Logo Polskiego Radia
Print

Чаму разьбіўся самалёт прэзыдэнта Качыньскага?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 29.07.2011 14:59
  • Чаму разьбіўся самалёт прэзыдэнта Качыньскага.mp3
Урад Польшчы прадставіў альтэрнатыўную справаздачу аб прычынах катастрофы.

/

Сёньня ў Варшаве камісія пад кіраўніцтвам міністра ўнутраных справаў Польшчы Ежы Мілера прадставіла рапарт аб прычынах авіякатастрофы, у якой загінуў прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі. Камісія Мілера вяла рассьледаваньне паралельна з Міждзяржаўным авіяцыйным камітэтам, які прадставіў свае высновы ў студзені гэтага году. Рапарт Мілера павінен быў скамэнтаваць справаздачу міжурадавай камісіі, разьвеяць апошнія сумневы наконт прычынаў трагедыі, а таксама ўказаць вінаватых.

Што ж удалося высьвятліць экспэртам? Прычынай катастрофы сталі грубыя памылкі польскіх пілётаў і расейскіх дысьпетчараў, а таксама дрэннае абсталяваньне аэрадрому ў Смаленску.

Экіпаж у апошнія сэкунды загадаў аўтапілёту набіраць вышыню й пайсьці на другі заход, але лётчыкі ня ведалі, што бартавы кампутар ня ўстане выканаць гэтага манэўру на аэрадроме, які ня мае радыёмаяковай сыстэмы заходу на пасадку. Смаленскі аэрадром яе ня меў. Каб высьвятліць акалічнасьці катастрофы, камісіі спратэбіліся тысячы гадзінаў крапатлівай працы – кажа Ежы Мілер.

Е. Мілер: Бяз гэтых экспэртызаў, якія доўжыліся часта тысячы гадзінаў, мы не маглі б вам сёньня паведаміць, што экіпаж усё-такі вырашыў пайсьці на другі заход. Я хачу падкрэсьліць гэты факт, бо некаторыя экспэртныя заключэньні сьцьвярджаюць, што экіпаж вырашыў садзіцца, не зважаючы на надвор’е. Не, яны не былі самагубцамі – яны вырашылі: “Пойдзем на другі круг, бо ўмовы надвор’я не дазваляюць нам сесьці на паласу аэрадрому”.


Самалёт, аднак, не набраў вышыні й сутыкнуўся з дрэвам.

Да трагічнага фіналу прывяла недастатковая падрыхтоўка пілётаў. Камандзір карабля ў апошнія крытычныя сэкунды адначасова кіраваў самалётам, вёў перамовы з дыспэтчарамі, а таксама камандваў экіпажам. Таму ён не пачуў каманды авіядыспэтчара пра тое, што машына знаходзіцца ўбаку ад пасадачнай траекторыі й не выправіў курсу.

Расейскі дысьпетчар, бачачы, што самалёт знаходзіцца занадта нізка, павінен быў загадаць пілётам набіраць вышыню, але своечасова гэтага не зрабіў. Ён дрэнна ведаў радар аэрадрому й падаваў экіпажу памылковыя дадзеныя пра становішча самалёту – кажа сябра камісіі Веслаў Ядыняк.

В. Ядыняк: Дысьпетчар аэрадрому ў Смаленску падаваў экіпажу памылковую інфармацыю пра пазыцыю самалёту. Гэта таксама паўплывала на тое, што экіпаж своечасова не ўсьведаміў, што робіць нешта ня так. Акрамя таго, калі самалёт парушыў траекторыю пасадкі ды пачаў хутка набліжацца да зямлі, дыспэтчар не загадаў ім перайсьці да гарызантальнага палёту й пайсці на другі заход. Ён зрабіў гэта занадта позна.

Польскія палітыкі задаюць пытаньне: хто павінен адказаць за дрэнную падрыхтоўку вайсковых пілётаў, якія сядзелі за штурвалам прэзыдэнцкага авіяляйнэра? На думку многіх, у адстаўку павінен быць адпраўлены міністар абароны Богдан Кліх. Гэта павінен вырашыць прэм’ер – кажа сябра Польскай сялянскай партыі Станіслаў Жэліхоўскі.

С. Жэліхоўскі: Магчыма, прэм’ер прыме такое рашэньне. Я ў сваю чаргу абураны масай элемэнтарных памылак, якія былі дапушчаныя. Гэта цуд, што такая трагедыя адбылася толькі адзін раз, а ня некалькі. Цяпер надыйшоў час вучыцца на памылках. Экспэрты выканалі добрую працу. Я ўражаны іх прафэсыяналізмам і ня маю да чаго дачапіцца.

Справаздачай, аднак, задаволеныя ня ўсе. Прычыны катастрофы можна будзе высьветліць толькі тады, калі абломкі будуць абсьледаваныя ў Польшчы – перакананы бацька загінулага дэпутата Пшэмыслава Гасеўскага Ян.

Я. Гасеўскі: Крыўдна гэта слухаць! Найбольш крыўдна слухаць бацькам і жонкам пілётаў, бо гэтая справаздача перакладае віну на тых, каго ўжо няма ў жывых, хто ня можа абараняцца. І няма нічога горшага за тое, каб звальваць віну на загінулых.

Справаздача камісіі Ежы Мілера аб прычынах крушэньня авяіляйнэра прэзыдэнта Польшчы выкрыла абуральныя прабелы ў падрыхтоўцы пілётаў і дрэнную арганізацыю палёту. Ніякіх радыкальна новых сэнсацыйных фактаў, аднак, не прагучала – канстатуюць экспэрты.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт