Logo Polskiego Radia
Print

Замежная дапамога пад пытаньнем

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 08.12.2011 16:06
  • Замежная дапамога пад пытаньнем.mp3
Эўрапейскія краіны, у тым ліку й Польшча, асудзілі жорсткі прыгавор Алесю Бяляцкаму.

фото:
фото: www.fakty.interia.pl

Афіцыйная Варшава зявіла, што апроч маральнай падтрымкі, возьме ўдзел у кампэнсацыі стратаў беларускага праваабаронцы. Ці магчыма гэта зрабіць у сёньняшніх умовах?

Пра намер кампэнсаваць страты “Вясны” ды Алеся Бялацкага ў сувязі з канфіскацыяй маёмасьці казаў на мінулым тыдні міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Падчас Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства польскі міністар заявіў, што ягоная краіна кампэнсую частку страчанай маймасьці беларускаму праваабаронцу, рашэньне ў гэтай справе ўжо прынятае. Падрабязнасьці польскі службоўца не падаваў, каб не зашкодзіць справе. Больш канкрэтныя прапановы гучалі ў польскіх СМІ. Напрыклад, польскі бок мог бы дапамагчы кампэнсаваць канфіскаваную кватэру, дзе знаходзілася сядзіба правабараночнага цэнтру „Вясна”. Аднак польскаму боку будзе няпроста рэалізаваць свае намеры. Справа ў тым, што сёньня любая замежная матэрыяльная дапамога забароненая ў Беларусі, кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Валянцін Стэфановіч: Гэтага няма ды ня можа быць, атрыманьне такой дапамогі толькі пагоршыць справу. Цяпер такую дапамогу ніхто ня можа атрымліваць без дазволу адпаведных інстанцыяў. Затое можна казаць пра маральную падтрымку, і такая падтрымка аказваецца. Міністар замежных справаў Сікорскі ў курсе таго, што адбываецца ў Беларусі. Ён выказваў ня раз падтрымку “Вясьне” ды асабіста жонцы Бяляцкага.

Нядаўна беларускія ўлады ўнесьлі зьмены ў заканадаўства ды ўвялі крымінальную адказнасьць за атрыманьне замежнай дапамогі для грамадзкіх арганізацыяў ды фізычных асобаў. Гэткімі крокамі ўлады хочуць запалохаць грамадзтва ды апанэнтаў, кажа палітоляг Аляксандар Лагвінец.

Аляксандар Лагвінец: Рэжым, спрабуючы абмежаваць падтрымку праваабаронцам ды грамадзкім актывістам, відавочна перасьцерагаецца іх уплыву на грамадзтва. Нічога новага ў гэтых кроках улады няма. Гэтаксама сябе паводзілі іншыя дыктатары. Аднак нават у гэтых умовах можна знайсьці мэханізмы дапамогі людзям, якія церпяць ад палітычных рэпрэсіяў.

Адным з мэханізмаў можа стаць больш інтэнсіўная праца зь Беларусьсю з-за мяжы. Частка арганізацыяў сацыяльная ды гуманітарнага кашталту будуць спрабаваць легалізаваца ў Беларусі, зазначае палітоляг Юры Чавусаў.

Юры Чавусаў: Наступствам справы Бяляцкага ды асабліва ўвядзеньня новых паправак у заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе, уключна з крымінальнай адказнасьцю за парушэньне вызначанага парадку, будзе тое, што большая частка грошай перастане паступаць у Беларусь ды будзе асядаць у структурах, якія працуюць на Беларусь па-за межамі краіны. Альбо больш донараў, фондаў, якія прадстаўляюць грошы для гуманітаных мэтаў, будуць больш зьвяртацца ў дэпартамэнт па гуманітарнай дзейнасьці для атрыманьня дазволу. У сёньняшніх умовах гэта істотная сума для беларускага рэжыму. За першую палову году праз гэты дэпартамэнт прайшло каля 100 мільёнаў даляраў, што на 20% больш, чым год таму.

У сваю чаргу праваабаронца Алена Танкачова заўважае, што некалі польская „Салідарнасьць”, якая змагалася за правы чалавека ў нашмат больш складаных умовах, атрымлівала дапамогу. Беларуская грамадзянская супольнасьць існуе ў зусім іншых абставінах.

Алена Танкачова: Сапраўды, існуе непрыхільнае юрыдычнае атачэньне, створанае беларускім урадам для празьмернага ўмяшальніцтва ў пытаньні добрачыннай ды некамэрцыйнай дзейнасьці. Тым ня менш, працягваюць існаваць напрацаваныя сувязі ды камунікацыі паміж беларускімі ды замежнымі няўрадавымі арганізацыямі. Працягваюць існаваць формы супрацы ды сумесных узаемных мерапрыемстваў. Трэба шукаць далей тыя варыянты, якія будуць адпавядаць мэтам беларускіх ды замежных некамэрцыйных арганізацыяў. Менавіта па гэтым шляху ўзаемадзеяньня ды супрацы варта ісьці далей.

З пачатку гэтага году беларускія ўлады ня спыняюць ціску на палітычных апанэнтаў ды грамадзкіх актывістаў. За сваю прафэйсную дзейнасьць за краты трапіў праваабаронца Алесь Бяляцкі. Абмяжоўваецца любая замежная добрачынная ды некамэрцыйная дапамога. У гэтых умовах грамадзкія арганізацыі павінны больш супрацоўнічаць, падтрымліваць узаемна адзін аднаго ды не забываць пра бясьпеку, лічаць прабааваронцы.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт