Logo Polskiego Radia
Print

Як есьці ўлюбёныя стравы, не ператамляючы пячонку?

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 19.04.2014 09:09
Пост быў прыдуманы дзеля таго, каб ачысьціць арганізм ад усяго дрэннага – ня толькі ад злых думак, але і таксынаў.

Падрыхтоўка да сьвятаў ідзе поўнай парай. Праз крамы праходзяць натоўпы людзей – многія ўжо даўно пачалі рыхтаваць запасы, быццам набліжаецца галадамор. І вось, у сьвяты мы сядзем і пачнем есьці. Потым будзем глядзець тэлевізар. І зноў будзем есьці. І зноў будзем глядзець тэлевізар.

Сёньня, сябры, прапануем задумацца, як пры такім раскладзе дня будзе сябе адчуваць наш арганізм. А можа ёсьць спосабы, каб есьці ўлюбёныя стравы, не ператамляючы пячонку?

Пра сьвяточную ежу варта пачаць думаць загадзя – раяць дыетолягі. На тыдзень раней можна перайсьці на больш сьціплае харчаваньне.

Пост быў прыдуманы дзеля таго, каб ачысьціць арганізм ад усяго дрэннага – ня толькі ад злых думак, але і таксынаў, якія адкладваюцца ў арганізьме, калі чалавек зашмат есьць. Ва ўсіх рэлігіях пост спрыяе дасягненьню раўнавагі паміж целам і душою. Навукова таксама даказана, што пост паляпшае стан нашага здароўя, а пасьля паста чалавек атрымлівае большую асалоду ад смачнай ежы.

Аднак занадта багатая ежа, тлустыя і смажаныя прысмакі могуць адмоўна паўплываць на нашае здароўе. Доктар Стэфанія Юзьвяк з Паморскага мэдычнага ўнівэрсытэту ў Шчэціне перасьцерагае, каб не сьпяшацца есьці стравы, якія ўжо неаднаразова падаграваліся.

С. Юзьвяк: Гэта можа скончыцца непрыемнасьцямі: болем, уздуцьцем, часам вострай пякучкай, калі зьмесьціва страўніка падымаецца ў стрававод, а ў некаторых людзей нават паносам. Таму трэба быць разважлівым.

Лекары рэкамэндуюць пазьбегаць празьмернай колькасьці алькаголю, моцных кавы і гарбаты, а таксама тлустага мяса. Калі ўсё ж зьявіцца боль страўніка, доктар Стэфанія Юзьвяк раіць расьлінныя лекавыя сродкі.

С. Юзьвяк: Гэта могуць быць гарбаты з утрыманьнем фэнхеля, мэліса ў невялікай колькасьці, напэўна мята або жоўцегонныя прэпараты.

У нашым народзе ўкаранілася традыцыя, што стол мусіць ажно гнуцца ад страваў і, вядома ж, кожную зь іх xочаца пакаштаваць. Гэта цяжкое выпрабаваньне для страўніка, падкрэсьлівае доктар Андрэй Вітушка.

А. Вітушка: Калі ўжо прынятае рашэньне, каб усяго пакаштаваць, то давайце каштаваць, а не імкнуцца зьесьці ўсё, што стаіць на стале. Варта памятаць, што за закускамі пойдзе гарачае, потым дэсэрт. Трэба старацца плянаваць тое, што яшчэ наперадзе, а не імкнуцца наесьціся мясною нарэзкаю. Лепш не нагружаць экстрэмальна сваю стрававальную сыстэму. Нашыя арганізмы так спраектаваныя і задуманыя, што яны ня будуць есьці шмат, а ежа ня будзе лёгкадаступнай. Пераяданьне, па-мойму, у любым выглядзе шкоднае.

І асноўная рада: не сядзіце за сталом з ранку да вечара, як гэта вельмі часта бывае ў нас ў сьвяты. Суўдзельнікаў застольля можна запрасіць на шпацыр. Калі сядзім і глядзім на ежу, то хутка ізноў пачынаем адчуваць голад і жаданьне паспрабаваць якую-небудзь страву, якая толькі што ў нас проста не зьмяшчалася.

А. Вітушка: Трэба звычайна кантраляваць сябе, імкнуцца ня есьці шмат. У сьвяты ці не, трэба імкнуцца да таго, каб ежа была разнастайная і добра збалянсаваная. Сьвяты існуюць ня толькі дзеля таго, каб есьці, а каб, у першую чаргу, сустракацца адзін з адным. Калі ідзеш у госьці, варта прадумаць ня толькі, што панясеш з сабой зь ежы: торт або салат. Варта прадумаць, чым ты будзеш там займацца, прыдумаць сцэнары якіх-небудзь гульняў, ці на вуліцы, ці ў памяшканьні. Калі ў сям’і ёсьць дзеці, то можна ў іх спытацца, ў што будзем гуляць.

А на шпацыры можна вярнуцца думкамі за стол. Успамін аб сьвяточных стравах зьмяншае апэтыт нават лепш, чым сама ежа, — лічаць навукоўцы Брыстальскага ўнівэрсытэту. Праўда ці не — паспрабаваць можна. Ад гэтага дакладана не паправімся.

Эльвіра Богдан


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт