Logo Polskiego Radia
Print

Батарэйка – вораг навакольля

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 10.01.2014 18:12
  • 03.01.14 eko.mp3
Адна пальчыкавая батарэйка ў сьмецьці можа атруціць да 400 літраў вады.
фота: nn.byфота: nn.by


У 2013 годзе ў Беларусі ў розных кропках масавага збору людзей, у прыватнасьці, у буйных гандлёвых цэнтрах, былі ўсталяваныя сотні кантэйнэраў для збору адпрацаваных батарэек. У Менску такіх кропак ўжо некалькі дзясяткаў. Аднак батарэйкі і так у большасьці трапляюць на звалкі.


На любым элемэнце сілкаваньня ёсьць значок у выглядзе перакрэсьленага сьмецьцевага кантэйнера, які кажа аб недапушчальнасьці зьмешваньня іх зь іншымі бытавымі адходамі. Адна пальчыкавая батарэйка можа атруціць да 400 літраў вады.

Кантэйнэры для збору адпрацаваных батарэек павінны быць паўсюдныя, лічыць кіраўнік экалягічнай грамадзянскай ініцыятывы «TERRA‑Канвэнцыя» Валеры Дранчук.

В. Дранчук: Я неаднойчы выступаў за тое, каб гэта было дзесьці на аўтастанцыі, на вакзалах, там, кудой людзі часта мкнуць. Каб гэта былі сталыя, апазнавальныя месцы, каб яны ня зрушваліся, а заўсёды былі на тым ці іншым месцы. Як гадзіньнік у горадзе. Усе добра ведаюць, дзе ў горадзе можна зьверыць гадзіньнік.

Трэба адзначыць, што асобныя кантэйнэры таксама патрэбныя для адпрацаваных картрыджаў прынтараў, акумулятараў ноўтбукаў. Таксычныя і некаторыя іншыя элемэнты лічбавай тэхнікі.

У разьвітых краінах сьвету батарэйкі можна вярнуць вытворцу. У Беларусі пакуль такіх вырашэньняў няма.

Між тым, як заўважае Валеры Дранчук, варта зьвярнуць увагу на неабходнасьць пераходу ў побыце з батарэек на акумулятары. Гэта эканамічна выгадна і ня трэба ламаць галаву, дзе захоўваць батарэйкі і як іх утылізаваць.

В. Дранчук: Гэта прыжывецца і будзе ўспрынятае, калі ўсё гэта будзе рабіцца пасьлядоўна і ўсур’ёз. Калі гэтая справа будзе жывая. Тады і на акумулятары людзі будуць пераходзіць, асабліва, калі якасьць гэтых акумулятараў будзе добрая. Калі ўсе мэханізмы руху "зь зялёным адценьнем" будуць даведзеныя да дасканаласьці і ладу, усё будзе ўпрынятае насельніцтвам. Людзі будуць бачыць, што гэта сур’ёзна, гэта не гульня, не чыноўніцкая адмашка, акцыя, пра якую хутка забудзем. Калі справа будзе нефармальная, жывая, пасьлядоўная і працяглая, то эфэкт, несумненна, будзе.


Каб хутчэй дабіцца пажаданага эфэкту, кіраўнік экалягічнай групы «TERRA‑Канвэнцыя» прапануе ўвесьці дробную плату за сэлектыўны збор сьмецьця.

В. Дранчук: Гэта як заахвочанне, як стымул. Не адразу ўсе гэта ўспрымуць галавой, сьвядомасьцю ці маральлю. Калі за гэта будзе нейкая капейчына, то я думаю, што нават дзеткі будуць выпрошваць у бацькоў: „Татачка, дай мне батарэйку, я хачу яе здаць”. І няхай дзеці заробяць на цукеркі ці марозіва. Гэта будзе заахвочваць, безумоўна.

На сьметніку цяжкія мэталы з батарэек трапляюць у глебу, грунтавыя воды ці паветра (калі звалка гарыць) і тым самым паступаюць у харчовыя ланцугі. Апошнім зьвяном многіх харчовых ланцугоў зьяўляецца чалавек, які разам з прадуктамі харчаваньня атрымлівае пэўную дозу шкодных рэчываў. У батарэйках зьмяшчаюцца ртуць, нікель, кадмій, сьвінец, літый, марганец і цынк, якія маюць уласьцівасьць назапашвацца ў жывых арганізмах, у тым ліку і ў людзях. Нават невялікая іх колькасьць небясьпечная і наносіць істотную шкоду здароўю: выклікае праблемы з ныркамі, захворваньні мозгу, канцэрагенэз, нэрвовыя расстройствы, пагаршэньне зроку, слыху, парушэньні рухальнага апарату, анэрэксію, млоснасьць, захворваньні дыхальнай сыстэмы.

***

Госьцем нашай перадачы быў вядомы беларускі журналіст і эколяг, кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы «TERRA‑Канвэнцыя» Валеры Дранчук.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт