Расьце колькасьць выпадкаў хваробы Лайма
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
21.07.2012 08:00
Кляшчы асабліва актыўныя ў пэрыядзе ад раньняй вясны да позьняй восені.
pl.wikipedia.org
У Польшчы расьце колькасьць захворваньняў хваробай Лайма (барэліёзам), якая перадаецца праз укусы кляшчоў. Да канца чэрвеня толькі на поўдні краіны санітарна-эпідэміялягічныя службы зафіскавалі амаль 200 новых выпадкаў клешчавога барэліёза. Летась у аналягічны пэрыяд у згаданым рэгіёне было каля 140 выпадкаў.
Лекары перасьцерагаюць, што кляшчы жывуць ня толькі ў лясах, але таксама на лугах ці ў гарадзкіх парках. Згаданы факт пацьвярджаюць мэдыкі хуткай дапамогі ў горадзе Кросна на поўдні краіны, якія кожны дзень дапамагаюць як мінімум некалькім чалавекам пазбыцца ад гэтых небясьпечных павукападобных.
А калі ўжо клешч прычэпіцца да скуры, трэба яго хутка выцягнуць, - гаворыць лекар Агнешка Більска.
Агнешка Більска: Кляшча трэба выцягнуць адным рэзкім рухам. Ня трэба яго круціць ані не паліваць нечым. Калі ёсьць праблема з выдаленьнем, трэба накіравацца ў шпіталь, дзе гэта зробіць лекар. Найлепш выцягнуць кляшча адразу. Ня ўсе кляшчы небясьпечныя, але, паколькі пагроза існуе, то іх неабходна выцягваць.
Лекарка паясьняе, што эфэктыўнасьць дзеяньня розных прэпаратаў ад кляшчоў, якія даступныя на вольным рынку, непацьверджана. Зразумела, можна імі карыстацца, але найлепшай аховай зьяўляецца вопратка з доўгімі рукавамі й галаўны ўбор. Варта памятаць пра гэта асабліва ў выпадку дзяцей, - нагадвае Агнешка Більска.
Агнешка Більска: Цяжка ўсьцерагчыся ад кляшчоў у сьпёку, ці калі дзеці гуляюць у высокай траве ці пад дрэвамі. Сёлета кляшчоў сапраўды шмат. Таму абавязкова ўвечары - падчас душу, ці калі вяртаемся зь лесу альбо лугу, трэба абсьледаваць скуру дзіцяці.
Хвароба Лайма, якая перадаецца выключна праз укусы кляшчоў, можа выклікаць небясьпечныя наступствы. Калі яе своечасова не дыягназаваць і не лячыць, могуць паявіцца парушэньні ў працы суставаў, сэрца, нэрвовай сыстэмы й іншых ворганаў. Спэцыялісты падкрэсьліваюць, што кляшчы асабліва актыўныя ў пэрыяд ад раньняй вясны да позьняй восені.
аз