Спартовая выстава ў Менску
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
29.04.2014 07:40
У Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі праходзіць выстава, прымеркаваная да спартовых падзей гэтага года.
У Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску адкрылася выстава "О, спорт, ты — мір!", прымеркаваная да спартовых падзей гэтага года, у прыватнасьці мінулых XXII Алімпійскіх зімовых гульняў у Сочы, будучага чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску і чэмпіянату сьвету па футболе ў Бразыліі.
У экспазыцыю выставы ўвайшлі 34 творы жывапісу, графікі і скульптуры са збору мастацкага музэю, створаныя беларускімі майстрамі пачынаючы з 1950-х гадоў і па нашыя дні.
Куратар выставы, старэйшы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва Анастасія Карнейка паведаміла, што экспазыцыя падзеленая на пяць тэматычных блёкаў.
"Мне прыйшло ў галаву, што, напрыклад, усе працы, прысьвечаныя зімовым відам спорту і проста правядзеньню вольнага часу зімой, можна аб'яднаць назвай "Зімовыя забавы" — тое, як мы весялімся, адпачываем", — адзначыла яна. Так, у гэтым тэматычным блёку апынуліся, напрыклад, працы "Хакеісты" (1962) Уладзіміра Пасюкевіча, "Лыжніцы" (1971) Фёдара Бараноўскага.
Па тым жа прынцыпе куратар выставы аб'яднала жывапісныя працы ў сэрыю "Летнія радасьці". У яе, напрыклад, увайшлі такія палотны, як "Скачок" (1974) Мікалая Селішчука, "Шахматысты" (1951) Адольфа Гугеля, а таксама самая сьвежая карціна экспазыцыі — "Перамога" (2011) Уладзіміра Новака, на якой паказаныя футбалісты ў азарце гульні.
Паводле слоў Карнейкі, тэматычны блок "Глядзіце, хто прыйшоў!" названы па аналёгіі з аднайменнай тэлевізійнай перадачай, на якую ў якасьці суразмоўцаў запрашаюць вядомых людзей.
У блёк пад назвай "Стоп-кадр!" увайшлі ўсе графічныя працы спартовай тэматыкі. Падбіраючы карціны для гэтай сэрыі, куратар выставы хацела паказаць тыя, на якіх "адлюстраваныя імгненьні напалу барацьбы і перамогі".
"Пяты блёк завецца "Вуглавыя", сюды мы аднесьлі такія скульптуры, як выявы спартоўцаў, галявыя моманты. Мы іх разьвялі па вуглах, паколькі скульптуру ў гэтай прасторы цяжка кудысьці паставіць. Хацелася паказаць, што і ў беларускай савецкай скульптуры таксама зьвярталіся да тэмы спорту", — адзначыла Карнейка.
Выстава будзе працаваць да 15 траўня і пасьля невялікага перапынку — з 20 па 26 траўня.
БелаПАН/эб