Logo Polskiego Radia
Print

Індыя баіцца сатыры

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 12.09.2012 15:20
„Gazeta Wyborcza”: ілюстратар трапіў за краты за карыкатуры ўраду й нацыянальнай сымболікі.

/

У панядзелак 25-гадовы ілюстратар Асээм Трывэдзі з Бамбэю адмовіўся заплаціць залог. „Калі праўда робіць зь мяне здрадніка, то я хачу ім быць”, - адказаў ілюстратар судзьдзі й апынуўся ў арышце.

Трывэдзі падазраецца ў падрыўной дзейнасьці, за што пагражае да трох гадоў пазбаўленьне волі. Яго абвінавацілі пасьля іску аднаго зь юрыстаў, які пачуў сябе абражаным яго малюнкамі.

У плянах аўтара малюнкі былі часткаю грамадзкай кампаніі супраць карупцыі. На адным з малюнкаў індыйскі парлямэнт прадстаўлены як унітаз. На іншым – нацыянальны герб з ваўкамі, якія ашчэрылі клыкі, замест арыгінальных львоў. Подпіс: „Жыве карупцыя!”

Паводле камэнтароў, абвінавачаньні ў падрыўной дзейнасьці могуць не прайсьці, але Трывэдзі можна прыцягнуць да адказнасьці згодна з артыкулам, які забараняе выкарыстоўваць нацыянальныя сымбалі бяз згоды ўраду. За гэта пагражае два гады пазбаўленьня волі й штраф.

Індыйскія СМІ аднагалосна асуджаюць абвінавачаньні ілюстратара. Голасна пра справу й на сацыяльных парталах. „Трывэдзі не зрабіў нічога нелегальнага, нелегальным зьяўляецца таксама яго арышт”, - абураюцца прыхільнікі абвінавачанага.

Цэнтралевы ўрад адказвае, што ён за свабоду слова, але іншай справай зьяўляецца абраза нацыянальных сымбаляў. Правая апазыцыя таксама не абараняе ілюстратара.

Усё сьведчыць аб тым, што індыйскія палітыкі моцна раздражненыя, што праяўляецца стратаю пачуцьця гумару. У красавіку арыштавалі калькуцкага прафэсара, які разьмясьціў у сеціве карыкатуру прэм’ера. Ён да гэтага часу не пачуў абвінавачаньняў.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт