Сэйм вырашыў пра бацькоўскія водпускі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
29.05.2013 14:36
Цяпер урад абяцае таксама Нацыянальную карту вялікай сям'і.
Прадаўжэньне бацькоўскага водпуску – гэта першы крок у напрамку стварэньня агульнай сыстэмы падтрымкі сем'яў. Міністар працы Ўладыслаў Касіняк-Камыш у размове з журналістам выданьня „Rzeczpospolita” заявіў aб працы над законапраектам па ажыцьцяўленьні Нацыянальнай карты вялікай сям'і.
Кіраўнік Міністэрства працы не выключае таксама, што ягонае ведамства будзе адстойваць, каб некалькімі тыднямі гадавога бацькоўскага водпуску маглі скарыстацца выключна бацькі.
Нагадваем, крытыкі прынятых Сэймам зьмяненьняў перасьцерагаюць, што доўгімі бацькоўскімі водпускамі будуць карыстацца ў асноўным жанчыны, і гэта прывядзе да пагаршэньня іх становішча на рынку працы. „Калі мы толькі зафіксуем гэткія тэндэнцыі, будзем задумоўвацца над абгрунтаванасьцю гэтых рашэньняў, - кажа міністар.
Працы над папраўкамі ў Працоўны кодэкс пра падаўжэньне бясплатных бацькоўскіх водпускаў праходзілі вельмі паскоранымі тэмпамі. У апошні аўторак раніцою прайшло другое чытаньне праекта, затым ён быў адпраўлены ў спэцыяльную камісію, а ў другой палове дня прайшло трэцяе чытаньне й галасаваньне.
Прапанаваныя ўрадам зьмены падтрымалі ўсе парлямэнцкія фракцыі. Усё ж падчас другога чытаньня праекту былі ўнесеныя 17 паправак, зь якіх камісія ўзяла пад увагу толькі адну – прапанову Саюзу левых дэмакратычных сілаў. Фракцыя патрабавала, каб бясплатны водпуск па догляду дзіцяці бацькі маглі выкарыстаць ажно да заканчэньня пятага году жыцьця дзіцяці.
Новыя правілы азначаюць, што бацькі дзяцей, народжаных пасьля 31 сьнежня 2012 году, будуць мець права на 20 тыдняў дэкрэтнага водпуску (у тым ліку 14 тыдняў зарэзэрваваных выключна для маці), шэсьць тыдняў дадатковага водпуску й 26 тыдняў бацькоўскага водпуску. Дадатковым й бацькоўскім водпускамі змогуць скарыстацца бацька й маці.
За першыя 26 тыдняў бацькі будуць атрымліваць 100% зарплаты, за наступныя 26 тыдняў – 60%. Калі маці адразу заявіць, што хоча скарыстацца цэлым водпускам – 52 тыднямі, то цягам усяго гэтага часу яна будзе атрымліваць дапамогу ў памеры 80% сваёй зарплаты, - нагадвае выдaньне „Rzeczpospolita”.
аз