„Не купляй жывога карпа!”
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
20.12.2013 17:41
Акцыю пад такім дэвізам напярэдадні Калядаў праводзіць грамадзкая арганізацыя „Клюб Гая”.
„Не купляй жывога карпа” – гэта заклік польскай няўрадавай арганізацыі „Клюб Гая”. Эколягі заахвочваюць, каб на сьвяты не купляць ў крамах жывой рыбы. Ад сярэдзіны сьнежня абаронцы жывёл распаўсюджваюць ўлёткі, закліканыя спрыяць зьмене ў паводзінах польскіх спажыўцоў.
Акцыя арганізаваная ў межах штогадовай кампаніі „Яшчэ жывы карп”. „Клюб Гая” імкнецца зьмяніць падыход і спажывецкія звычкі, каб зьменшыць пакуты рыбы падчас транспартных перавозак і продажу. Эколягі рэкамэндуюць купляць карпа ў філе, а апроч таго не паводзіць сябе пасыўна і інфармаваць адпаведныя службы аб выпадках парушэньняў закону гандлёвымі пляцоўкамі – каб правадаваць жывую рыбу, трэба мець дазволы, напрыклад, вэтэрынарнага кантролю.
Жывых карпаў пачалі масава прадаваць у Польшчы ў 50-я гады мінулага стагодзьдзя. Такая форма продажу, больш танная і зручная калісьці, паводле эколягаў з „Клюбу Гая”, не павінна працягвацца ў дваццаць першым стагодзьдзі. „Будзь сучасны! Не купляй жывога карпа!” - з такім заклікам штогод зьвяртаюцца да палякаў прыхільнікі „зялёнага” руху.
Паводле старшыні „Клюбу Гая” Яцэка Божэка, у Польшчы дзейнічае цалкам добры закон аб ахове жывёл. Палякі зь вялікай любоўю ставяцца да сабак і катоў. Яны абураюцца, калі даведваюцца, што хтосьці дзесьці можа іх крыўдзіць, але па розных прычынах, у тым ліку з-за такога, а ня іншага мэнталітэту, мы ня бачым, што карп таксама можа пакутаваць, кажа Яцэк Божэк. Карп – гэта таксама жывая жывёла, падкрэслівае Яцэк Божык, а продаж жывых карпаў на Каляды – паводзіны нягодныя чалавека.
Яцэк Божэк: Мы ня супраць карпаў і гадоўцаў карпаў. Мы супраць таго моманту, калі рыбу выцягваюць з вады. І карп церпіць пакуты, пакуль ня трапіць на наш стол. Большасьць рыб, якія прадаюцца ў польскіх крамах – гэта філе або марожаная рыба. Карпы перад Калядамі – гэта адзіны выпадак у Эўропе, калі ў такім маштабе прадаецца жывая істота.
Абаронцы жывёл адзначаюць, што карпы пакутуюць у надта маленькіх кантэйнерах у крамах, а потым душацца, загорнутыя ў поліэтыленавы пакет. Урэшце рэшт перажываюць сапраўдныя пакуты, калі іх няўмелымі або няўпэўненымі рукамі забіваюць дома. Акторка Мая Асташэўска ня бачыць ніякага апраўданьня для такой жорсткасьці. Яна перакананая, што калі б рыба магла падаць голас, то ён быў бы для нас невыносны.
М. Асташэўска: Калі б рыбы маглі падаць голас, то мы напярэдадні Калядаў не маглі б спакойна хадзіць па крамах, кірмашах і з радасьцю рыхтавацца да сьвята. Іх крык быў бы невыносны. Яны душацца, яны спужаныя. Гэта старшэнныя пакуты.
Такая жорсткасьць у дачыненьні жывёл непрымальная! – грымяць прадстаўнікі „зялёных рухаў”.
На шчасьце ўжо летась можна было заўважыць зьмену ў стаўленьні – зьявіліся нават гандлёвыя сеткі, якія ў выніку кампаніі перасталі прадаваць жывую рыбу.
Акцыя „Яшчэ жывы карп” ладзіцца „Клюбам Гая” ўжо 15 гадоў. У апошнія гады клюб удзельнічаў, у прыватнасьці, у дзеяньнях у падтрымку прапановы прыняцьця папраўкі да Закону аб ахове жывёл. У 2009 годзе польскі парлямэнт, у выніку дзейнасьці, м.ін. „Клюбу Гая”, пастанавіў, што палажэньнямі будзе ахопленая таксама рыба.
У межах сёлетняй кампаніі эколягі падрыхтавалі ўлёткі і паштоўкі з лёзунгам „Не купляй жывога карпа!” Абаронцы жывёл заклікаюць не пераносіць жывога карпа без вады, ня пакаваць яго жыўцом у поліэтыленавы пакет, не забіваць яго на вачах дзяцей.
Кампаніі спадарожнічае адукацыя на карысьць жывёл, арганізаваная на факультэце Права і адміністрацыі Сылескага ўнівэрсытэту ў Катавіцах. Праграма ўключае ў сябе сустрэчы з вучнямі старэйшых клясаў, прысьвечаныя прававым нормам у галіне аховы жывёл у Польшчы.
эб