У ім прымала ўдзел моладзь з 37 краінаў. Праграма мерапрыемства была вельмі насычанай, яна зьмяшчала сэмінары, панэльныя дыскусіі ды сустрэчы зь цікавамі асобамі са сьвету палітыкі й бізнэсу.
Удзел у форуме – гэта таксама дасканалая нагода для ўсталяваньня новых бізнэс-кантактаў і абмену досьведам. І падаецца, што менавіта новыя кантакты зьяўляюцца для моладзі самым галоўным, напрыклад, для Крыстыны Дэрвэль з Малдовы.
Крыстына Дэрвэль: Новыя кантакты, новы досьвед, які мы атрымліваем ад новых сяброў. Я ўпершыню прыехала на гэты форум. Я пазнаёмілася са шматлікімі людзьмі й спадзяюся, што нам удасца пачаць сумесныя праекты.
Яраслаў Лісавец з Украіны зьяўляецца ўдзельнікам праграмы „Валянтэрства празь мяжу”, якая ладіцца польскім Сэнатам.
Яраслаў Лісавец: Я атрымаў запрашэньне прыняць удзел у праграме „Валянтэрства празь мяжу”. Часткай гэтай праграмы зьяўляецца ўдзел у Эканамічным форуме, што, на маю думку, прыцягальна нават для людзей, якія не цікавяцца эканомікай. Ён карысны для актыўных людзей, якія цікавяцца мэнэджэмэнтам, палітыкай, падзеямі ў Эўропе. Было шмат цікавых гасьцей, напрыклад, прэзыдэнты Грузіі ці Эквадору. Я знайшоў тут новых сяброў і новыя кантакты з многімі арганізацыямі з розных краінаў, што ў будучыні паспрыяе разьвіцьцю супрацы.
Маладыя лідары не былі пасыўнымі слухачамі панэльных дыскусіяў. Яны актыўна шукалі адказы на хвалюючыя іх пытаньні й праблемы, зазначае Маргарыта Кірылава з Малдовы.
Маргатыта Кірылава: Падчас форуму я атрымала шмат карыснай інфармацыі, паявіліся розныя ідэі, якія добра б было рэалізаваць у жыцьці, напрыклад, прапанова аб спрошчаным візавым рэжыме для студэнтаў. Магчыма, ня толькі для студэнтаў, але для студэнтаў, з маёй пэрспэктывы, на дадзены момант гэта вельмі істотнае пытаньне. Яшчэ- спосабы выкарыстаньня энэргіі зь невычэрпных рэсурсаў, як сонца ці вецер, бо Зямля – яна ня вечная.
Як штогод, у форуме прымалі ўдзел маладыя беларусы, сярод іх Алесь Зарэмбюк.
Алесь Зарэмбюк: Нягледзячы на ўвесь гэты кашмар, які цяпер адбываецца ў Беларусі, я маю на ўвазе сытуацыю ў беларускай палітыцы й эканоміцы, беларуская моладзь пазытыўна глядзіць у будучыню. Мы размаўляем пра тое, што мы будзем рабіць пасьля зьмены сыстэмы, пасьля таго, як гэтаму рэжыму прыйдзе канец. Вельмі важна не дапусьціць такіх памылак і вынесьці ўрок з досьведу трансфармацыі нашых суседзяў, у першую чаргу Прыбалтыкі, бо й яны калісьці былі ў СССР, а таксама Польшчы, Чэхіі ды іншых краіна Новай Эўропы.
Моладзь мела магчымасьць сустрэцца й паразмаўляць з асобамі зь першых старонак сусьветнай прэсы, напрыклад, з прэзыдэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі ці былой прэзыдэнткай Эквадору Расаліяй Артэгай.
Расалія Артэга: Вельмі цікавыя дыскусіі сусьветных прафэсараў з моладзьдзю. Я вельмі задаволеная магчымасьцю ўдзелу ў гэтым форуме ў Новым Сончы. Я зь вялікім задавальненьнем размаўляла з моладзьдзю з розных краін. Мне вельмі хочацца, каб у гэтым мерапрыемстве пачала прымаць удзел лацінаамэрыканская моладзь.
VІ Эканамічны форум маладых лідараў завершыўся ў суботу. Ён зьяўляўся партнэрскай імпрэзай Эканамічнага форуму ў Крыніцы. Польскае радыё для замежжа аказвала інфармацыйную падтрымку абодвум мерапрыемствам.
Караліна Русіновіч