Logo Polskiego Radia
Print

Гатэлі для пчол

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 11.04.2014 17:40
  • 11.04.14.mp3
„Greenpeace” адкрые ў Польшчы гатэлі для пчол і казурак.
Фота: wikipediaФота: wikipedia


У Польшчы адкрываюць сетку гатэляў для пчол. На пачатак плянуецца стварэньне сотні такіx аб’ектаў. Гэта будзе своеасаблівае жытло для адзінкавых пчол і дзікіх вусякоў-апыляльнікаў.


З канца дзевяностых гадоў пчолы зьнікаюць з вульляў. Пчаляры ва ўсім сьвеце становяцца сьведкамі гэтай таямнічай зьявы. Таксама значна зьмяншаецца колькасьць пчолосем’яў. Між тым, пчолы ня толькі даюць мёд і іншыя прадукты пчалярства: яны маюць вельмі важкае значэньне для вытворчасьці прадуктаў харчаваньня — яны апыляюць расьліны, якія мы ямо. Чмялі, адзінкавыя пчолы і іншыя казуркі, такія як матылькі, восы і мухі — усе яны працуюць ад відна да ночы ў якасьці апыляльнікаў сельскагаспадарчых культур і дзікарослых расьлін. Кожная трэцяя лыжка ежы, якую мы ямо, — гэта вынік актыўнасьці вусякоў-апыляльнікаў. Дзякуючы ім на нашыя сталы трапляе гародніна: памідоры, агуркі, кабачкі, а таксама садавіна: яблыкі, арэхі, або, для прыкладу, міндаль і спэцыі. Тое самае тычыцца і харчовыx алеяў, напрыклад, рапсавага. Толькі ў Эўропе ўраджай больш за 4000 разнавіднасьцяў гародніны залежыць ад апыленьня пчоламі і іншымі вусякамі. І менавіта таму іх трэба ахоўваць.

Экалягічная арганізацыя „Greenpeace” хоча стварыць каля ста вулёў для „бяздомных” пчол. Катажына Ягайла, адказная за кампанію, тлумачыць, што, паводле задумы, гатэлі павінны стаць прытулкам для пчол і дзікіх апыляльнікаў.

К. Ягайла: Яны там знойдуць прытулак узімку й у часе дажджу. Гэта будзе таксама для іх месца, дзе яны могуць размнажацца. Дзякуючы павелічэньню іх колькасці, мы павышаем здольнасьць апыленьня ў ваколіцах такога гатэлю.

Казуркі не ўяўляюць сабой небясьпекі для чалавека. Трэба памятаць, што адзінкавыя пчолы не жывуць у раях і не вырабляюць мёду. Рышард Кавальскі з Варшаўскага клюбу пчаляроў тлумачыць, што вусякі, аднак, маюць вялікае значэньне ў экасыстэме, паколькі 80 адсоткаў расьлін у нашых шыротах — энтамафільныя, г.зн. апыляюцца вусякамі.

Р. Кавальскі: Пераважная большасьць людзей, калі бачыць нейкую казурку з лапкамі і крыламі, — бац! па ёй. Такі падыход: або забіць, або прагнаць, або злавіць і задушыць. Ніхто не задумваецца над тым, што яны нам неабходныя. Бо калі такія казуркі ёсьць на сьвеце, дык яны нам, відаць, патрэбныя.

У апошнія гады адбываецца вельмі хуткае выміраньне пчол і іншых апыляльнікаў. У Злучаных Штатах Амэрыкі папуляцыя пчол штогод скарачаецца, у сярэднім на адну траціну, а ў Эўропе — на 20 адсоткаў. Адной з асноўных прычын зьнікненьня гэтых жывёл зьяўляецца прысутнасьць хімічных рэчываў у сельскай гаспадарцы, а таксама зьмены клімату, хваробы і разбурэньне асяродзьдзя пражываньня казурак.

Пчолы і дзікія апыляльнікі, як мы ўжо казалі, адыгрываюць ключавую ролю ў сельскай гаспадарцы і харчовай прадукцыі. На жаль, сёньняшняя сельскагаспадарчая мадэль заснаваная на выкарыстаньні вялікай колькасьці агрэсіўных хімічных рэчываў, што стварае небясьпеку для ланцуга паставак прадуктаў харчаваньня. У апублікаваным дакладзе арганізацыя „Грынпіс” зьвяртае ўвагу на існаваньне моцных навуковыx доказаў таго, што нэанікатыноіды й іншыя пэстыцыды ў значнай ступені адказныя за працэс зьнікненьня пчол.

У сувязі з гэтым, эколягі прапануюць увесьці неадкладную і поўную забарону на выкарыстаньне пэстыцыдаў, шкодных для пчол і іншых апыляльнікаў. Улады яны заклікаюць прыняць нацыянальны плян па ахове апыляльнікаў, у межах якога прапануецца: праводзіць маніторынг здароўя меданосных пчол і іншых казурак-апыляльнікаў, даваць комплексную ацэнку рызыкі прымяненьня пэстыцыдаў для навакольля і скараціць маштабы іх выкарыстаньня ў сельскагаспадарчай вытворчасьці; падтрымліваць і прасоўваць сельскагаспадарчую практыку, якая аказвае станоўчы ўплыў на жыцьцё вусякоў і г.д.

У межах акцыі „Грынпіс” прапануе збудаваць 100 гатэляў у 17 гарадах і іх ваколіцах. У акцыю ўжо ўключыліся буйныя польскія гарады, такія як Беласток, Гданьск, Кракаў, Люблін, Лодзь, Познань, Варшава, Вроцлаў і Зялёна Гура.

Эколягі Грынпіс на сайце арганізацыі апублікавалі адмысловыя інструкцыі, як збудаваць гатэль для вусякоў, інакш кажучы, вуль, які можна паставіць у сваім садзе або нават на балконе.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт