Logo Polskiego Radia
Print

Зіма прыцягвае турыстаў у горы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 01.02.2014 14:48
Каля 3,5 мільярда злотых – столькі даходаў Малапольшчы прыносіць зімовы турызм.

Рэгіён Малапольшча на поўдні краіны атаесамліваецца польскім турыстам амаль выключна зь зімой. Паводле Малапольскай турыстычнай палаты, ажно 35% ад агульных даходаў з турызму, то бок 10 мільярдаў злотых, прыносяць турысты, якія адпачываюць у гэтым рэгіёне менавіта зімой, - чытаем на старонках выданьня „Gazeta Wyborcza”.

Тым часам экспэрты зазначаюць, што яшчэ 10 гадоў таму зімовы сэзон ня быў асабліва прываблівым для турыстаў.

„Разам з павышэньнем стандату жыцьця расьце таксама патрэба ў адпачынку, і нават кароткага. Цяпер у польскіх гарах найбольш папулярныя чатырохдзённыя побыты – ад чацьвярга да нядзелі. Палякі не прыяжджаюць у горы як калісьці на тыдзень альбо два”, - тлумачыць Лешэк Зэгзда старшыня Малапольскай турыстычнай палаты.

Хто найчасьцей наведвае Малапольшчу ў зімовым сэзоне? Апрача палякаў, госьці з Усходняй Эўропы, то бок украінцы й расейцы. Паводле мясцовых жыхароў, яны дасканала арыентуюцца ў зімовым адпачынку й найбольш ахвотна наведваюць традыцыйнае Падгале й Закапанэ.

Тым ня менш, усё большай папулярнасьцю сярод турыстаў пачынаюць карыстацца таксама й іншыя мясцовасьці Малапольшчы, якія апрача зімовых спортаў прапануюць таксама комплексы басэйнаў, паслугі СПА і г.д. Расьце таксама папулярнасьць рэгіёну Бэскіды, дзе пастаянна павялічваецца колькасьць новых лыжных трасаў і гатэляў.

Адной з найбольш папулярных прываблівасьцяў Падгаля, асабліва для сем’яў, нязьменна застаецца катаньне на санях, запрэжаных коньмі. Яго прапануюць амаль у кожнай агратурыстычнай сядзібе ў Малапольшчы. У адным толькі гарадку Закапанэ сані чакаюць турыстаў амаль у кожнай даліне.

На жаль, цэны ўсіх зімовых атракцыёнаў пастаянна растуць, і ня толькі ў Малапольшчы, але таксама агулам у польскіх гарах.

„Усё залежыць ад пункту гледжаньня. Калі параўнаць цэны ў Польшчы з буйнейшымі эўрапейскімі курортамі, то яны не настолькі высокія”, - пераконвае Лешэк Зэгзда, старшыня Малапольскай турыстычнай палаты ў размове з выданьнем „Gazeta Wyborcza”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт