Logo Polskiego Radia
Print

Польскія місіянэры з ЦАР не пакінуць вернікаў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 16.02.2014 15:30
  • Польскія місіянэры.mp3
Непадалёк ад сядзібы польскай місіі свой лягер заснавалі небясьпечныя мусульманскія баевікі.
amnesty.org.plamnesty.org.pl

Польскія місіянэры, якія працуюць у Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, вярнуліся начаваць у сядзібу місіі, але сытуацыя застаецца небясьпечнай. Няма жаўнераў, якія б далі адпор баевікам, што затрымаліся непадалёк ад польскай місіі.

Дзяржаўныя структуры ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы практычна не функцыянуюць належным чынам, а грамадзяне гінуць у рэлігійных пагромах.

Цягам апошніх тыдняў загінулі, паводле розных падлікаў, каля 100 чалавек. Большасьць зь іх гэта хрысьціяне, якія сталі ахвярамі мусульманскіх баевікоў.

Пагромы й сутыкненьні паміж хрысьціянамі, якія складаюць палову насельніцтва, і мусульманамі, якіх каля 15%, працягваюцца са сьнежня мінулага году.

Сьведкі расказваюць пра страшэнныя злачынствы, якія зьдзяйсьняюць абодва бакі канфлікту - як мусульманскія баевікі, так і хрысьціянскія ўзброеныя групы. Злачынцы не шкадуюць жанчын і дзяцей. Яны гвалцяць, рабуюць і спальваюць вёску за вёскай.

Хаос у краіне пачаўся ў сакавіку мінулага году, калі ў выніку дзяржаўнага перавароту ўладу пераняў Мішэль Джатодзія – лідар мусульманскіх паўстанцаў. У сьнежні баевікі пачалі крывавую разьню хрысьціянскіх жыхароў краіны. У пагромах загінулі больш за 2 тысячы чалавек. Пад уплывам міжнароднага ціску некaлькi тыдняў таму Джатодзія падаў у адстаўку. Кіраваць 4,5-мільённай краінай, якая знаходзіцца практычна ў стане распаду, стала хрысьціянка Кэтрын Самба-Панза.

Тым часам урад, які ня ў стане кантраляваць сытуацыю, поўнасьцю залежыць ад умяшальніцтва замежных войскаў. Парадак у краіне намагаюцца навесьці 1 600 францускіх жаўнераў. Аднак іхныя дзеяньні зводзяцца галоўным чынам да аховы тэрыторыі аэрапорта ў Бангі, дзе ўзьнік часовы лягер для 100 тысяч уцекачоў.

Хаосам ня ў стане авалодаць і Афрыканскі саюз, які накіраваў у Цэнтральна-Афрыканскую Рэспубліку 4 600 жаўнераў.

Таксама Эўразьвяз абвесьціў, што адправіць на месца канфлікту тысячу сваіх вайскоўцаў, але яны, перш за ўсё, зьменяць французаў.

Некалькі дзён таму польскае МЗС рэкамэндавала, каб усе грамадзяне Польшчы неадкладна пакінулі тэрыторыю Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі. Паводле дадзеных міністэрства, у ЦАР знаходзіцца каля 40 палякаў. Гэта, пераважна, місіянэры й асобы, якія супрацоўнічаюць зь місіяй.

З пачатку году іх як мінімум двойчы атакавалі мусульманскія баевікі. МЗС прапануе ім неадкладную эвакуацыю. Аднак місіянэры ня хочуць вяртацца. Яны кажуць, што бязь іх лёс мясцовых жыхароў будзе ўсім абыякавы.

Працаўнікі місіі просяць, каб дзеля аховы мясцовых жыхароў накіраваць у гэты рэгіён міжнародныя войскі.

Некалькі дзён таму сытуацыя крыху стабілізавалася, і місіянэры змаглі вярнуцца ў сядзібу місіі. Аднак айцец Бэнэдыкт Пончка паведамляе з ЦАР, што гэта не канец праблемаў. Непадалёк ад польскай місіі свой лягер заснавалі небясьпечныя баевікі.

Бэнэдыкт Пончка: У сямі кілямэтрах ад нас разьмясьціліся баевікі. Яны называюцца „Бабалядэ”- гэта старая група, арганізаваная калісьці адным зь генэралаў. Яны даволі шматлікія. Гаворыцца нават пра 100 чалавек. Яны нам пастаянна пагражаюць. Два дні таму мы даведаліся, што яны спалілі дзьве вёскі. Таму, на нашую думку, сытуацыя не палепшылася й не палепшыцца, прынамсі да моманту, калі тут не зьявіцца войска.

На гэтым тыдні ў польскую місію прыехалі мэдыкі з арганізацыі „Лекары бязь межаў”, якія прывезьлі мясцовым жыхаром неабходныя лекі. Сытуацыя надалей далёкая ад нармальнасьці.

Бэнэдыкт Пончка: Больш чым месяц людзі сьпяць пад адкрытым небам, у палях, паколькі з боку баевікоў існуе пастаянная пагроза. Цяпер мы зноў у сядзібе місіі. Пакуль мы не ўцякаем. Тым ня менш, у любую хвіліну можа аказацца, што баевікі вырашаць прыехаць сюды да нас ды мы будзем вымушаны зьбегчы.

- распавядае адзін зь місіянэраў айцец Бэнэдыкт Пончка.

Тым часам дапамогу для рэгіёнаў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, ахопленых баявымі дзяньнямі, стараюцца наладзіць браты-капуцыны.

Айцец Томаш Грабец з Фонду „Місіі-капуцыны” кажа, што да іх трапляюць просьбы аб гуманітарнай дапамозе жыхарам Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі.

Найлепш, паводле манахаў, будзе сабраць грошы й купіць патрэбныя рэчы ў суседнім Камэруне або Чадзе. Магчыма, удасца таксама арганізаваць транспарт гуманітарнага грузу з Польшчы.

Томаш Грабец: Патрэбныя перавязачныя матэрыялы, лякарствы, сухое малако й вітаміны для малых дзяцей. Патрэбнае таксама мыла, то бок асноўныя сродкі гігіены.

Айцец Томаш Грабец тлумачыць, што місіянэры ня могуць пакінуць сваіх вернікаў у такой складанай сытуацыі. Яны кіруюцца прынцыпам - „капітан сыходзіць з карабля апошнім”. Падрабязнасьці наконт дапамогі для місіі ў ЦАР можна знайсьці на стронацы www. misjekapucyni.pl.



Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт