У Бэльгіі пакутаваньне ў выніку дэпрэсіі або страх перад хваробай – гэта дастатковы аргумэнт, каб пры дапамозе лекара закончыць жыцьцё. Пра эўтаназію ў гэтай краіне піша Polityka. Летась такой магчымасьцю скарысталіся 1432 бэльгійцы, гэта 2% усіх памерлых. Абсалютная бальшыня была цяжка хворая, але некалькі дзясяткаў чалавек закончылі жыцьцё з іншых прычын. Напрыклад, 44-гадовы Натан Вэргельст, які нарадзіўся дзяўчынкай. Пасьля няўданай апэрацыі зьмены пола Натан заявіў, што стаў монстрам, а лекары згадзіліся, што гэта дастатковая матывацыя яго жаданьня пайсьці з жыцьця.
На думку бальшыні бэльгійцаў, закон аб эўтаназіі працуе так, як трэба, дыскусіі вядуцца толькі вакол тэхнічных падрабязнасьцяў. Але ёсьць невялікая група людзей, якія вельмі занепакоеныя тым, што сьмерць становіцца трывіяльнай, а грамадзкія сувязі распадаюцца.
Бэльгія была другой пасьля Галяндыі краінай, якая ўвяла права на эўтаназію. Пазьней зрабіў гэта Люксэмбург. У Швайцарыі, а таксама некаторых штатах ЗША, лекар або іншая асоба можа даць чалавеку сьмяротныя яд, але гэта дапамога ў самагубстве, а не эўтаназія.
“У нас вельмі добрыя законы. З аднаго боку дазваляюць закончыць пакуты, але з іншага боку гэта рашэньне, якое ня так лёгка ажыцьцявіць. Раней нам таксамаа здаралася скарачаць жыцьцё, а закон даў нам псыхічны камфорт, што робім гэта легальна”, - тлумачыць доктар Сара Ван Лаер, якая дапамагла памерці 28 асобам. “Праціўнікі эўтаназіі, бадай, ніколі не былі сьведкамі сапраўдных пакутаў, асабліва кагосьці блізкага, - дадае лекар.
Праціўнікі эўтаназіі не жадаюць чуць пра тое, што сьмерць можа быць прыгожай або патрэбнай. Але ў Бэльгіі яны праігрываюць у бітве зь яе прыхільнікамі. Парлямэнт працуе цяпер над папраўкамі, якія могуць панізіць мінімальны ўзрост, калі дазволена эўтаназія. Цяпер рашэньне могуць прыняць толькі паўнагадовыя асобы, але прыхільнікі прыводзяць аргумэнт, што пакуты дзіцяці могуць быць такія ж страшныя, як і дарослага. Так што права на эўтаназію можа быць пашырана.
Polityka/нг