Logo Polskiego Radia
Print

Рысь вяртаецца ў мазурскія лясы

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 15.06.2012 17:57
  • Рысь вяртаецца ў мазурскія лясы.mp3
Больш за 20 гадоў таму ў мазурскіх лясах жылі дзікія рысі. У 1987 годзе там загінула апошняя рысіная сям’я.

foto:
foto: Bernard Landgraf/Wikimedia Commons

Але цяпер гэтыя драпежнікі могуць вярнуцца ў Піскую пушчу, дзякуючы спробе аднаўленьня папуляцыі рысяў экалягічнай арганізацыяй WWF Polska. У сакавіку гэтага году ў польскія лясы трапілі чарговыя рысі. Гэтым разам драпежнікі прыехалі з Эстоніі.

Як адзначае прэс-сакратар арганізацыі Павал Сьрэдзіньскі, гэта працяг праекту, распачатага ў 2007 годзе.

П. Сьрэдзіньскі: У 2007 годзе арганізацыя засяляла рысі ў лясы пры дапамозе спэцыяльнага мэтаду рэінтрадукцыі, гэтак званага "born to be free", аўтарам якога зьяўляецца прафэсар Анджэй Кшывіньскі. Гэты мэтад палягае на тым, што асобнік, які жыве ў няволі, у гэтым выпадку самка, зацяжарвала. Пасьля яе разьмяшчалі ў адмысловым вальеры, дзе далёка ад людзей, дзесьці ў лесе нараджаліся малыя, там выхоўваліся, мелі магчымасьць выходзіць з вальеру й знаёміцца зь лесам. Пасьля некалькіх месяцаў наступаў натуральны момант у іх жыцьці, яны пакідалі самку й пачыналі самастойнае жыцьцё. У мінулым годзе мы палічылі гэтыя рысі й аказалася, што з 11 заселеных прысутнасьць 8 была пацьверджана. Столькі нам удалося пацьвердзіць у мазурскіх лясах. А цяпер да іх далучыліся рысі з Эстоніі.

З Эстоніі прыехалі два самца й адна самка. Як кажа Павал Сьрэдзіньскі кожная з рысяў мае ўжо імя…

П. Сьрэдзіньскі: Самку завуць Вялікая субота, бо менавіта ў Вялікую Суботу яе выпусьцілі ў лес. У выпадку самцоў мы папрасілі інтэрнаўтаў выбраць імёны. Былі абраныя Абарыс і Відар. Абодва імёны маюць сваё абгрунтаваньне, паходзяць зь міталёгіі й зьвязаныя з самотнасьцю, бо рысь – гэта самотны драпежнік. Гэтыя тры рысі маюць свае чыпы, дзякуючы чаму мы ведаем, дзе яны знаходзяцца. Мы ведаем, што яны палююць, вандруюць па розных месцах і што ім у мазурскіх лясах вельмі добра.

Павал Сьрэдзіньскі кажа, што тэрыторыя мазурскіх лясоў можа зьмясьціць ад 20 да 40 асобнікаў. У Польшчы, як адзначае эколяг, іх засталося вельмі мала – каля 200 рысяў.

П. Сьрэдзіньскі: Пры гэтым трэба памятаць, што гэта эўраазіяцкая рысь. Якая мае падгатункі - нізінная рысь, якая жыве ў паўночна-ўсходняй Польшчы, і карпацкая рысь. У Эўропе агулам засталося вельмі мала рысяў, асабліва ў Заходняй Эўропе, паколькі масава зьнішчаліся лясы, дзе жывуць гэтыя драпежнікі. Акрамя таго, рысяў забівалі. У Польшчы да 1995 году на рысь можна было паляваць. Гэта стала прычынай таго, што ў 1987 годзе ў мазурскіх лясах іх не засталося. Загінула апошняя.

Рысь прытрымліваецца буйных лясных масіваў. Аддае перавагу глухім участкам з густым падлескам і бураломам. Рысь вядзе сямейна-асобны спосаб жыцьця. Актыўная пераважна ўначы. Перамяшчаецца лёгка й бясшумна, можа лазіць па дрэвах. Здабычу высочвае або падпільноўвае ў засадзе на сьцежках, каля вадапою. Корміцца зайцамі, казулямі, вавёркамі.

Павал Сьрэдзіньскі адзначае, што здараецца чуць галасы, якія не разумеюць, навошта ратаваць рысь, драпежніка, які забівае казулі. Эколяг падкрэсьлівае, што лес – гэта вялікі сьвет, у якім рысь выконвае вельмі важную ролю.

П. Срэдзіньскі: У прыродзе існуюць драпежнікі, якія рэгулююць колькасьць іншых жывёл. У выпадку рысі – гэта пераважна казулі. Гэта натуральны працэс, на гэтым палягае багацьце лесу. А іх колькасьць зьмяншаецца пераважна па прычыне чалавека. Раней на рысь палявалі. Цяпер чалавек зьмяншае тэрыторыю, на якой рысі маглі б жыць, знайсьці ежу й партнэра.

Многія ня ведаюць, што рысь, у адрозьненьні, напрыклад, ад ваўкоў, бясьпечная для чалавека. Рысь, калі пабачыць чалавека, паціху ўцякае. Звычайна, калі адбываецца сустрэча рысь-чалавек, то чалавек нават не заўважыць, што побач зь ім быў драпежнік.

На тэрыторыі Польшчы жыве каля 200 рысяў. Для параўнаньня, у Беларусі налічваецца 400—450 асобнікаў, зь іх больш 3/4 жыве ў Берасьцейскай, Менскай і Віцебскай абласьцях. Характэрна ў Белавескай пушчы. З 1981 году ў Беларусі адстрэл рысі забаронены. Від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Веслаў Моляк/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт