Logo Polskiego Radia
Print

Няма сэнсу купляць вітаміны і мікраэлемэнты

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 07.02.2014 12:42
Вітаміны не прадухіляюць захворваньняў, яны могуць нават пашкодзіць.

Спажываньне вітамінаў і мікраэлемэнтаў у таблетках не прыносіць нашаму арганізму ніякай карысьці – аб’явілі амэрыканскія навукоўцы. Іх меркаваньні прыводзіць Dziennik – Gazeta Prawna. Вітаміны не прадухіляюць захворваньняў, няма навуковых падставаў дзеля іх ужываньня, яны могуць нават пашкодзіць, таму лепш іх ня піць. Прафэсар Эдгар Мілер з Johns Hopkins University з Балтымору, адзін з аўтараў праекту, падкрэсьлівае, што моду на вітаміны ўвялі фармацэўтычныя кампаніі. Яны пераконваюць людзей, што ўсім не хапае вітамінаў і мікраэлемэнтаў, таму неабходна іх прымаць, каб захаваць здароўе.

Польскія адмыслоўцы асьцярожна падыходзяць да гэтых заяваў. Яны мяркуюць, што амэрыканскія навукоўцы спэцыяльна фармуліруюць такія вострыя заклікі, каб вярнуць крыху здаровага сэнсу амэрыканскаму грамадзтву, якое верыць, што можна харчавацца фастфудамі, прымаючы вітаміны, у ўсё будзе ў парадку. Але палякі даганяюць Амэрыку ў спаборніцтве, хто паглынае больш вітамінаў і мікраэлемэнтаў. У вялікіх гарадах нават ¾ жыхароў спажывае харчовыя дабаўкі, якія павінны палепшыць форму арганізму. Гэта магутны, даходны й даволі ўстойлівы на крызысы рынак. За некалькі апошніх гадоў у Польшчы паявілася ў продажу больш за 10 тыс. розных вітамінных харчовых дабавак. Меркаваньнем лекараў, самая вялікая праблема не ў тым, што вітаміны ня маюць такога ўплыву на арганізм, як спадзяюцца тыя, хто іх купляе. Праблема ў тым, што харчовыя дабаўкі бываюць шкодныя, асабліва ў выніку перадазіроўкі. Рэклямы пераконваюць людзей, што калі яны не вып’юць таблетку, то ім будзе чагосьці не хапаць. А гэта няпраўда, паколькі кожны арганізм іншы, нельга бяздумна прымаць вітаміны і мікраэлемэнты ў вялікіх дозах, калі мы ня ведаем, чаго нам не хапае. А рэклямы ў СМІ - гэта бывае чысты зьдзек з навукі. Напрыклад, “натуральны магній”, які прапануюць купляць у рэклямах. У харчовых дабаўках ня можа быць “натуральнага магнія”, паколькі гэта толькі ягоная соль, якая атрымліваецца ў выніку хімічнага працэсу.

Кажуць, што разьвіцьцё – гэта два крокі наперад, адзін назад. Магчыма, неўзабаве грамадзтва зробіць адзін крок назад і на рынку застануцца толькі тыя харчовыя дабаўкі, якія сапраўды патрэбныя. Можа, мы тады пачнем вырошчваць салат і зёлкі на балконах?, – спадзяецца Івона Вавэр, старшыня ўправы Рады харчовых дабавак.

Dziennik – Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт