Беларусы лятаюць з Модліна
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
26.09.2012 13:57
З падваршаўскага лётнішча можна даляцець практычна ў кожны куток Эўропы.
Гэтага ніхто не чакаў. Падваршаўскае лётнішча Модлін, з якога ў сьвет адпраўляюцца самалёты танных авіялініяў, абслугоўвае ўсё больш іншаземцаў – чытаем у штодзёнцы „Dziennik – Gazeta Prawna”. На паркінгу каля аэрапорту стаіць шмат машын на беларускіх , расейскіх і ўкраінскіх нумарах. Томаш Жагліньскі з кампаніі Райанэр (Ryanair) адзначае, што грамадзяне суседніх з Польшчай на ўсходзе краін ёсьць сярод пасажыраў на амаль усіх трасах гэтай лініі.
Экспэрты мяркуюць, што колькасьць замежных пасажыраў будзе павялічвацца з кожным месяцам. Іх прыцягваюць дзьве авіялініі, якія зьяўляюцца патэнтатам на рынку танных палётаў і маюць густую сетку рэйсаў. З Модліна можна даляцець практычна ў кожны куток Эўропы. Пакуль што самалёты лятаюць пераважна ў лётнія курорты, але зімой паляцяць таксама ў месцы зімовага адпачынку. Гэта акно ў сьвет для беларусаў, расейцаў і ўкраінцаў, якія ў сябе ня маюць магчымасьці купіць настолькі танныя авіябілеты.
У выніку будаўніцтва лётнішча ў Модліне страціў частку пасажыраў аэрапорт у сталіцы. Ён абслужыў у жніўні на 6% пасажыраў менш, чым годам раней. Менш людзей лятае такскама з лётнішча ў Катавіцэ. Тымчасам Модлін разьвіваецца. З паловы ліпеня, калі ён пачаў працаваць, да канца жніўня, ён абслужыў звыш 300 тыс. асобаў. Пры такім тэмпе разьвіцьця ў наступным годзе праз аэрапорт пройдзе каля 2 млн. пасажыраў. А гэта ўдвая больш, чым яго прапускная здольнасьць. І гэта яшчэ не канец. Адміністрацыя порту плянуе, што неўзабаве з Модліна пачнуць лятаць самалёты таксама іншых лініяў, ня толькі Ryanair і Wizz Air, як цяпер. Таму дырэкцыя аб’екту плянуе яго разбудаваць, каб павысіць прапускную здольнасьць. Цяжэй за ўсё будзе атрымаць згоду ад уладаў, адказных за ахову навакольнага асяродзьдзя. Яшчэ падчас будаўніцтва існуючага тэрміналу былі актыўныя пратэсты эколягаў.
Dziennik - Gazeta Prawna/нг