Як мы ўжо паведамлялі ў нашым эфіры, у Польшчы падрыхтаваны на польскай мове раман Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся у Гародні”. На жаль, радасьць ад выхаду аднаго з важнейшых твораў беларускіх аўтараў на польскай мове азмрочана атмасфэрай нязгоды паміж перакладчыцай раману й уладальнікамі выдавецтва, якое выдала кнігу. Яны не маглі пагадзіцца наконт загалоўку.
Прэм’ерная прэзэнтацыя кнігі адбылася 25 кастрычніка падчас кніжнага кірмашу ў Кракаве. Раман выдала выдавецтва “Афіцына 21”, якое стараецца вышукваць цікавыя творы, з якімі варта пазнаёміць палякаў. Караткевіч зацікавіў уладальнікаў выдавецтва даволі даўно, толкі рашэньне яго выдаць дасьпявала доўга. Дарэчы, дадзены пераклад геніальнага твору Караткевіча – гэта ня першая спроба выдаць у Польшчы Хрыста, які прызямліўся ў Гародні. Першы пераклад зрабіў шмат гадоў таму Чэслаў Сэнюх, але па розных прычынах кніга не пабачыла сьвет. Выдавецтва зьвярнулася да Сэнюха, але ў яго пераклад не захаваўся. Тады выбар быў зроблены – пераклад падрыхтавала Малгажата Бухалік. Цяпер жа яна абураецца, што выдавецтва зьмяніла яе назоў на свой, блізкі да арыгіналу, і такім чынам сапсавала кнігу, змарнаваўшы год яе працы.
М. Бухалік: Я вельмі доўга думала, і вырашыла даць назоў “Chrystus przeszedł do Grodna” (Хрыстос прыйшоў у Гародню – рэд.), а не „Chrystus wylądował w Grodnie” (даслоўны пераклад зь беларускай – рэд.). А выдаўцы далі гэты абсалютна абсурдны назоў. На жаль, я не атрымала гатовага тэксту, не магла зрабіць карэкціроўку. Я падазраю, што ў кнізе можа быць больш момантаў, з якімі я ня згодная. Я прасіла, каб выдавецтва не зьмяшчала майго прозьвішча на вокладцы, але не атрымала адказу. Цяпер ня ведаю, што зрабіць, ці падаць у суд. Я вельмі люблю Караткевіча, і мне шкада, што яго важная кніга была сапсаваная пры першым выданьні ў Польшчы. Гэта поўная адсутнасьць пашаны да таго, што робіць перакладчык.
З гэтымі закідамі ня згодная Малгажата Станевіч, выдаўвец кнігі. Яна адзначае, што выдавецтва падпісала дамову з перакладчыцай на пераклад, яна ўзяла ганарар за сваю працу, таму яе прозьвішча павінна быць зьмешчана ў кнізе. У сваю чаргу, дамоўленасьць са сваякамі Караткевіча абавязвае выдаўцоў трымацца як мага бліжэй арыгінальнага зьместу кнігі, а загаловак „Chrystus wylądował w Grodnie” як-раз падкрэсьлівае тую тонкую гульню, якая мае месца таксама ў кнізе.
М. Станевіч: У выніку дамовы з пляменьніцай Караткевіча мы ўзялі на сябе абавязацельства як мага бліжэй трымацца арыгіналу. На маю думку, гэта вельмі добры назоў. Мы стараемся аддаць доўг пісьменьніку. Калі нехта ведае кніжку Караткевіча, то разумее, што яе загаловак ня быў выпадковым. Гэта была ў пэўным сэнсе цікавая гульня. Я не хачу распавядаць пра зьмест кнігі, трэба з ім пазнаёміцца, каб зразумець, чаму назоў гучыць менавіта так – „Chrystus wylądował w Grodnie”.
Каля 25 гадоў таму пераклад раману Караткевіча зрабіў іншы перакладчык і папулярызатар беларускай літаратуры ў Польшчы – Чэслаў Сэнюх. Яго пераклад не захаваўся, таму выдавецтва не магло з ім супрацоўнічаць, але яго загаловак гучаў таксама, як назвала кнігу “Афіцына 21” - „Chrystus wylądował w Grodnie”. Калі б выкарыстаць назоў, які прапануе Бухалік (Хрыстос прыйшоў у Гародню), ён надаваў бы больш рэлігійны сэнс твору, а гэта няправільна, – мяркуе Чэслаў Сэнюх.
Ч. Сэнюх: Я, калі перакладаў гэтую кніжку, то даў літаральны пераклад на польскую мову. І мне здаецца, што так трэба паступіць. Калі назваць яе „Chrystus przyszedł do Grodna”, то гэта ставіла б справу ў кантэксьце сакральным, касцёльным, высокім. А „wylądował” гучыць умоўна, і гэтае слова тут як-раз трапнае.
Як бачым, згоды па справе назову няма. Такім чынам, застаецца спадзявацца, што чытачы ў Польшчы самі вырашаць, ці такі загаловак кнігі вялікага беларускага пісьменьніка, які дало яму выдавецтва, ім падабаецца. А “Хрыстос” прызямліўся ўжо ў польскіх кнігарнях.
нг