Logo Polskiego Radia
Print

Ваяўнічыя манахі

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 25.09.2013 11:48
Не іслам, а будызм становіцца пагрозай для міру ў Паўднёвай Азіі. Новы, небясьпечны твар будызму апісвае штотыднёвік "Polityka".

Будда.
Будда. Фото: Getty Images/FPM

Да нядаўняга часу прыгарад Калёмба, сталіцы Шры-Ланкі, жыў ціха і мірна. 10 жніўня на вуліцы выйшаў агрэсіўны натоўп. У бок мусульманскага храму паляцелі палкі, камяні і праклёны. На наступны дзень пад храмам зьявіліся яго абаронцы, разьвязалася сапраўдная бітва. Паліцыя нават не спрабавала ўмяшацца. Нападнікамі былі апранутыя ў жоўта-аранжавыя адзеньні будыйскія манахі. Мячэць абаранялі мясцовыя мусульмане.

У М'янме аналагічныя напады на вернікаў Алаха здараюцца рэгулярна з 2012 года. Пяць месяцаў таму ў мясцовасьці Мэіктыла ўзброены натоўп на чале з будыйскімі манахамі напаў на мясцовыя мячэці. Загінулі 44 асобы, у тым ліку вучні і настаўнікі мэдрэсэ. Аднаму з хлопчыкаў адсеклі галаву, двух іншых спалілі жыўцом. Паліцыя зьявілася позна або наогул не рэагавала. Праваахоўныя органы паводзяць сябе пасыўна, бо, так як новы ўрад М'янмы, падтрымліваюць будыйскія выступы супраць мусульман.

У Шры-Ланцэ, М'янме, Тайландзе будыйскія манахі, як прадстаўнікі пануючай рэлігіі, заключылі фаўстаўскую дамову з урадам: яны выкарыстоўваюць свой статус сьвятых на зямлі, каб узаконіць мясцовыя рэжымы, а ўзамен атрымліваюць абарону і поўную падтрымку дзяржавы.

Заходняе разуменьне будызму — гэта сумесь лозунгаў і ўяўленьняў, пададзеных нам элітамі тыбецкага духавенства, прапушчаная праз турбіну поп-культуры. З пачатку 90-х гадоў частка будыйскай інтэлігенцыі, на чале з Далай-ламам, спрабуе прадставіць сьвету складаную філязофскую сыстэму ў даступнай форме, падкрэсьліваючы яе прывабныя моманты: паняцьце кармы, самаадрачэньня, адраджэньня, адмову ад матэрыяльных аспэктаў жыцьця і пацыфізм. Гэтыя паняткі сталі ідэальным адказам на рэлігійную патрэбу грамадзтваў Эўропы і ЗША.

Будызм стаў унікальнай прапановай, бо для звычайных вернікаў не нясе з сабой ніякіх маральных абмежаваньняў, дазваляе спалучаць духоўную практыку з багацьцем. Яго папулярнасьці спрыяюць вядомыя пасьлядоўнікі: Мадонна, Ціна Тэрнэр і Леанард Коэн, будуючы вобраз рэлігіі эліт. Ідэалістычны, амаль звышчалавечы характар пасьлядоўнікаў будызму ​​ўвасабляюць басаногія тыбецкія манахі — адданыя малітве, выбачэньню, пакутам, якія зносіць моўчкі.

Між тым будыйскія манахі часта адрозьніваюцца ад высакароднага стэрэатыпу. У Паўднёвай Азіі некаторыя сьвятары вядуць незаконную дзейнасьць, раскошны і распусны лад жыцьця. Адзін з самых уплывовых тайскіх манахаў нядаўна быў абвінавачаны ў адмываньні грошай, а таксама ў згвалтаваньні.

Сьледзтва па яго справе было праведзенае з-за кароткага фільму, легкадумна апублікаванага манахамі на YouTube. У ім былі паказаныя трое будыйскіх сьвятароў на борце раскошнага самалёта, які, як пазьней высьветлілася, належыць храму, у якім яны служылі. Галоўны абвінавачаны меў больш за 40 банкаўскіх рахункаў, паміж якімі кружлялі мільёны даляраў. Некалькі гадоў таму ён купіў сабе 22 эксклюзіўныя аўтамабілі Mercedes.

У Тайландзе многія манахі, ад якіх рэлігія патрабуе бясшлюбнасьці, сьціпласьці і ўстрыманьня, жывуць далёка ад гэтых прынцыпаў.

Да нядаўняга часу будызм асацыяваўся нам з дабрадушным тварам мудраца Далай-ламы. Цяпер ён набыў канкурэнта — сьвятара-экстрэміста зь Бірмы, якога называюць будыйскім Асамам бін Ладэнам. 45-гадовы Ашын Ўайрату стаў прапаведнікам нянавісьці. Створаны ім на радзіме нэанацысцкі рух ставіць перад сабою мэту — выгнаньне мусульман, якія там пражываюць. На дадзены момант ён прапагуе рэлігійную і этнічную чысьціню ў Бірме. Аднак аналітыкі бачаць у ім пагрозу для стабільнасьці ўсяго рэгіёну.

Словы "будыст" і "тэрор" несупраставімыя ў нашым уяўленьні аб гэтай рэлігіі.

Між тым Ўайрату называе мусульман "шалёнымі сабакамі" і падкрэсьлівае, што яны "плодзяцца, як рыбы", каб хутка павялічыць сваё насельніцтва і кантраляваць эканоміку. Ён лічыць, што бірманцам трэба пазбавіцца ад мусульман, інакш яны іх задушаць.

Ад нападаў, арганізаваных манахамі з 2012 года, у М'янме былі забітыя сотні вернікаў ісламу, каля 140 тысяч мусульман былі вымушаныя пакінуць свае дамы. У дакладзе Human Rights Watch назвала гэты перасьлед этнічнымі чысткамі, а ў кантэксьце анты-мусульманскіх пагромаў у М'янме ўсё часьцей гучыць слова "нэанацызм".

Некаторыя экспэрты падкрэсьліваюць, што будызм ў многіх краінах Паўднёвай Азіі страціў сувязь са сваёю духоўнаю асноваю. Час лясных манастыроў у адлюдных месцах, дзе багатае духоўнае жыцьцё замяшчала фізычныя пажады, адышоў у мінулае. У многіх азіяцкіх краінах сёньня пасьлядоўнікі будызму спрабуюць знайсьці сябе ў шумных гарадах, сярод мноства спакусаў. На працягу сотняў гадоў будыйскія манахі жылі з ахвяраваньняў, у асноўным у натуральнай форме. Сёньня вернікі даюць ім грошы, якія зьяўляюцца крыніцай новых праблем. Новы сэнс набывае прыход у манаства на пэўны час — калісьці гэта быў спосаб, каб затрымацца і задумацца над сваім жыцьцём, а цяпер гэта выдатная магчымасьць навязаць бізнэсовыя кантакты і ўзбагаціцца.

Маладым вернікам будызму ў буйных гарадах Тайланду і М'янмы слова "нірвана" ўсё часьцей асацыюецца з назвай музычнага гурту, а іх жыцьцёвы шлях вызначае гвалт.


polityka.pl/эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт