Logo Polskiego Radia
Print

Дам працу сваякам...

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 08.11.2011 16:21
  • Дам працу сваякам.mp3
Беларускае выданьне «Ежедневник» піша пра чарговыя зьмены ў заканадаўстве.

/

Улады ўнесьлі ў парлямэнт папраўкі ў закон аб барацьбе з карупцыяй. Папраўкі датычаць забароны прымаць на дзяржаўную службу блізкіх сваякоў.

Паводле сёньняшняга заканадаўства, закона аб барацьбе з карупцыяй, не дазваляецца сумеснае праходжаньне дзяржаўнай службы для блізкіх сваякоў чыноўнікаў ці асобаў, зь якімі яны знаходзяцца ў шлюбе, асабліва калі тыя ім падпарадкаваныя. Больш падрабязна тлумачыць юрыст Уладзімір Лабковіч.

Уладзімір Лабковіч: Калі сыходзіць з заканадаўства, то нэпатызм наўпрост забаронены. Ня можа быць такога, каб кіраўнік меў сярод падначаленых, непасрэдна ад яго залежных, блізкіх сваякоў. Гэтыя абмежаваньні датычуць і дзяржаўных службоўцаў. У сувязі з гэтым ёсьць пытаньне ў дачыненьні да дарадцы прэзыдэнта і старэйшага сына. Гэтае пытаньне неаднаразова задавалася, на жаль рытарычна.

Новыя папраўкі зьмяняюць гэтую сытуацыю. У новай вэрсіі закона гаворыцца, што абмежаваньні па сумеснай дзяржаўнай службе устанаўліваюцца заканадаўчымі актамі. Паводле журналістаў, гэта значыць, што цяпер рашэньне пра сумесную дзяржслужбу блізкіх сваякоў будзе залежыць ад падзаконных актаў, якія могуць быць прынятыя рознымі ведамствамі. Гэта значна пашырае магчымасьці для нэпатызму ў дзяржаўных ворганах. Калі ўзгадаць шэраг іншых паправак у заканадаўства, прынятых у гэтым годзе, то можна зрабіць выснову, што ўлады разьвязваюць сабе рукі, кажа аглядальнік Аляксандар Класкоўскі.

Аляксандар Класкоўскі: У гэтым можна ўбачыць пэўны трэнд. Улада канчаткова падмінае заканадаўства пад сябе. Фактычна гэта ўсё ідзе насуперак Канстытуцыі, якую ў свой час Лукашэнка перарабіў пад сябе. Нядаўна быў прыняты „антырэвалюцыйны пакет паправак” у самыя розныя законы. Мы бачым, што кожнае ведамства, кожны сілавік, пачынае перапісваць законы пад сябе. Сутнасьць гэтых заканадаўчых навэлаў менавіта такая, што разьвязваюцца рукі для ўлады.

Першым, каго закрануць гэтыя папраўкі, будзе адзін з сыноў Лукашэнкі Віктар, які вось ужо некалькі год працуе дарадчыкам у бацькі па нацыянальнай бясьпецы. На думку палітоляга Аляксандра Лагвінца, на гэтыя папраўкі трэба глядзець шырэй. Гэта ня толькі адкрыцьцё далейшай дарогі для дзяцей Лукашэнкі ва ўладу, але й плата для намэнклятуры за лаяльнасьць.

Аляксандар Лагвінец: Магчыма гэта падрыхтоўка да таго, каб Віктар Лукашэнка пачаў больш заўважную палітычную кар’еру ва ўрадзе або як адзін з вэртыкальшчыкаў. Зь іншага боку, гэта можа быць спробай паўплываць на меркаваньне намэклятуры. На месцах ёсьць шмат крэўных людзей, якія займаюць пазыцыі ў намэнклятуры. Гэта сваеасаблівая алігархізацыя беларускага рэжыму. Улады цудоўна разумеюць, што лаяльнасьць гэтых людзей зьяўляецца адным з апірышчаў рэжыму.

Восень 2011-га году стала багатай на розныя папраўкі ў заканадаўства. У верасьні быў прыняты цэлы „антырэвалюцыйны пакет законаў”, які забараніў любыя грамадскія пратэсты ды абмежаваў грамадзкую ды палітычную дзейнасьць. На разгляд дэпутатаў чакае праект паправак у закон аб дзейнасьці спэцслужбаў. Цяпер уносяцца чарговыя папраўкі аб сумеснай службе блізкіх сваякоў.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт