Logo Polskiego Radia
Print

Лепшым футбалістам 2013 стаў Крышціяну Раналду

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 14.01.2014 16:45
У 2013 годзе Раналду забіў 69 галоў у 60 матчах.

У Цурыху ўвечары 13 студзеня быў уручаны «Залаты мяч» лепшаму футбалісту 2013 года. Ім стаў нападнік мадрыдзкага клюбу «Рэал» Крышціяну Раналду. Пачуўшы сваё імя, партугалец пацалаваў сваю сяброўку Ірыну Шэйк, падняўся на сцэну разам з сынам і расплакаўся. Цяпер у партугальца два «Залатыя мячы» (першы ён атрымаў у 2008-м).

Калі ФІФА абвясьціла імёны трох апошніх прэтэндэнтаў на «Залаты мяч»-2013, расклад сіл выглядаў прыкладна так: Мэсі гуляе ў футбол лепш за ўсіх, але год яму сапсавалі траўмы. Раналду гуляе ў футбол лепш за ўсіх, апрача Мэсі, і на працягу ўсяго 2013 г. ён быў у касьмічнай форме, хоць тытулаў ня выйграў. Трэці - Франк Рыбэры перажывае, мабыць, зорны час у сваёй кар'еры, ён выйграў з «Баварыяй» амаль усё, што можна.

Каму б ні дастаўся «Залаты мяч», выбар быў бы па-свойму і лягічным, і справядлівым. І ўсё ж рашэньне аддаць трафей Раналду выкліча найменшую колькасьць спрэчак, лічаць назіральнікі.

Аднак ня ўсім выбар прыйшоўся даспадобы. У прыватнасьці, прэзыдэнт УЭФА Мішэль Плаціні выказаў расчараваньне вынікамі галасаваньня па выбары ўладальніка «Залатога мяча» лепшаму футбалісту сьвету па выніках 2013 года. Плаціні падкрэсьліў, што ён высока ацэньвае партугальца Крышціяну Раналду, але ён засмучаны тым, што ўзнагароды не атрымаў француз Франк Рыбэры.

Прэзыдэнт УЭФА падкрэсьліў, што на працягу 50 гадоў пры ўручэньні гэтага прыза прымаліся пад увагу камандныя дасягненьні прэтэндэнтаў, а пасьля таго, як ўзнагароду стала ўручаць ФІФА, сытуацыя зьмянілася.

Раналду заняў першае месца ў галасаваньні па выбары ўладальніка «Залатога мяча» па выніках 2013 г. зь невялікай перавагай: ён атрымаў 27,99 адсотка галасоў, уладальнік другога месца Мэсі - 24,72 адсотка, а Рыбыры - 23,39 адсотка галасоў.

Узнагарода «Залаты мяч» была заснаваная французскім выданьнем France Football, з 2010 года яна ўручаецца сумесна гэтым часопісам і Міжнароднай футбольнай федэрацыяй (ФІФА). Лепшага футбаліста года выбіраюць па выніках апытаньня капітанаў і трэнераў нацыянальных зборных, а таксама спартовых журналістаў.

На званьне лепшага футбаліста 2013 г. прэтэндавалі таксама нападнік «Барсэлёны» Ліянэль Мэсі, уладальнік чатырох апошніх «Залатых мячоў», ды паўабаронца мюнхенскай «Баварыі» Франк Рыбэры.

Узнагароду за лепшы гол атрымаў форвард швэдскай зборнай Златан Ібрагімавіч. Званьне лепшай футбалісткі атрымала брамнік нямецкай зборнай Надзін Ангерэр. Лепшым трэнерам быў прызнаны былы настаўнік мюнхенскай «Баварыі» Юп Хэйнкес.

Першы «Залаты мяч» Крыштыяну Раналду атрымаў у 2008 годзе, калі выступаў у складзе «Манчэстэр Юнайтэд».

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт