ВМС ЗША выпрабуюць робата-пажарнага
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
04.04.2014 09:09
Кіраваньне ваенна-марскіх сіл ЗША летам 2014 года правядзе выпрабаваньні новага робата-пажарнага SAFFiR.
foto:flickr.pl
Навукова-дасьледчае кіраваньне ваенна-марскіх сіл ЗША летам 2014 года правядзе выпрабаваньні новага робата-пажарнага SAFFiR (Shipboard Autonomous Firefighting Robot, палубны аўтаномны робат пажаратушэньня ), паведамляе BBC News. Выпрабаваньні робата пройдуць на борце выведзенага са складу ВМС дэсантнага карабля-дока «Шэдуэлл» тыпу «Каса Грандэ». Гэты карабель рэгулярна прымае ўдзел у тэставаньні новай супрацьпажарнай аснады.
У выпрабаваньнях будуць задзейнічаныя дзьве вэрсіі робата-пажарнага, распрацаваныя адмыслоўцамі Палітэхнічнага ўнівэрсытэту ў Вірджыніі, а таксама ўнівэрсытэтаў Каліфорніі, Лос-Анджэлеса і Пэнсылваніі. Вышыня аднаго з робатаў складае 1,52 метра. Іншы крыху вышэйшы і здольны выконваць больш шырокае кола задач. Падчас выпрабаваньняў робатам неабходна будзе знайсьці пажарны кран, адкрыць яго, дацягнуць шланг да ачага ўзгараньня і патушыць агонь, накіраваўшы на яго струмень вады.
Адметнай рысай гэтых робатаў зьяўляецца здольнасьць вытрымліваць доўгі час ўзьдзеяньне высокіх тэмпэратур. Яны абсталяваныя рознымі сэнсарамі, якія дазволяць робатам знаходзіць на палубе тых, хто выжыў. Аўтаномныя апараты таксама абсталяваныя сыстэмаю балянсаваньня, якая дазволіць ім захоўваць раўнавагу падчас моцнай гойданкі на моры. У пэрспэктыве такія робаты будуць працаваць на тушэньні агню сумесна з пажарнымі брыгадамі.
Іншыя падрабязнасьці адносна пэрспэктыўных робатаў не ўдакладняюцца. Задачы, якія яны павінны будуць вырашаць, падобныя на тыя, што павінны выконваць робаты, якiя ствараюцца ў інтарэсах DARPA (Агенцтва па пэрспэктыўных абаронных навукова-дасьледчых распрацоўках ЗША). Робаты для DARPA павінны свабодна перамяшчацца па няроўнай паверхні і абломках, выкарыстоўваць звычайныя і электрычныя прылады, кіраваць транспартнымі сродкамі і перасоўваць невялікія грузы.