Logo Polskiego Radia
Print

„Мяч у гульні”

PR dla Zagranicy
Karolina Rusinowicz 29.06.2012 16:32
  • Мяч у гульні.mp3
Hя толькі з матчаў складаўся футбольны Чэмпіянат.

Яшчэ толькі адзін матч і стане вядомы пераможца футбольнага Чэмпіянату Эўра 2012. У нядзелю ў Кіеве адбудзецца фінал з удзелам зборных Італіі й Гішпаніі. Цягам чэрвеня жыхары й госьці польскіх гарадоў былі ўдзельнікамі вялікага футбольнага сьвята.

Аднак ня толькі з матчаў складаўся футбольны Чэмпіянат. Неад’емнай ягонай часткай сталі шматлікія культурніцкія мерапрыемствы. Сярод іх – Міжнародны конкурс на сатырычна-гумарыстычны малюнак „Мяч у гульні”, арганізатарам якога зьяўляецца Музэй карыкатуры імя Эрыка Ліпіньскага ў Варшаве.

На конкурс даслана 1200 працаў з 50 краінаў сьвету. Адгукнуліся ня толькі блізкія суседзі Польшчы: Расея, Нямеччына, Чэхія ці Ўкраіна. Удзелам у конкурсе зацікавіліся мастакі зь Вялікабрытаніі, Італіі, ЗША, Калюмбіі, Бразыліі, Альбаніі ці Індыі. Але найбольш за ўсё конкурснае журы цешылася з працаў, якія прыйшлі з, можна сказаць, такіх экзатычных куткоў, як Бірма, Інданэзія, Іран, Кастарыка ці Эгіпет.

Чаму Музэй карыкатуры заняўся футбольнай тэмай? Дырэктар музэя Зыгмунт Зарадкевіч, які зьяўляецца ініцыятарам конкурсу, кажа:

У крывым люстры сатыры найлепей адлюстроўваецца радасьць перамогі, горыч паразы, сьмех і сьлёзы, падсумаваныя алоўкам і пэндзлем. Усё, што ў футболе захапляе, і ўсё, што выклікае супраціў, намалявана з такім вялікім энтузіязмам, які суправаджае футбалістаў падчас матчу”.

Журы абрала ў другі конкурсны этап 295 працаў 216 аўтараў з 46 краін. Канчаткова было прызнана 5 конкурсных і 4 пазаконкурсныя ўзнагароды.

Жыхары й госьці польскай сталіцы маюць дасканалую нагоду пазнаёміцца з гэтымі працамі, паколькі экспазыцыя працаў пераможцаў вісіць у Барбакане ў гістарычнай частцы Варшавы – паміж Старым і Новым горадам. У суме выстава зьмяшчае 47 працаў.

Усіх, хто ў суботу паявіцца ў ваколіцах Барбакану ад 13-й да 15-й гадзіны, чакае сюрпрыз. Мастакі будуць ужывую маляваць карыкатуры ўсіх жадаючых.

З выставай працаў „Мяч у гульні”, якая зьяўляецца, можна сказаць, культурніцкім плёнам Эўра 2012, можна пазнаёміцца ў ваколіцах Барбакану да пянядзелку – 2 ліпеня. Аднак добрая навіна для тых, хто не пасьпее ў гэтыя дні наведаць польскую сталіцу. Ад панядзелку экспазыцыя пераедзе зусім непадалёк – у Музэй карыкатуры, які знаходзіцца па вуліцы Козей, 11. Там экпазыцыя будзе даступная да 16 верасьня. Такім чынам „Мяч у гульні” будзе яшчэ доўгі час.

КР

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт