Logo Polskiego Radia
Print

На навагоднія сьвяты вырасьце цана шакаладу

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 30.09.2013 11:30
“Gazeta Wyborcza”: Засуха ў Афрыцы й канец крызысу па начах сьняцца вытворцам шакаладу.
Крама з шакалядам у БэльгііКрама з шакалядам у БэльгііАляксандр Папко/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

“Gazeta Wyborcza”: Засуха ў Афрыцы й канец крызысу па начах сьняцца вытворцам шакаладу. Адно й другое можа прымусіць іх падняць цэны, і гэта ў пік сэзону - неўзабаве навагоднія сьвяты, калі шакалада прадаецца найбольш. Тымчасам на сусьветных біржах расьце цана какао. Вытворцы як агня баяцца павышэньня цэн, усё ж спажыўцоў могуць чакаць цяжкія часы.

Цягам шасьці месяцаў цана масла какао, якога ў шакаладзе ня менш за 26%, вырасла амаль удвая – з 4 тысяч да 7 тысяч даляраў за тону. Гэта найбольш з 2008 году. Зерне какао на сусьветным рынку толькі зь ліпеня падаражэла на 20%. Акрамя гэтага на рынку пачынае не хапаць какао і ўпершыню з 2010 году попыт можа перавысіць прапанову.

Гэтаму ёсьць дзьве прычыны: засуха ў Заходняй Афрыцы, адкуль паходзіць 70% ураджаю, і рост попыту на шакалад.

Паводле падлікаў, сёлета сусьветны продаж шакаладу можа скласьці 7,4 мільёны тон і дасьць прыбытак 110 мільярдаў даляраў. У 2009 годзе было прададзена 6,9 мільёнаў тон.

Падчас крызысу людзі ашчаджаюць і выдаюць менш грошай на прыемнасьці, у гэтым шакалад. Аднак крызыс пакрысе завяршаецца й кліенты вяртаюцца да старых звычак.

Сусьветныя шакаладныя карпарацыі пакуль не адказваюць на пытаньні аб росьце цэн. “Фірмы закупаюць какао значна раней. Таму магчымае павышэньне цэнаў чакаецца пад канец году. Яно складзе некалькі-некалькі дзясяткаў працэнтаў”, - мяркуе дырэктар Польскай фэдэрацыі харчовых вытворцаў Анджэй Гантнэр. Ён перакананы, што прадстаўнікі галіны ў Польшчы чакаюць першага кроку якога-небудзь буйнога гульца. Калі ён падыме цэны, то ўсьлед за ім пойдуць астатнія фірмы.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт