Logo Polskiego Radia
Print

Дарослыя здрадзілі дзецям?

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 23.02.2014 15:30
  • Багацьце веры.mp3
Бэльгійскі парлямэнт прыняў неадназначны закон аб эўтаназіі хворых дзяцей.

Надоечы бэльгійскі парлямэнт пагадзіўся пашырыць права на эўтаназію на непаўналетніх і невылечна хворых дзяцей.

Палата дэпутатаў рашучай большасьцю галасоў ухваліла зьмены ў закон аб эўтаназіі з 2002 году. Папраўкі падтрымалі 86 бэльгійскіх дэпутатаў, 44 былі супраць, ад галасаваньня ўстрымаліся 12 парлямэнтароў. Такім чынам, дэпутаты не паслухалі шматлікіх галасоў пратэсту, якія паступалі з розных бакоў.

Рашэньне парлямэнта Бэльгіі зьяўляецца наступным крокам у напрамку легалізацыі „сьмерці па жаданьні” ў гэтай краіне. У сьнежні мінулага году папраўкі ў закон прыняў мясцовы Сэнат (вышэйшая палата парлямэнта). Цяпер дакумэнт чакае подпісу караля Філіпа.

Аўтары закона тлумачаць, што з просьбай аб эўтаназіі змогуць зьвяртацца толькі невылечна хворыя дзеці, якія пакутуюць ад невыноснага фізычнага болю ды знаходзяцца ў завяршальнай стадыі захворваньня. На эўтаназію згоду павінны даць іх бацькі або апекуны.

Апрача таго, псыхоляг павінен пацьвердзіць, што дзіця разумее сутнасьць такога рашэньня й здольнае яго прыняць. Гэта азначае, што закон не датычыць немаўлят і псыхічна хворых пацыентаў.

Адзін зь ініцыятараў законапраекта, сацыяліст Філіп Магу нагадаў, што грамадзяне Бэльгіі падтрымлівалі законапраект у апытаньнях грамадзкай думкі.

Паводле апублікаванага ў кастрычніку дасьледаваньня, каля трох чвэрцяў бэльгійцаў выказваліся на карысьць пашырэньня права на эўтаназію людзей, якім менш за 18 гадоў.

У адпаведнасьці з законам з 2002 году, у Бэльгіі эўтаназія дазволена ў тым выпадку, калі дарослы чалавек, які ўсьведамляе свае дзеяньні, дамагаецца сьмерці „добраахвотна, прадумана й робіць гэта некалькі разоў”. Гэткі пацыент ня можа падвяргацца зьнешняму ціску. Яго хвароба павінна быць невылечнай, а пакуты - фізычныя або псыхічныя - „пастаянныя, невыносныя й без магчымасьці іх аблягчэньня”.

У 2012 годзе ў Бэльгіі былі зафіксаваныя 1432 выпадкі эўтаназіі, што склала 2% усіх сьмяротных зыходаў. Гэта была таксама самая вялікая колькасьць эўтаназій з 2002 году.

Суседнія Нідэрлянды таксама дазваляюць эўтаназію дзяцей, але толькі старэйшым за 12 гадоў. З 2002 году ў гэтай краіне былі зафіксаваныя пяць выпадкаў эўтаназіі непаўналетніх. Бэльгійскі праект закона ідзе далей, таму што не ўтрымлівае ніякіх абмежаванняў узроставай катэгорыі.

За прыняцьце гэтага закону ўрад Бэльгіі раскрытыкавалі Канфэрэнцыі біскупаў многіх краінах Эўрапейскага Зьвязу.

„Гэта абсалютна незразумела. Непаўнагадовыя грамадзяне ня маюць права выйсьці замуж або купіць дом, але ім дазваляецца ў адпаведнасьці з законам вырашаць пра жыцьцё або сьмерць", - сказаў старшыня Канфэрэнцыі біскупаў Бэльгіі арцыбіскуп Андрэ-Жазэф Леанард.

Паводле яго, замест таго, каб пашырыць права на актыўную падтрымку сьмерці, грамадзкасьць павінна задумацца, як служба аховы здароўя можа лепш дапамагчы цяжка хворым. Арцыбіскуп Леанард заклікаў бэльгійцаў да малітвы й посту супраць права дзяцей на эўтаназію.

З падобным заклікам да вернікаў зьвярнуўся таксама Вялікі рабін Брусэля. Супраць эўтаназіі дзяцей пратэставалі таксама прадстаўнікі пратэстанцкай, праваслаўнай і мусульманскай супольнасьцяў.

Касьцельныя арганізацыі пачалі збор пэтыцыяў, накіраваных каралю бэльгійцаў Філіпу, з заклікам не падпісваць закон аб эўтаназіі дзяцей.

Праціўнікі закона выйшлі на вуліцы Брусэля з банэрамі „Трэба лячыць, а не забіваць”.

Пратэстоўцы: Для мяне гэта барбарства. Хто будзе наступным? Нованароджаныя, неданошаныя дзеці? Ці мы будзем гэта тлумачыць практычным падыходам?

Пратэстоўцы: Роля бацькоў – клапаціцца пра дзяцей, а не іх забіваць!

- пераконвалі праціўнікі эўтаназіі, якія пратэставалі перад будынкам парлямэнта.

Паводле іх, дарослыя „здрадзілі хворым дзецям”. Яны падкрэсьлілі, што дзеці – гэта не дарослыя, яны ня ў стане сьвядома прымаць такія важныя рашэньні й могуць знаходзіцца пад уплывам зьнешніх фактараў.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт