Хаатычная субурбанізацыя
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
05.05.2014 22:27
Калі будуецца шмат жылых раёнаў у прыгарадах, гэта дэградуе навакольнае асяродзьдзе, павялічвае рух і коркі.
У верасьні польскі ўрад намераны прыняць дакумэнт пад назваю "Нацыянальная гарадзкая палітыка". Ён падрыхтаваны дзеля таго, каб польскія гарады сталі месцам, дзе добра жывецца жыхарам – паведамляе Gazeta Wyborcza.
Польскія гарады дрэнна плянуюць уласнае разьвіцьцё. Муніцыпальныя ўлады падрыхтавалі ў сваіх плянах столькі месца пад жыльлёвае будаўніцтва, што кватэр хапіла бы для больш чым 200 млн палякаў, калі цяпер у краіне пражывае каля 38 млн жыхароў. Урад хацеў бы затрымаць некантраляванае разьліваньне гарадоў у прыгарады. Калі будуецца шмат жылых раёнаў у прыгарадах, гэта дэградуе навакольнае асяродзьдзе, павялічвае рух і коркі. Адмыслоўцы палічылі, што кожны кіроўца ў Катавіцэ і Гданьску губляе ў корках 2,3 тыс. злотых у год, а ў Кракаве больш за 3 тыс. (1 тыс. даляраў). Жыхары прыгарадаў кожную раніцу стаяць у корках, каб даехаць на працу ў цэнтар горада.
Толькі для адной трэцяй краіны існуе прасторавае плянаваньне, на падставе якога вядома, што і дзе можна будаваць. У іншых месцах такіх плянаў няма, а будаўніцтва прымае самыя розныя формы. У выніку хаатычнага будаўніцтва неабходна будаваць новыя дарогі, інфраструктуру. Кошты дрэннага плянаваньня могуць давесьці нават да банкруцтва некаторых гмінаў. Сем’і таксама нясуць выдаткі на падарожжа на працу. Жыцьцё ідзе ў машыне, паколькі неабходна завезьці дзеці ў садок, школу, а пазьней іх адтуль забраць.
Ёсьць некалькі прычын хаатычнай субурбанізацыі – забудоўваньня прыгарадаў. У 90-ыя гады палякі захапіліся дэмакратыяй і свабодным рынкам, дазвалялася будаваць усюды, дзе захацелі дэвэлёпэры. А хацелі як правіла ў прыгарадах, бо там было таньней. Вінаватыя таксама мясцовыя ўлады, якія думаюць перш за ўсё аб прыбытках. Яны вераць, што калі разьвіваецца будаўніцтва, гэта добра. Тымчасам там, дзе горад разьліўся ў прыгарад, нельга нават зрабіць салідную сетку гарадзкога транспарту, паколькі гэта патрабуе агромных выдаткаў. У выніку расьце колькасьць прыватных машын. Цяпер немагчыма паправіць памылкі мінулых гадоў, паколькі дамы і раёны ўжо збудаваныя. Трэба думаць, як паўстрымаць далейшае разрастаньне прыгарадаў.
Gazeta Wyborcza/нг