Logo Polskiego Radia
Print

Як макулятура можа выратаваць коней

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 02.08.2013 15:15
  • Як макулятура можа выратаваць коней.mp3
У Польшчы ўжо 10 гадоў праводзіцца акцыя “Зьбірай макулятуру, ратуй коней”.
wikipedia.plwikipedia.pl

Акцыя “Зьбірай макулятуру, ратуй коней” была запачаткаваная 10 гадоў таму экалягічнай арганізацыяй “Клюб Гая”, а сёлета ў ёй прымае ўдзел 196 адукацыйных установаў з цэлай Польшчы, а таксама 19 фірмаў і крамаў. Вучні й дарослыя ў мінулым школьным годзе сабралі 525 тон макулятуры. Гэта амаль удвая больш, чым год таму. Дзякуючы гэтаму “Клюб Гая” выратаваў чарговых коней: Дынастыю, Брошку, Макса й Фэту, а таксама працягнуў лячэньне і ўтрыманьне 16 іншых коней.

Акцыя “Зьбірай макулятуру, ратуй коней” вучыць адказнасьці за выкарыстоўваньне багацьця навакольнага асяродзьдзя й папулярызуе пашану правоў жывёл. Расказвае каардынатарка кампаніі Ялянта Мігдал.

Я. Мігдал: Акцыя “Зьбірай макулятуру, ратуй коней” зьяўляецца часткаю экалягічнай адукацыі “Клюбу Гая” ў рамках праграмы “Сьвята дрэва”. Падчас гэтай акцыі мы закранаем два аспэкты. Першы – гэта адказнае карыстаньне прыродай, між іншым, мы вучым сэгрэгаваць сьмецьце. А зь іншага боку, мы хочам паказаць, што пры нагодзе можна дапамагчы іншым, заахвоціць да грамадзкай актыўнасьці. Мы выбралі коней. Атрыманыя ад продажу макулятуры грошы мы прызначаем на іх ратаваньне.

Актывісты выкупляюць коней, якія прызначаныя на забой, лечаць і ўтрымліваюць гэтую жывёлу. Апека над такім канём афармляецца ў форме ўсынаўленьня. Усе выкупленыя жывёлы належаць арганізацыі. Яна аднак перадае іх ва ўсынаўленьне асобам, таварыствам, фондам, якія запэўніваюць коням пажыцьцёвае існаваньне, апеку. Часта гэтыя коні надалей служаць людзям.

Я. Мігдал: Вельмі часта гэта жывёла, якая цалкам працаздольная, яна можа служыць для іпатэрапіі, у лёгкай працы на полі, для адпачынку. Мы хочам, каб гэтыя коні надалей былі з чалавекам і маглі б такім чынам адудзячвацца за апеку над імі.

Цягам 10 гадоў у рамках акцыі “Зьбірай макулятуру, ратуй коней” было сабрана 2742 тоны макулятуры й выратавана 54 жывёлы. Эколягі адзначаюць, што кожная тысяча кіляграмаў выкарыстанай паперы, якая нанова трапляе ў вытворчасьць, дазваляе выратаваць 17 дрэваў, тры кубамэтры паверхні на сьмецьцезвалцы, амаль 30 тысяч літраў вады й 40% энэргіі.

Ялянта Мігдал адзначае, што ў сярэднім адзін кіляграм макулятуры каштуе 10 грошай, а каб выкупіць каня – трэба 5 тысяч злотых (1600 даляраў).

Я. Мусял: Трэба такую жывёлу выкупіць, перавезьці, лячыць, купіць авёс ці сена. Атрымліваецца немалая сума. Актывісты самастойна, зразумела, столькі макулятуры сабраць ня могуць. Таму мы праводзім акцыю найперш у школах і садках. Адукацыйныя пляцоўкі вельмі актыўна ўключаюцца ў акцыю. Акрамя гэтага з кожным годам усё больш крамаў, фірмаў і ўстановаў далучаецца да збору макулятуры.

Штогод у Польшчы на забой прызначаецца 60 тысяч коней. Большасьць зь іх прадаецца за мяжу, куды коні трапляюць пасьля доўгай і цяжкой дарогі. На забой прызначаюцца й маладыя коні, якіх гадуюць адмыслова на мяса, а таксама хворыя жывёлы, якія працавалі ў гаспадарках ці выкарыстоўваліся ў спорце.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт