Logo Polskiego Radia
Print

Выехаў працаваць - і зьнік

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 03.11.2012 14:23
Шмат і беларусаў, і палякаў выязджае за мяжу, але часам іх сьлед проста зьнікае.
flickr.com

Калі ў краіне назіраецца цяжкая эканамічная сытуацыя, высокае беспрацоўе, нізкія заробкі, многія грамадзяне вырашаюць шукаць шчасьця за мяжою – выязджаюць у пошуках працы й лепшай долі ў іншыя дзяржавы. На жаль, часьцяком здараецца, што, ня ведаючы мовы, культуры краіны, або стаўшы ахвярай несумленных пасярэднікаў, гэтыя людзі трапляюць у складаныя ці нават вельмі небясьпечныя сытуацыі. Шмат і беларусаў, і палякаў выязджае за мяжу, але часам іх сьлед проста зьнікае.

У Польшчы пошукам зьніклых людзей займаецца фундацыя Ітака. Кожны год яна атрымлівае паведамленьні пра зьнікненьне каля 300 чалавек, якія выехалі за мяжу, і няма зь імі ніякага кантакту. Даволі часта здараецца, што гэта зьвязана зь несумленнай працай пасярэднікаў й наймальнікаў, а таксама слабой падрыхтоўкай кандыдатаў перад выездам на працу за мяжу, - гаворыць Івона Васіль з Фундацыі Ітака.

І. Васіль: Часьцей за ўсё гэтыя людзі выязджаюць за мяжу, каб працаваць у такіх краінах, як Вялікабрытанія, Нямеччына, Галяндыя, радзей Гішпанія. Чаму гэтыя людзі зьнікаюць? Перш за ўсё тут прычына ў тым, што яны лёгкадумна падыходзяць да пошукаў працы й падрыхтоўкі да выезду. Яны выязджаюць, не прадумаўшы, якім чынам падрыхтаваць сабе шляхі адступленьня ў выпадку нейкай нечаканай сытуацыі. Не правяраюць працадаўцаў, не рыхтуюць сьпісу нумароў тэлефону, куды можна пазваніць, калі б нешта здарылася. Гэта кантакты як там, на месцы, так і тут, у Польшчы, да сваякоў, да знаёмых або арганізацый, якія займаюцца дапамогай іншаземцам.

Фундацыя Ітака распачынае цыкл сустрэчаў: лекцый ды майстар-клясаў, з мэтаю паказаць, якія небясьпечныя сытуацыі могуць здарыцца ў выніку слабой падрыхтоўкі да працы за мяжою. Гэта адзін з элемэнтаў прафіляктыкі зьнікненьняў людзей. Юрыст фундацыі Ітака Гжэгаж Костка падкрэсьлівае, наколькі важныя хаця б элемэнтарныя веды пра краіну, куды мы намераныя ехаць працаваць:

Г. Костка: Праверыць, як выглядае масцовасьць, куды мы едзем, праверыць яе геаграфію. Гэта дапаможа нам знайсьці, напрыклад, чыгуначны або аўтобусны вакзал у выпадку неабходнасьці. Падрыхтаваць сабе сьпіс установаў, якія дапамагаюць іншаземцам, трымаць пры сабе тэлефоны ў гэтыя ўстановы. Даведацца, на якой замежнай мове можна дагаварыцца зь мясцовымі жыхарамі, вывучыць хаця б некалькі словаў, якія маюць для нас важны сэнс. Даведацца, колькі там каштуе штодзённае жыцьцё – колькі каштуе начлег, харчаваньне, ці можна беспраблемна знайсьці кампутар з інтэрнэтам, напрыклад, у інтэрнэт-кавярнях. Калі так, то колькі гэта каштуе.

Вельмі важна таксама праверыць бюро пасярэдніка па працаўладкаваньні ды свайго будучага наймальніка, - адзначае Гжэгаж Костка.

Г. Костка: Па меры магчымасьці трэба праверыць, ці гэтае прадпрыемства афіцыйна зарэгістравана, дзе яго галоўны офіс, пашукаць, скажам, у інтэрнэце, якая рэпутацыя ў дадзенай фірмы. Ёсьць розныя інтэрнэт-форумы, дзе мы можам даведацца, ці людзі, якія працавалі ў дадзенай фірме, былі задаволеныя працай, ці былі нейкія праблемы. Неабходна сабраць як мага больш інфармацыі пра дадзенага наймальніка. Мне здаецца, што многія людзі выязджаюць працаваць за мяжу ў вельмі аптымістычным настроі, крыху наіўна веручы, што ўсё будзе добра. Без падрыхтоўкі такі выезд можа быць вельмі небясьпечны.

У фундацыю Ітака часьцей за ўсё зьвяртаюцца сваякі маладых зьніклых людзей – да 30 гадоў. Такія асобы ня маюць або маюць вельмі малы досьвед на рынку працы, часта лёгка вераць у прыгожыя словы наконт цудоўных умоваў працы й пражываньня за мяжою. Частку зьніклых удаецца знайсьці – сярод імігрантаў-бяздомных, якія не жадаюць званіць да родных па ўласным жаданьні, паколькі ім сорамна за сытуацыю, у якую яны трапілі. Калі хтосьці з нашых слухачоў чытае й разумее польскую мову, і зьбіраецца на працу за мяжу, то можа знайсьці шмат карыснай інфармацыі на сайце www.bezpiecznapraca.eu, прысьвечаным падрыхтоўцы да выезду на працу за мяжу.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт