Logo Polskiego Radia
Print

Мандэла ня выканаў спадзяваньняў чарнаскурых

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 11.12.2013 14:39
„Розьніцы ў даходах большыя, чым у часы апартэіду”, - лічыць генсакратар Асацыяцыі палітычных навук ПАР.
Nelson MandelaNelson Mandelafot. Wikimmedia Commons/lic. CC/South Africa The Good News

„Цягам 20 гадоў з моманту зьвяржэньня апартэіду былі пабудаваныя 3 мільёны новых дамоў, адкрытыя некаторыя сацыяльныя праграмы, на палову зьменшылася колькасьць людзей, якія жывуць у крайняй галечы. Тым ня менш, надзеі рашучай большасьці чарнаскурых жыхароў ПАР ня споўніліся, паколькі розьніцы ў даходах сталі большымі, чым у часы апартэіду”, - кажа ў інтэрвію выданьню „Gazeta Wyborcza” Дырк Котз, генэральны сакратар Асацыяцыі палітычных навук Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.

Пасьля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах у 1994 годзе Нэльсан Мандэла пачаў ажыцьцяўляць Праграму адбудовы й разьвіцьця – сацыял-дэмакратычную стратэгію, якая засяроджвалася на паляпшэньні жыцьця грамадзянаў ПАР. Але ўжо ў 1996 годзе ён вырашыў, што прыярытэтам павінна быць працягваньне даверу з боку замежных інвэстараў і фінансавых рынкаў. У выніку перайшоў да нэалібэральнай палітыкі.

„Гаворка ідзе пра прапорцыі. Працяг стабільнасьці дзяржавы, ейнай валюты й эканомікі - вельмі важнае. Аднак трэба таксама памятаць пра павышэньне ўзроўню жыцьця найніжэйшых грамадзкіх слаёў. Тым часам, вельмі мала сродкаў стала прызначацца на дапамогу найбяднейшым”, - кажа Дырк Котз, нагадваючы, што толькі 7% зямлі, якая ў часы апартэіду належала белым, была перададзеная чорным грамадзянам. Улады забылі таксама пра падтрымку невялікіх эканамічна незалежных сельскіх гаспадаркаў, якія маглі б даць працу й даходы многім бедным людзям.

„Ягоная памылка (рэд. Нэльсана Мандэлы) заключаецца ў тым, што ён засяродзіўся на разьвіцьці фармальнай эканомікі, у якой дзейнічаюць беласкурыя, а зусім забыўся пра нефармальную эканоміку, якая дазволіла б жыць многім чарнаскурым грамадзянам” - кажа суразмоўца газэты. Тым часам беспрацоўе у ПАР складае 37% і закранае галоўным чынам чарнаскурых грамадзянаў.

„Гэта, перш за ўсё, вынік трагічнага стану адукацыі. Па гэтай прычыне мільёны чарнаскурых ня ўстане ўдзельнічаць у эканамічным жыцьці краіны. Чытаць на мінімальмым ўзроўні умее толькі кожны шосты 12-гадовы падлетак. Гэта горш, чым у часы апартэіду”, - сьцьвярджае Дырк Котз - генэральны сакратар Асацыяцыі палітычных навук Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі ў інтэрвію штодзёнцы „Gazeta Wyborcza”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт