Logo Polskiego Radia
Print

72-я гадавіна Другой сусьветнай вайны

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 01.09.2011 15:40
  • 72-я гадавіна.mp3
У Польшчы пачаліся ўрачыстасьці ў памяць аб 72-ой гадавіне пачатку Другой сусьветнай вайны.

/

Удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах бяруць кіраўнікі польскай дзяржавы ды ўраду. Сёньня, узгадваючы тую вайну, польскія палітыкі кажуць пра неабходнасьць ушаноўваць абаронную здольнасьць краіны.

Сёньня - 72-я гадавіна пачатку Другой сусьветнай вайны. Гэта быў найбольшы ўзброены канфлікт у гісторыі чалавецтва. Вайна доўжылася 6 гадоў, у ёй ўдзельнічала 61 дзяржава, мабілізавана больша за 110 мільёнаў жаўнераў, загінула больш за 55 мільёнаў чалавек. Сярод іх было каля 6 мільёнаў жыхароў Польшчы ды больш за 2 мільёны жыхароў Беларусі.


Вайна пачалася нападам нямецка-фашысцкіх войскаў на Польшчу 1-га верасьня 1939 году. Вось так выглядалі тыя апошнія перадваенныя дні ў Гданську, свабодным горадзе. Мар’ян Хадацкі, міністар ды апошні польскі камісар у Гданьску, узгадваў пачатак вайны ў 1964 годзе на хвалях Радыё “Свабодная Эўропа”.

Марцін Хадацкі: У параўнаньні зь мінулай восеньню сытуацыя ў Гданьску пагаршалася з дня на дзен. Горад цалкам быў абвешаны свастыкай. На мяжы Гданьска ды Гдыні была пракладзена даўжэзная паласа калючага дроту. У глыбіні нямецкай тэрыторыі былі падрыхтаваныя артылерыйскія пазыцыі. У свабодным горадзе, дзе нельга было мець войска, стаялі перапоўненыя казармы з рэкрутамі з Рэйху.

Другой трагічнай датай для Польшчы стаў дзень 17-га верасьня, калі з усходу Польшчу заатакавала Чырваная армія. Да 5-га кастрычніка ўся тэрыторыя тагачаснай Польшчы апынулася пад акупацыяй. Пра тое, што Польшча засталася адна ў барацьбе зь гітлераўцамі, узгадваў у 1959 годзе на хвалях Рады “Свабодная Эўропа” генэрал Фэліцыян Славай-Складоўскі, апошні прэм’ер-міністар даваеннай Польшчы.

Фэліцыян Славай-Складоўскі: Першыя тры дні вайны мы змагаліся самі. Толькі наша рашучая пазыцыя змусіла ўрады Ангельшчыны ды Францыі абвесьціць вайну Гітлеру. Аднак абяцаная дапамога для нас у выглядзе нападу на немцаў з захаду не прыйшла.

Сёньня раніцай у Польшчы пачаліся ўрачыстыя мерапрыемствы ў памяць аб чарговай гадавіне вайны. Польскі прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі ўшанаваў памяць загінулых у Вэнгерскай Гурцы ў Сілезіі, дзе ў 1939 годзе ішлі жорсткія баі. Ён узгадаў таксама іншыя месцы, дзе палякі мужна й зацята змагаліся з агрэсарам.

Браніслаў Камароўскі: Гэта тут, у Вэнгерскай Гурцы ды іншых месцах у Польшчы - ад Бэскідаў па Вэстэрплятэ, - ішлі жорсткія баі. Тады, у 1939 годзе, мы паказалі, што мы - нацыя, у якой ёсьць воля да барацьбы ды сіла духа, каб змагацца за свае правы.

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск узяў удзел ва ўрачыстасьцях, якія адбыліся на Вэстэплатэ ў Гданьску - месцы, якое першым прыняло на сябе ўдар гітлераўцаў. Польскі прэм’ер падкрэсьліў у сваім выступе, што нельга жыць у мроях і самападмане, і гэтаму палякаў навучыла дата 1-га верасьня 1939 году.

Дональд Туск: Мы ня можам жыць ілюзіямі. Саюзьнікі ды пакты – гэта важная рэч, але ў сытуацыі пагрозы, калі мы самі ня зможам абараняцца, калі не пакажам, што мы добра падрыхтаваныя, нас можа чакаць расчараваньне. Мы не застрахаваныя ад расчараваньняў у саюзьніках, бо ніхто не абароніць нас лепш, чым мы самі.

Прайшло 72 гады з пачатку Дпугой сусьветнай вайны, аднак войны ў сьвеце не спыніліся. Сёньня - гадавіна адной зь меншых, але сучасных войнаў. Сем гадоў таму, 1 верасьня 2004 году, тэрарысты заатакавалі школу ў паўночнаасэтынскім горадзе Бяслан. У выніку гэтага нападу ды апэрацыі па вызваленьні школы загінулі 385 чалавек, у тым ліку 170 дзяцей.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт