталікі, 12% - пратэстанты, 8% - хрысьціяне ўсходніх абрадаў і 4% вернікі іншых канфэсій.

Большасьць эўрапейцаў, якія вераць у Бога, жыве на Мальце (94%). Больш за 90% жыве таксама ў Турцыі й Румыніі, а больш за 80% на Кіпры. Найменш вернікаў фіксуецца сярод грамадзян Чэхіі (16%), Швэцыі й Эстоніі (па 18%) ды Нарвэгіі (22%). Сярэдні паказчык па ЭЗ складае 51%.

У параўнаньні з дадзенымі з 2005 году, колькасьць людзей у Эўропе, якія вераць у Бога, зьнізілася. Найбольш рэзкае зьмяншэньне зафіксаванае ў Партугаліі - з 81% на 70%, у Аўстрыі – з 54% да 44% і ў Нарвэгіі - з 32% да 22%. Апрача таго, гэты паказчык упаў таксама ў Фінляндыі (8%), Ісляндыі (7%), Францыі (7%), Бэльгіі (6%), Нідэрляндах (6%), Славэніі (5%) і Швэцыі (5%). Усё ж ёсьць таксама краіны, дзе назіралася павелічэньне колькасьці веруючых у Бога, але толькі на два працэнтныя пункты - гэта Румынія, Харватыя, Славакія, Люксэмбург і Эстонія, або на адзін працэнт, як у Вугоршчыне ці Латвіі.

Самы высокі працэнт няверуючых у Францыі (40%). Больш чым за 30% у Чэхіі, Швэцыі й Нідэрляндах, а больш за 25% - у Эстоніі, Нарвэгіі, Нямеччыне, Бэльгіі, Славэніі й Вялікабрытаніі.

У сваю чагру самы нізкі ўзровень няверуючых быў зафіксаваны ў Румыніі(1%), на Мальце (2%), на Кіпры (3 адсотка), у Грэцыі (4%), у Польшчы (5%), у Італіі (6%), у Харватыі й Ірляндыі (7%). Сярэдні паказчык няверуючых па ЭЗ складае 20%.

Цікава выглядаюць дадзеныя пра тых, хто пацьвярджае сваю веру ў неакрэсьленую духоўную або жыцьцёвую сілу, якая ўсё ж не зьвязаная зь якой-небудзь канкрэтнай рэлігіяй. Па ўсім Эўразьвязе яны складаюць у сярэднім 26%. Аднак у некаторых краінах яны зьяўляюцца самай буйной рэлігійнай групай, а іхная колькасьць перавышае лік тых, хто верыць у Бога. Такім чынам адбываецца, напрыклад, у Ісляндыі, Латвіі, Даніі, Швэцыі, Чэхіі, Балгарыі й Фінляндыі. У Польшчы гэтыя людзі складаюць 14%.

Пра нешта іншае сьведчаць статыстычныя дадзеныя, датычныя значэньня рэлігіі ў жыцьці людзей. Паводле „Эўрабаромэтра”, толькі 6% жыхароў ЭЗ называе рэлігію адной з каштоўнасьцяў, якімі яны кіруюцца ў жыцьці. Гэта нягледзячы на тое, што ў Эўразьвязе агулам 77% веруючых (як у Бога, так і ў іншыя сілы).

Гэта сьведчыць пра тое, што сам факт веры ў Бога не адлюстроўваецца аўтаматычна ў прысутнасьці рэлігіі ў паўсядзённым жыццьці. Пра гэта сьведчаць таксама статыстычныя дадзеныя аб рэлігійных практыках.

Паводле дасьледаваньняў праведзеных у 2008 годзе „European Values Study”, у 47 эўрапейскіх краінах амаль 28% грамадзянаў ніколі не ўдзельнічаюць у рэлігійных цырымоніях.

У Польшчы адной з асноўных крыніцаў дадзеных аб рэлігінасьці зьяўляюцца дасьледаваньні наконт колькасьці вернікаў, якія ўдзельнічаюць у нядзельных набажэнствах (dominicantes). Аднак яны тычацца толькі каталікоў.

Паводле Інстытута статыстыкі Каталіцкага касьцёла, у 2013 годзе ў нядзельных імшах удзельнічала 39,1% вернікаў. Гэта на 0,9% менш, чым годам раней. Адначасова сьвятую камунію прымала на 0,2% больш вернікаў, чым год раней (16,3%).

На працягу апошніх 10 гадоў, з-за зьмяншэньня колькасьці ўдзельнікаў набажэнстваў, у нядзелю ў сьвятыні прыходзіць ужо на 2 мільёны палякаў менш.

Наогул толькі на Мальце ў набажэнствах удзельнічае больш вернікаў, чым у Польшчы (больш за 52%). Крыху горш сытуацыя выглядае на Кіпры, у Ірляндыі й Італіі (больш за 30%). Але на фоне такіх краін, як Нямеччына ці Гішпанія, Польшча, безумоўна, станоўча вылучаецца.

У сваю чаргу падзеньне колькасьці вернікаў на імшах гэта агульная для эўрапейскіх краінаў тэндэнцыя. Найбольш рэзкае зьніжэньне зафіксавала Ірляндыя. У той час як у 70-х і 80-х гадох у нядзельных імшах удзельнічалі каля 90% мясцовых каталікоў, то ў 2011 годзе іх колькасьць упала да 30%.

Цікавым прыкладам зьяўляецца Расея. У гады 2006 - 2009 колькасьць праваслаўных у гэтай краіне павялічылася з 70 да 75%. Паводле дадзеных Агульнарасейскага інстытута дасьледаваньня грамадзкай думкі, гэта найбольш у гісторыі статыстыкі ў гэтай краіне. Вернікамі ісламу зьяўляецца 5% рэспандэнтаў (раней было 7%), у той час як каталіцызма, пратэстантызма, юдаізма й будызма – менш чым 1%.

Адначасова на палову зьменшылася колькасьць атэістаў – з 16 да 8%. Пераважная большасьць расейцаў, якія лічаць сябе праваслаўнымі была ахрышчана (84%). Але ахрышчанымі была таксама траціна (39%) асобаў, якія лічаць сябе атэістамі.

Што тычыцца ўдзелу ў рэлігійных урачыстасьцях , у Расеі 27% вернікаў наведваюць сьвятыні толькі падчас важных сьвятаў, 28% - час ад часу, 3% - адзін раз у тыдзень, а 4% - штодзённа (паводле дадзеных з 2010 году).

На падставе прыведзеных дадзеных можна зрабіць выснову, што зьніжэньне актыўнасьці вернікаў у рэлігійных практыках, гэта на самай справе агульнаеўрапейская тэндэнцыя.

Польшча па-ранейшаму застаецца ў групе лідараў Эўропы, калі гаворка ідзе пра рэлігійнасьць грамадзянаў.

Павел Бяліньскі KAI/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт