Logo Polskiego Radia
Print

Новы прымас Польшчы засеў у Гнезна

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 08.06.2014 14:00
  • сустрэча моладзі ў Лядніцы.mp3
У суботу адбыўся ўрачысты ўезд арцыбіскупа Поляка ў Гнезьненскую архікатэдру.
PAP

У суботу ў Гнезна адбылася важная падзея для Каталіцкага касьцёла ў Польшчы. У гэты дзень адбыўся ўрачысты ўезд (ingres) арцыбіскупа Войцеха Поляка ў Гнезьненскую архікатэдру.

Такім чынам новы прымас Польшчы пераняў кіраўніцтва Гнезьненскай архідыяцэзіяй. Нагадваем, раней Войцех Поляк выконваў функцыю дапаможнага біскупа ў тамтэйшай архідыяцэзіі.

Ва ўрачыстасьці прынялі ўдзел прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі, сьпікер Сэната (вышэйшай палаты польскага парлямэнта) Багдан Барусэвіч і больш за 40 кардыналаў і біскупаў – прадстаўнікоў хрысьціянскіх Касьцёлаў і рэлігійных супольнасьцяў.

„Цырымонія мела вельмі ўрачысты характар”, паясьняе канцлер Гнезьненскай курыі ксёндз Зьбігнеў Пшыбыльскі.

У дзвярах архікатэдры новага прымаса Польшчы сустрэла Прымасаўская капітула.

Біскуп прарэктар Кшыштаф Вэндкоўскі падаў пацэлаваць арцыбіскупу легацкі крыж, якія прыслугоўвае арцыбіскупам Гнезна з XIII стагодзьдзя. З суботы гэты крыж будзе суправаджаць новага прымаса Польшчы падчас усіх літургічных цырымоній зь яго ўдзелам.

Пазьней выступіў арцыбіскупа Юзэф Кавальчык, а затым Апостальскі нунцый, арцыбіскуп Чэлестына Мільёрэ прачытаў зьмест папскай намінацыі.

Далей арцыбіскуп Кавальчык напераў арцыбіскупу Пoляку сымбаль духоўнай улады – пастарал. Пасьля гэтага прадстаўнікі духавенства й вернікаў ушанавалі новага прымаса.

Пасьля Літургіі Слова новы прымас Польшчы сказаў пропаведзь ды пачалася эўхарыстычная цэлебрацыя, у канцы якой прайшоў выступ старшыні Канфэрэнцыі Эпіскапату Польшчы арцыбіскупа Станіслава Гандэцкага. Затым арцыбіскуп Войцех Полак блаславіў усіх сабраным на ўрачыстасьці.

Цікавінкай суботняй цырымоніі было тое, што падчас яе ўжываўся кубак сьвятога Войцеха, які хутчэй за ўсё, паходзіць з X-га стагодзьдзя. Гэта адзін з самых важных раманскіх помнікаў у Гнезна.

Перад распачацьцем урачыстасьцяў арцыбіскуп Войцех Поляк сустрэўся з прадстаўнікамі моладзі-ўдзельнікамі Моладзевай сустрэчы ў Лядніцы. Увечары ён ачольваў Сьвятую імшу на палях Лядніцы ля Гнезна, дзе ў той жа дзень адбывалася XVIII сустрэча моладзі „Лядніца 2000”.

Нагадваем, 17 траўня 2014 году Папа Францішак прызначыў генэральнага сакратара Канфэрэнцыі эпіскапату Польшчы біскупа Войцэха Поляка Гнезьненскім мітрапалітам і прымасам Польшчы.

49-гадовы дапаможны біскуп архідыяцэзіі Гнезна заменіў на гэтай пасадзе арцыбіскупа Юзэфа Кавальчыка, які падаў у адстаўку з гэтай пасады.

аз

Прайшла чарговая сустрэча моладзі ў Лядніцы

Папа Францішак накіраваў да ўдзельнікаў мерапрыемства сваё пасланьне.

7 чэрвеня на палях ля Лядніцы прайшла чарговая Моладзевая сустрэча „Лядніца 2000”. Мерапрыемства мае ўжо сваю васемнаццацігадовую гісторыю. У гэтым годзе, як заўсёды на Лядніцкае поле прыехалі тысячы маладых людзей з усяе Польшчы й замежжа.

Арганізатарам моладзевай сустрэчы ў Лядніцы зьяўляецца брат-дамініканец Ян Гура, які сустракаецца з маладымі людзьмі ў гэтым месцы з 1997 году.

Дарэчы, месца выбранае невыпадкова. Паводле некаторых гістарычных крыніцаў, менавіта на выспе на Лядніцкм возеры адбылося хрышчэньне польскага князя Мешка І.

Ушанаваньнем працы брата Яна Гуры зьяўляецца мэдаль за заслугі перад Касьцёлам і нацыяй, прызнаны яму прымасам Польшчы.

„Лядніца 2000” зьяўляецца найбуйнейшай рэгулярнай рэлігійнай сустрэчай моладзі ў сьвеце, якая праходзіць без асабістай прысутнасці Папы рымскага.

Тым ня менш, Папа Францішак і гэтым разам накіраваў да ўдзельнікаў мерапрыемства сваё пасланьне. Пантыфік даручыў польскую моладзь заступніцтву сьвятога Яна Паўла ІІ. Падчас агульнай аўдыенцыі Папа прывітаў удзельнікаў сустрэчы.

З папскага прывітаньня асабліва цешыўся брат Ян Гара. Дамініканец нагадаў, што Папа Францішак даведаўся пра Лядніцу яшчэ да таго, як быў абраны на Апостальскі пасад.

Апошнія гады ў лядніцкім мерапрыемстве таксама ахвотна ўдзельнічае моладзь з-за мяжы. Сёлета сустрэча прайшла пад лёзунгам „У імя сына”.

Ейныя ўдзельнікі атрымалі лядніцкі пашпарт і заручальны пярсьцёнак. Пашпарт, таму што Ледніца ўжо дарослая (ёй споўнілася 18 гадоў), а пярсьцёнак – таму, што сустрэча прысьвечана адносінам з Езусам.

аз

Сьвятая імша з нагоды 25-годзьдзя свабоды

Набажэнства ачоліў бліжэйшы супрацоўнік Папы Францішка.

У сераду з нагоды 25-годзьдзя аднаўленьня Польшчай свабоды ўрачыстую Імшу за Айчыну ў Варшаве служыў дзяржсакратар Апостальскай Сталіцы П'етро Паралін.

У набажэнстве, якое ў сталічнай архікатэдры ўзначаліў бліжэйшы супрацоўнік Папы рымскага Францішка, удзельнічаў прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі.

Кардынал П'етро Паралін падзякаваў за запрашэньне на ўрачыстасьць.

П'етро Паралін: Хачу падзякаваць за тое, што разам з грамадзкасьцю, урадам і Касцёлам у Польшчы мы можам дзякаваць Богу за дар свабоды праз 25 гадоў пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму.

Апрача прэзыдэнта Камароўскага й яго жонкі ў Імшы ўдзельнічалі сьпікеры польскага Сэйму й Сэнату – Эва Копач і Багдан Барусэвіч, былы прэзыдэнт Лех Валэнса, віцэ-прэм'ер Януш Пехаціньскі, прадстаўнікі дыпляматычнага корпуса ў Польшчы, дзеячаў навукі й культуры, вэтэранаў і жыхары сталіцы.

А таксама лідары іншых краінаў, то бок Бэльгіі, Люксэмбурга, Румыніі, Мальты, Латвіі й Партугаліі.

аз


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт