Па працэдурных прычынах працэс Радка Младзіча ў Міжнародным судзе адтэрмінаваны на нявызначаны час.
Судзьдзя Альфонс Оры патлумачыў, што адтэрміноўка зьвязаная з "сур'ёзнымі памылкамі" зьдзейсьненымі пракурорам, які не прадставіў адвакатам Младзіча ўсе сабраныя доказы.
Нагадаем, судовы працэс былога камандзіра войскаў басьнійскіх сэрбаў пачаўся ўчора ў Гаазе ў Міжнародным судзе па ваенных злачынствах у былой Югаславіі.
Акт абвінавачаньня зьмяшчае 11 пунктаў датычных ваенных злачынстваў. Сярод іх забойства васьмі тысяч мусульманскіх мужчын і хлопцаў у Срэбрэніцы падчас вайны на Балканах у гадах 1992-95.
З абвінавачаньняў вынікае, што салдаты Младзіча зьдзяйсьнялі жудасныя злачынствы. Абвінавачаньне зьмяшчае, між іншым, інфармацыю аб сэксуальных злачынствах, ахвярамі якіх былі як жанчыны, так і мужчыны. Адна з ахвяр расказала, што падначаленыя Младзіча забілі яе маці й брата, а яе згвалцілі 50 чалавек.
Меркаваньнем камэнтатараў, абвінавачаньні ў адрас 70-гадовага сёньня Младзіча датычаць найбольш жудасных злачынстваў ад часу Другой сусьветнай вайны. Палова абвінавачаньняў была адменена, каб прысьпешыць судовы працэс.
Генэрал Радка Младзіч хаваўся ад заканчэньня балканскай вайны. Летась 26 траўня ён быў затрыманы ў вёсцы Лазарэва ў Сэрбіі. Праз пяць дзён быў выдадзены Міжнароднаму суду ў Гаазе.
Падрыхтоўчы працэс, у параўнаньні зь іншымі падобнымі працэсамі, працягваўся вельмі каротка, - кажа Марта Шпаля з Цэнтра усходніх дасьледаваньняў.
Марта Шпаля: Суд зацікаўлены ў тым, каб прысудзіць Радка Младзіча. Каб не паўтарылася сытуацыя як са Слабаданам Мілошавічам, які ня быў асуджаны. Ён памёр у турме ў Гаазе. А Радка Младзіч ужо й стары й хворы.
Радка Младзіч абвінавачаны ў генацыдзе ў Срэбрэніцы і ў іншых басьнійскіх мясцовасьцях, а таксама ў аблозе Сараева, якая доўжылася тры гады. Акрамя гэтага ў выгнаньні жыхароў з розных мясцовасьцяў Босьніі й Герцэгавіны. Агулам абвінавачаньняў высунута больш за 200. Пракурор вырашыў абмежавацца да найбольш жудасных.
Тое, што Младзіч хутка быў перададзены ў Гаагу сьведчыць, што сэрбскія улады былі ў гэтым зацікаўленыя.
Марта Шпаля: Гэта Эўразьвяз выставіў патрабаваньне Сэрбіі менавіта па пытаньні арыштаваньня трох найбольш жорсткіх ваенных злачынцаў балканскай вайны – Хадзіча, Младзіча і Карадзіча. Такім чынам ЭЗ прымусіў сэрбскія ўлады арыштаваць і выдаць гэтых злачынцаў. А насамрэч, у Сэрбіі ёсьць вялікая група людзей, якія лічаць гэтых трох мужчын нацыянальнымі героямі.
І гэта праблема разыходжаньняў і падзелаў паміж сэрбскім грамадзтвам і дзяржаўнымі ўладамі.
Марта Шпаля: Сапраўды сэрбы лічаць, што Міжнародны суд несправядліва ставіцца да іх нацыі, што да харватаў, альбанцаў ці басьнійцаў, якія таксама зьдзяйсьнялі злачынствы, ставіцца больш лагодна й выдае больш лагодныя прысуды і ў меншай колькасьці. Аднак трэба памятаць, што найбольш злачынстваў падчас балканскай вайны зьдзяйсьнялі менавіта сэрбы й гэтым абгрунтаваная гэтая дыспрапорцыя.
Судзьдзі Міжнароднага суду працягваюць аналізаваць "маштаб і ўсе наступствы" памылак пракурора - адзначыў судзьдзя Альфонс Оры, і сказаў, што што будзе імкнуцца вызначыць "як мага хутчэй" дату аднаўленьня працэсу.
Адвакат Младзіча прапанаваў прыпыніць працэс на шэсць месяцаў.