70-годзьдзе вызваленьня канцлягера „Майданак”
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
23.07.2014 17:26
На месцы былога лягера яшчэ восеньню 1944 году ўзьнік першы такога роду музэй у сьвеце.
Photo: PAP/Wojciech Pacewicz
70 гадоў таму, то бок 23 ліпеня 1944 году, Чырвоная Армія вызваліла канцэнтрацыйны лягер „Майданак” у Любліне. Гэта быў другі пасьля Асьвенцыма самы буйны гітлераўскі канцлягер у Эўропе.
У часе вызваленьня ў ім знаходзілася каля тысячы зьняволеных, у тым ліку таксама салдаты Чырвонай Арміі.
Паводле агульных ацэнак, за час дзейнасьці канцлягера „Майданак” у ім утрымліваліся каля 150 тысячаў зьняволеных розных нацыянальнасьцяў. Найбольшую групу складалі габрэі й палякі.
Лічыцца, што ў канцлягеры нацысты забілі 78 тысячаў чалавек.
Дзяржаўны музэй „Майданак” быў створаны на тэрыторыі былога канцлягера ў Любліне яшчэ восеньню 1944 году. Гэта была першая такога роду ўстанова ў сьвеце.
У цяперашні час музэй зьбірае экспанаты, вядзе архіў і навуковыя дасьледаваньні. Гэта таксама месца адукацыйных сустрэчаў з былымі вязьнямі. Тут адбываюцца канфэрэнцыі й кінапаказы.
Кожны год у верасьні арганізоўваюцца Дні Майданка.
аз