30 верасьня стане вядомай дата кананізацыі бласлаўлёнага Папы рымскага Яна Паўла ІІ і Папы рымскага Яна XXIII. Пра гэта паведаміў кардынал Анджэля Аманта – прэфэкт Кангрэгацыі кананізацыйных спраў.
Пакуль што дату ўрачыстасьці, якую чакае ўвесь Каталіцкі касьцёл і асабліва палякі, ведае толькі пантыфік Францішак.
Аднак жа мяркуецца, што кананізацыйная ўрачыстасьць пройдзе вясной будучага года, то бок у нядзелю Божай Міласэрнасьці 27 красавіка.
Сьвята Божай Міласэрнасьці - гэта выдатная дата дзеля настолькі важнай падзеі, - лічыць езуіт, ксёндз Кшыштаф Алдакоўскі.
кс. Кшыштаф Алдакоўскі: Сымболіка сьвята Божай Міласэрнасьці вельмі важная, паколькі гэтую ўрачыстасьць устанавіў сам Папа рымскі Ян Павал ІІ. Гэтак ён распаўсюдзіў пасланьне, перададзенае Богам за пасярэдніцтвам сьвятой Фаўстыны Кавальскай, якая была кананізаваная Янам Паўлам ІІ у 2000 годзе. Нагадаю, гэта таксама дзень сьмерці Яна Паўла ІІ. Ён пайшоў з жыцьця а 21.37, то бок напярэдадні сьвята Божай Міласэрнасьці, якое заканчвае пэрыяд Вялікагадня ў літургічным календары Каталіцкага касьцёла.
Папа рымскі Ян Павал ІІ быў бэатыфікаваны ў 2011 годзе, а ягоная кананізацыя пройдзе трымя гадамі пазьней. Як падкрэсьліваюць камэнтатары, гэта вельмі хутка.
кс. Кшыштаф Алдакоўскі: Несумненна, кананізацыя пройдзе вельмі хутка. Тым ня менш, гэтаму спрыяюць някаторыя акалічнасьці. Напрыклад, жывуць усе сьведкі, захаваная ўся творчая спадчына Яна Паўла ІІ. Гэта несумненна спрыяльны факт. Ян Павал ІІ – наш сучасьнік, вядомы нам усім. Мы зьяўляемся сьведкамі яго маральнага аўтарытэту. Тым часам з асобамі, якія жылі даўно, такая праблема, што няма сьведкаў, не хапае дакумэнтаў, прападае памяць. Трэба сказаць, што менавіта сэнс існаваньня Касьцёла - „нараджаць” сьвятых. У гэтым выпадку кожны пантыфік, скажам так, пакліканы да сьвятасьці. Зразумела, ён становіцца сьвятым не таму, што быў абраны Папам рымскім, але з-за таго, як ён гэтую місію выконваў. Гэта робіць яго сьвятым.
Разам зь Янам Паўлам ІІ на той жа ўрачыстасьці будзе кананізаваны Папа рымскі Ян XXIII.
кс. Кшыштаф Алдакоўскі: Ян XXIII – гэта асоба, якая зьдзейсьніла пералом у Каталіцкім касьцёле. Гэта ён склікаў ІІ Ватыканскі сабор, які пераасэнсаваў месца Касьцёла ў сьвеце. Можна сказаць, што дзякуючы яму Касьцёл адкрыўся на сучасныя культурніцкія плыні, іншыя веравызнаньні, на сьвет няверуючых. І гэта дзякуючы Яну XXIII. У сваю чаргу Ян Павал ІІ быў пантыфікам, які ажыцьцявіў гэтыя ідэі, увёў іх у штодзённую практыку Касьцёла. І гэта аб’ядноўвае абодвух іерархаў. Можна сказаць, што яны зьяўляюцца дзьвумя апорамі Касьцёла: як Пётр і Павал былі апорамі Касьцёла апостальскіх часоў, так Ян XXIII і Ян Павал ІІ зьяўляюцца апорамі сучаснага Касьцёла.
Кананізацыя Яна Паўла ІІ - гэта выключная падзея для Каталіцкага касьцёла ў Польшчы, да якой польскія каталікі павінны падрыхтавацца адпаведным чынам, - кажа ксёндз Кшыштаф Алдакоўскі.
кс. Кшыштаф Алдакоўскі: Гэта вельмі важнае пытаньне, паколькі нас –палякаў - часта абвінавачваюць у павярхоўным і эмацыянальным стаўленьні да Яна Паўла ІІ. Паводле мяне, культ ягонай асобы - гэта перш за ўсё рэалізацыя яго ідэалаў у жыцьці. Гэта патрабуе азнаямленьня зь ягоным навучаньнем, зь яго спадчынай. Зразумела, гаворка ідзе не пра цытаты, але пра ўзор паводзінаў. Трэба, каб ягоныя словы адлюстроўваліся ў розных сфэрах нашага жыцьця: эканамічнай, асабістай, сямейнай. Гэта асноўная задача, якая стаіць перад намі. У Польшчы хапае ўжо помнікаў, пляцаў ды вуліцаў імя Яна Паўла ІІ. Цяпер трэба распаўсюджваць яго навучаньне. Паводле мяне, гэта й ёсьць ісьціна культу Яна Паўла ІІ, і гэта нам -палякам - патрэбна.
- лічыць езуіт, ксёндз Кшыштаф Алдакоўскі.
*******
Багаслаўлёны Ян XXIII - Папа Рымскі ў 1958 -1963 гадах, італьянец па-паходжаньні. Вялікі рэфарматар Каталіцкага касьцёла. У час каранацыі не дазволіў біскупам цалаваць яго калені й ступні, а толькі персьцень. Першы Папа пасьля 1870 гога, які правёў афіцыйную сустрэчу па-за Ватыканам (наведаў зьняволеных у турме). Партыфік склікаў Другі Ватыканскі сабор (11.10.1962), на якім абмяркоўваліся рэформы Каталіцкага касьцёла. Упершыню прыняў на аўдыенцыі англіканскага арцыбіскупа. Абвешчаны багаслаўлёным (2000), парэшткі цела перанесены з падзямельляў Ватыкану ў сабор Сьвятога Пятра.
Багаслаўлёны Ян Павал ІІ (Караль Юзэф Вайтыла), Папа рымскі ў 1978 – 2005 гадах. Паляк, нарадзіўся 18 траўня 1920 года ў Вадавіцэ на поўдні Польшчы. Увёў новы Кодэкс кананічнага права (1983), абвясьціў новы Катэхізіс Каталіцкага касьцёла (1992). Правёў 104 замежныя падарожжы, наведаў 129 краін. Бэатыфікаваў 1343, кананізаваў 482 асобы. Прызначыў на пасады 321 біскупа і 232 кардыналаў. Выдаў 14 энцыклік, 15 апостальскіх адартацый, 11 апостальскіх канстытуцый, 45 апостальскіх пасланьняў, 30 дакумэнтаў у форме „motu propri”, напісаў тысячы папскіх лістоў. Апублікаваў тры кніжкі. Выжыў у замаху на яго жыцьцё (13 мая 1981), сваё ацаленьне тлумачыў заступніцтвам Маці Божай Фацімскай. Па працягласьці свайго пантыфікату Ян Павал ІІ саступае толькі Апосталу Пятру й папу Пію ІX (1846 - 1878). Яго пераемнікам стаў нямецкі кардынал Ёзэф Ратцынгер, які прыняў імя Бэнэдыкт XVI. У 2000 годзе ўзнагароджаны вышэйшай узнагародай ЗША - Залатым мэдалём Кангрэса.
кі/аз/wikipedia.org