Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы вяртаецца мода на алькаголь

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 04.07.2013 15:14
Палякі зноў больш п’юць і становяцца ўсё больш агрэсіўнымі,- сьведчаць зьвесткі Міністэрства здароўя.

/

У Польшчы скончыўся кароткі пэрыяду зьніжэньня спажыцьця алькаголю. Ужываньне сьпіртных напояў выразна расьце, - папярэджвае Міністэрства аховы здароўя ў адмысловай справаздачы па рэалізацыі Закону аб выхаваньні ў цьвярозасьці. Зьмест дакумэнту прыводзіць у сваім артыкуле „Rzeczpospolita”.

Кожны грамадзянін Польшчы, улічваючы пажылых людзей і немаўлят, выпівае ў год у сярэднім 9,25 літра чыстага алькаголю. Калі дадаць да гэтага незарэгістраванае спажываньне самагонкі, паказьнік, хутчэй за ўсё, узрасьце да 11 літраў.

Чаму палякі п'юць больш? Паводле экспэртаў, таму што алькаголь становіцца ўсё больш танным. Адмыслоўцы зьвяртаюць таксама ўвагу на недагляд з боку дзяржавы, як, напрыклад, адсутнасьць сацыяльных кампаній.

Уплыў на павышанае спажываньне сьпіртных напояў можа мець таксама эканамічны крызыс. Кшыштаф Бжузка, дырэктар Дзяржаўнага агенцтва па вырашэньні алькагольных праблемаў, кажа аб фармаваньні пэўнай моды на алькаголь. „Да гэтага прычыняюцца як палітыкі, так і папулярныя зоркі попкультуры”, - кажа Бжузка.

Тым часам растуць сацыяльныя й эканамічныя кошты алькагалізму ў Польшчы. Паводле агульных ацэнак, яны могуць складаць ад 20 да 40 мільярдаў злотых у год. У прыватнасьці, гэта кошт лячэньня наступстваў алькаголю для здароўя й зьніжэньне прадукцыйнасьці працы. Тым больш, што палякі ня толькі больш п’юць, але і часьцей пад уплывам алькаголю праяўляюць агрэсію.

Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, у 2011 годзе павялічылася доля нецьвярозных асоб сярод зьдзяйсьняльнікаў розных відаў злачынстваў, у тым ліку забойстваў, - паведамляе „Rzeczpospolita”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт