Logo Polskiego Radia
Print

Паляваньні на лася?

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 25.07.2014 12:12
  • 2014.07.25 Polowanie na łosi.mp3
Паляўнічыя паціраюць рукі, абаронцы зьвяроў пратэстуюць.


Міністэрства навакольнага асяродзьдзя Польшчы хоча часова дазволіць паляваньні на лася. Кажуць, што іх цяпер проста зашмат. Папуляцыя лася ў Польшчы налічвае 13 тыс. штук па ўсёй краіне.

Паляўнічыя просяць дазволіць ім паляваць на ласёў. На іх думку, гэтыx зьвяроў у Польшчы месцамі зашмат.

Як зазначае Бартломей Попчык з Польскай асацыяцыі паляўнічых, Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя слушна робіць, калі плянуе аднавіць паляваньні. Паляўнічы сьцьвярджае, што лася немагчыма перасяліць на захад ад ракі Вісла, дзе гэтых зьвяроў замала. Адначасова ва ўсходняй частцы краіны іх папуляцыя заўважна разраслася.

Б. Попчык: Лось – гэта не маленькі вожык. Гэта буйны зьвер, шчыльнасць якога на тэрыторыі лясьніцтва Кнышын складае ўжо 35 ласёў на тысячу гектараў лясной плошчы. Атрымліваецца, што за кожным дрэвам у лесе – лось! Гэтым ласям трэба нешта есьці. Яны шукаюць здабычы таксама ў прыватных лясах. Апроч таго, яны зьядаюць сельскагаспадарчыя культуры на палетках ні ў чым не вінаватых сялян. Гэта параджае праблемы і лякальныя канфлікты ў грамадзтве, як напр. цяпер на Падляшшы.

Бартломей Попчык прыгадвае, што забарона паляваньняў на ласёў дзейнічала на працягу 13 гадоў. За гэты час іх папуляцыя вырасла да 13,5 тыс. штук.

Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя прапануе з 1 верасьня аднавіць паляваньне на лася. Дазвол будзе дзейнічаць на працягу двух гадоў.

У абарону лася стала адна з буйнейшых экалягічных арганізацый, у тым ліку ў Польшчы, Сусьветны фонд дзікай прыроды (WWF). Абаронцы зьвяроў у лісьце ў Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя патрабуюць пакінуць лася пад аховай.
Прэс-сакратар WWF Павал Сьрэдзіньскі лічыць, што рашэньне аб дазволе паляваньняў на ласёў не бярэ пад увагу спэцыфікі прысутнасьці лася ў Польшчы.

П. Сьрэдзіньскі: Лось належыць да рэдкіх відаў. Польшча для лася – прытулак у маштабе Эуропы. Тлумачэньне, якое мы чуем, проста недарэчнае. Нам кажуць, што ласі выклікаюць ДТЗ. Як быццам нехта вызваліў кіроўцаў ад адказнасьці за бясьпеку на дарозе.

Павал Сьрэдзіньскі лічыць, што існуюць спосабы адпужваньня зьвяроў, каб яны не набліжаліся да дарог. Як падкрэсьліў эколяг, існуюць таксама адмысловыя знакі, якія папярэджваюць кіроўцаў аб тым, што яны могуць сустрэць па дарозе лася.

Сусьветны фонд дзікай прыроды (WWF) таксама не пагаджаецца з аргумэнтам, быццам ласі зьядаюць маладыя дрэўцы. Абаронцы жывёл адзначаюць, што малады лес знаходзіцца пад аxовай лесьнікоў, якія часта будуюць для яго агароджы. Зь іншага боку, існуе Белавежская пушча як прыклад месца, дзе прырода сама, натуральна, спраўляецца са шкодамі, прычыненымі галоднымі ласямі.

Актывіст экалягічнай арганізацыі Сусьветны фонд дзікай прыроды (WWF) лічыць, што за такім, а ня іншым рашэньнем Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя можа стаяць моцнае лёбі паляўнічых, для якіх рогі лася – надзвычай каштоўная здабыча.

П. Сьрэдзіньскі: Тут лічыцца трафей. Апроч таго, лось — гэта цікавы цэль для паляўнічага. Па-мойму, гэта можа быць абгрунтаваньнем рашэньняў, што прымаюцца датычна згаданага віду. Бо сапраўды лось — вельмі прывабны аб’ект для паляўнічых.

Аднаўленьне паляваньня на лася можа мець катастрафічныя наступствы, папярэджвае Мірослаў Раткевіч зь Беластоцкага ўнівэрсытэту. Паводле экспэрта, да гэтага пытаньня трэба падыходзіць вельмі асьцярожна і разважліва, каб усё ня скончылася тым, што паляўнічыя будуць страляць паўсюль і без абмежаваньняў.

М. Раткевіч: Неабходна дзейнічаць лякальна. Трэба ліквідаваць праблемныя экзэмпляры. Там, дзе ласі выклікаюць шкоды, асабліва ў прыватных лясах, дзе ўладальнікі гэтых лясоў часта адчуваюць сябе бездапаможнымі, бо ня ведаюць, што могуць патрабаваць ад улад кампэнсацыі. У такіх выпадках можна разважыць увядзеньне паляваньняў, але пад наглядам. Гэта вельмі важна, хоць у Польшчы рэдка прымяняецца — трэба весьці маніторынг і кантраляваць наступствы.

Паляваньне на ласёў у Польшчы было забароненае 13 гадоў таму, паколькі папуляцыя гэтых зьвяроў знаходзілася пад пагрозай. Сёньня міністар навакольнага асяродзьдзя прымае да ўвагі інфармацыю, наколькі шкоднай стала прысутнасьць ласёў у лесе і наколькі вырасла колькасьць дарожна-транспартных здарэньняў зь іх удзелам. У сувязі з гэтым, прапануецца з 1 верасьня ўвесьці 2-гадовы дазавол паляваньняў на лася.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт